Інавацыі ў сістэме адукацыі

Напярэдадні новага навучальнага года міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч у ходзе online-канферэнцыі на сайце БЕЛТА расказаў пра новаўвядзенні ў сістэме адукацыі краіны, якіх трэба чакаць у 2013 годзе.

Сярод пытанняў, што выклікалі найбольшую цікавасць: правядзенне ў 2013 годзе вуснага абавязковага экзамену па замежнай мове за адзінаццаты клас школы, выкарыстанне ў навучальным працэсе планшэтаў і нэтбукаў, навучанне без адзнак у пачатковай школе, перспектывы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі.

Многіх будучых выпускнікоў хвалюе пытанне аб увядзенні новага экзамену. Як паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, летам 2013 года беларускія адзінаццацікласнікі ўпершыню здадуць абавязковы экзамен па гутарковай замежнай мове. «Лічу, што выпускны экзамен па замежнай мове будзе садзейнічаць дасягненню выпускнікамі школ узроўню свабоднага валодання гутарковай замежнай мовай», – сказаў міністр адукацыі.

Да правядзення такога іспыту рыхтаваліся загадзя. Яшчэ ў 2009 годзе кіраўніком дзяржавы перад сістэмай адукацыі была пастаўлена задача актывізаваць работу ад школы да ВНУ, накіраваную на дасягненне выпускнікамі школ узроўню свабоднага валодання гутарковай замежнай мовай. У лістападзе таго ж года грамадскасць была праінфармавана аб планах правядзення ў 2012/2013 навучальным годзе выпускнога экзамену па замежнай мове. З 1 верасня 2010 года колькасць гадзін, адведзеных на вывучэнне замежнай мовы, была павялічана на адну. А з 2010/2011 навучальнага года ўсе класы былі падзелены на 3 групы – не менш за 6 і не больш за 10 вучняў. Прычым падзел праводзіўся незалежна ад напаўняльнасці класа. Падрыхтаваны ўзоры экзаменацыйных білетаў і метадычныя рэкамендацыі, якія публікаваліся ў навукова-метадычным прадметным часопісе «Замежныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь». Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам падрыхтаваны зборнікі матэрыялаў да выпускнога экзамену, якія ўключаюць гукавы дадатак. Адкарэкціраваны змест сістэмы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў замежнай мовы: уведзены практычны моўны модуль, арганізуюцца майстар-класы, выступленні аўтараў нацыянальных навучальна-метадычных комплексаў, выязныя курсы і семінары.

Пры ўзрастаючым захапленні школьнікаў камп’ютарамі і мабільнымі ўстройствамі чаканай была пазітыўная рэакцыя грамадскасці на правядзенне эксперыменту па выкарыстанні ў навучальным працэсе планшэтаў і нэтбукаў. Настаўнікі і школьнікі, якія прынялі ўдзел у эксперыменце, падтрымалі такое новаўвядзенне. І ўсё часцей сталі паступаць прапановы ўкараніць гэту форму навучання ва ўсіх навучальных установах краіны.

Сяргей Маскевіч адзначыў, што пры наяўнасці адпаведнай матэрыяльнай базы, кваліфікацыі педагагічных работнікаў, вывучэнні адносін удзельнікаў адукацыйнага працэсу да выкарыстання індывідуальных электронных устройстваў у адукацыйным працэсе, да эксперыменту могуць далучацца і іншыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

Міністр расказаў, што першапачаткова ў 2011/2012 навучальным годзе на базе пяці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі быў рэалізаваны эксперыментальны праект «Апрабацыя мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных устройстваў ва ўстановах адукацыі». Агульнае кіраванне эксперыментальнай дзейнасцю ажыццяўляў Нацыянальны інстытут адукацыі. Цяпер вынікі эксперыментальнай апрабацыі розных індывідуальных электронных устройстваў абагульнены і сістэматызаваны. «З мэтай вызначэння эфектыўнасці асваення вучнямі прадметнага зместу і выпрацоўкі метадычных рэкамендацый па ўкараненню названай мадэлі ў адукацыйны працэс у бягучым навучальным годзе эксперыментальны праект будзе прадоўжаны і пашыраны», –  адзначыў ён.

