Ёсць першыя тысячы!

P7318761У “Белавежскім” шпаркімі тэмпамі ўжо ўбралі большую палову зерневых палеткаў. Плошчы зерневых і зернебабовых гаспадаркі вялікія, калі глядзець у разрэзе раёна. Таму на тых, хто шчыруе ў полі з ранку да позняга вечара, ускладзена адказнасць за сёлетні ўраджай, да таго ж, як вядома, зіма ўнесла свае карэктывы ў пасяўную кампанію-2013.

На палях таварыства кіпіць інтэнсіўная работа. Гэта ж не жарт, у аптымальныя тэрміны ўбраць амаль 6,5 тысячы гектараў зерневых і зернебабовых (без кукурузы). У сярэднім за дзень з палёў знікае каля 350-і гектараў збажыны, а гэта – каля 2 тысяч тон новага ўраджаю, якія за суткі прасушваюцца і закладваюцца ў засекі таварыства. Ужо намалочана больш за 21 тысячу тон зерня. Ураджайнасць у цэлым па гаспадарцы на 2 жніўня складала 51,1 ц/га. Гэта менш, чым у мінулым годзе, але і да канца ўборачнай кампаніі ёсць яшчэ час, каб усё змянілася ў станоўчы бок.

Безумоўна, асноўныя клопаты аб ураджаі леглі на плечы камбайнераў і вадзіцеляў, бо яны ў адказе за кожнае зярнятка, якое дастаўляецца на КЗСы “Белавежскага”. Не можа не радаваць, што ў гаспадарцы ёсць першыя “тысячнікі” і сярод вадзіцеляў, і сярод экіпажаў. Так, сёння ў лідарах вадзіцель Сцяпан Царук, які на сваім МАЗе перавёз ад камбайнаў ужо амаль 1,7 тысячы тон зерня (на 1-й стар. стаіць злева). Недалёка ад свайго калегі – Уладзімір Пашко, на рахунку якога 1,5 тысячы тон. У фаварытах сярод экіпажаў – Сяргей Мітчык і Мікалай Козел. Іх намалот на 2 жніўня склаў 1210 тон зерня (на 1-й стар. справа налева). Следам за імі ідуць экіпажы Валерыя Кухты і Элмара Гадзімава (1130 тон) і братоў Віктара і Міхаіла Раманюкоў (1037 тон).

“Белавежскі” стаў першай гаспадаркай, куды завітала старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Дуднікава. Яна ўручыла перадавікам каштоўныя падарункі і мора шчырых слоў. Ці не гэта трэба чалавеку для таго, каб і праца спорылася, і настрой быў высокі?

Вы яшчэ не “тысячнік”? Старайцеся, мы прыедзем і да вас!

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

P7298723P7298700P7298674

Добавить комментарий