Ёсць першыя “тысячнікі”

У “Белавежскім”, дзе плошчы зерневых і зернебабовых – гэта амаль чвэрць хлебнай нівы раёна, дакладная арганізацыя работы спрыяе яе тэмпам. Яны даволі шпаркія, і жніво тут усё бліжэй да “экватара”: на 20 ліпеня зерневыя і зернебабовыя ўбраны на 2100 гектарах, што больш за трэць плошчаў.

Найбольш шпаркімі тэмпамі, што залежыць і ад спеласці збажыны, крочыць жніво ў аддзяленні “Каралін”, дзе за дзень у сярэднім зерневыя ўбіраюць на 150-160 гектарах. І сярэдняя ўраджайнасць 52,5 ц/га (па выніках аднаго са жніўных дзён яна склала 70,7 ц/га). Да 53 ц з гектара маюць і ў аддзяленні “Мінкавічы”. Увогуле ж па ўраджайнасці ў лідэрах сёння аддзяленне “Расна”, дзе намалот з гектара – 63,5 ц.

Першым “тысячнікам” у гаспадарцы стаў Сцяпан Царук, на рахунку якога ўжо на 20 ліпеня было 1142 тоны перавезенага ад камбайнаў зерня. Яго МАЗ з прычэпам – сіла! Больш за паўтары тысячы тон перапрацавалі на зернесушыльным комплексе Мікалай і Іван Несцерукі, Віталь Дзюбенка.

Нядоўга засталося да першай тысячы тон зерня экіпажу Віктара Раманюка (ён працуе ў пары з Генадзем Карапанавым). Толькі на рапсавым полі іх намалот склаў 315 тон. На 20 ліпеня агульная лічба – амаль 700 тон. Ненамнога адстае ад Віктара і Генадзя экіпаж Віктара Шпігановіча і Мікалая Косіка.

Фота Валянціна

СУПРЫНОВІЧА.

Добавить комментарий