У святле выкарыстання нэтбукаў у школе паўстала пытанне аб падручніках у электронным выглядзе. Сяргей Маскевіч расказаў, што электронныя версіі падручнікаў ужо ёсць. За кансультацыяй, дзе іх набыць, можна звярнуцца ў Нацыянальны інстытут адукацыі. Для захавання аўтарскага права пры куплі будзе давацца варыянт электроннага падручніка, які не капіруецца.

Сяргей Маскевіч таксама згадаў, што ў Беларусі ў 2012/2013 навучальным годзе прадоўжыцца эксперымент з навучаннем без адзнак у пачатковай школе. Паводле яго слоў, Беларусь не першая ўвяла навучанне без адзнак. Гэты падыход пераняты з сусветнай практыкі.

Акрамя таго, з 1 студзеня 2013 года ў Беларусі плануецца правесці эксперыментальны праект, звязаны з распрацоўкай і апрабацыяй новай сістэмы фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У рамках эксперыменту будуць распрацаваны новыя падыходы да фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (на падставе нарматыву бюджэтнай забяспечанасці на навучанне і выхаванне аднаго вучня); стварэнне адзінага фонду стымулявання працы педагогаў у памеры 30 працэнтаў планавага фонду заработнай платы; магчымасць устанаўлення надбаўкі канкрэтнаму работніку ў памеры 100 працэнтаў ад акладу; размеркаванне фонду стымулявання працы на аснове крытэрыяў і паказчыкаў. Кіраўнікам устаноў будзе дадзена права выкарыстоўваць на стымуляванне працы педагагічных работнікаў эканомію па ўсіх крыніцах расходаў, якая ўтварылася па выніках фінансавага года, а таксама эканомію па фонду заработнай платы ў выпадку аптымізацыі колькасці работнікаў. Эксперымент прывядзе да пашырэння самастойнасці ўстаноў адукацыі ў расходаванні сэканомленых бюджэтных сродкаў, павышэння ўзроўню аплаты працы педагагічных работнікаў. Кіраўнік установы адукацыі будзе адказваць за якасць аказаных паслуг і несці адказнасць за эфектыўнасць расходавання бюджэтных сродкаў.

У эксперыменце будуць прымаць удзел 17 устаноў адукацыі (па 4 – у Гомельскай і Гродзенскай абласцях, 9 – у Мінску). Плануецца вывучыць, як пераход на новую сістэму фінансавання садзейнічае: павышэнню якасці навучання і выхавання вучняў, стымуляванню прафесійнага развіцця педагагічных работнікаў; павышэнню задаволенасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу яго вынікамі (павышэнне зарплаты педагогаў, адсутнасць скаргаў бацькоў, педагагічных работнікаў); аптымізацыі кіравання дзейнасцю ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі (у рамках прадастаўлення самастойнасці ў расходаванні бюджэтных сродкаў).

Укараненне нарматыўнага фінансавання плануецца праводзіць паэтапна з улікам асаблівасцей устаноў адукацыі і без зніжэння фактычна існуючага ўзроўню іх фінансавання.

Нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на навучанне і выхаванне ў разліку на аднаго вучня ўяўляе сабой мінімальны аб’ём бюджэтных сродкаў, неабходных для забеспячэння навучання і выхавання вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (сярэдніх школ і гімназій), размешчаных у гарадской мясцовасці. У склад нарматыву ўключаюцца расходы на заработную плату рабочых і служачых; налічэнні на заработную плату (абавязковыя страхавыя ўзносы ў дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, страхавыя ўзносы па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, абавязковыя страхавыя ўзносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне); набыццё прадметаў забеспячэння і расходных матэрыялаў (за выключэннем прадуктаў харчавання); камандзіроўкі і службовыя раз’езды; аплату паслуг сувязі; бягучы рамонт абсталявання і інвентару; іншыя бягучыя расходы, трансферты насельніцтву. У нарматыў не ўключаюцца расходы, звязаныя з набыццём абсталявання і іншых асноўных сродкаў; бягучым і капітальным рамонтам будынкаў і збудаванняў; аплатай камунальных паслуг; транспартных паслуг; харчаваннем вучняў.

Сяргей Маскевіч расказаў, што ў Беларусі да новага навучальнага года адкрыецца 18 дзіцячых садоў, 7 школ. Акрамя таго, да 1 верасня плануецца здаць тры новыя інтэрнаты: два ў студэнцкай вёсцы ў Мінску і адзін пры Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя А.С.Пушкіна. Студэнтаў ужо ў гэтым навучальным годзе прыме новы корпус факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта.

Добавить комментарий