Ёсць жаданне, няма магчымасцяў…

Ёсць жаданнеАсноўны від дзейнасці Вярховіцкага крухмальнага завода – нарыхтоўка і перапрацоўка бульбы на крухмал. Акрамя гэтага, перапрацоўваючы адходы (пасля атрымання бульбянога крухмалу) каліфарнійскімі чарвякамі, тут робяць і рэалізуюць біягумус (вермікампост) – каштоўнае арганічнае ўгнаенне. Але гаворка сёння пойдзе аб першай прадукцыі, а таксама аб надзённых справах завода і аб праблемах, якія ўзніклі тут у гэтым годзе.

Усім вядома сёлетняя сітуацыя з ураджаем бульбы. У асноўным яна дрэнная, не ўлічваючы некаторых гаспадароў. А тыя, у каго і ўрадзіў “другі хлеб”, стараюцца прадаць ліш­кі бульбы даражэй, чым гэта можна зрабіць на крухмальным. Сітуацыя магла б быць іншай, але прырода ўжо неаднаразова ўмешвалася ў людское жыццё. Узяць для прыкладу суседнія краіны, адна з якіх сёлета пацярпела сапраўдную катастрофу… Вось і прыязджаюць на вялікіх фурах “госці”, якія скупаюць бульбу па больш высокай цане. Так што, у многіх гаспадароў справа да крухмалу не даходзіць… І ўсё гэта нягле­дзячы на тое, што сёлета ўзнялася цана на закупку бульбы: у юрасоб купляюць, у залежнас­ці ад крухмалістасці (базісная – 15%), – па 500 рублёў без падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ), у фізасоб – па 510 (210 – дзяржаўныя сродкі, 300 – уласныя). Крухмалістасць некаторых гатункаў даходзіць да 21-22%. Пры такіх паказчыках цана ўжо 700-750 рублёў без ПДВ.

У гэтым годзе на перапрацоўку завезлі ўсяго толькі 1 тысячу тон бульбы, з якой зрабілі 140 тон крухмалу (калі ўзяць для прыкладу мінулы год, то лічба гатовай прадукцыі раўнялася 1200 тонам).

Крытычныя сітуацыі на заво­дзе здараюцца адзін раз у 3-5 гадоў, калі вельмі вялікі попыт на сельгаспрадукцыю, з засекаў выграбаюць усё, што маюць. “Такім правальным годам для нашага завода быў 2010-ы, тады з-за недахопу сыравіны зрабілі мала прадукцыі”, – з жалем зазначае дырэктар адкры­тага акцыянернага таварыст­ва Мікалай Панасюк. Пасля та­го гаспадаркам даводзілі планы, згодна з якімі вызначаліся тыя аб’ёмы бульбы, якія абавязкова трэба было прывезці на завод. Апошнія два гады ўраджай бульбы быў добры, таму і сыравіны для крухмалу хапала ўдосталь. Але сёлета ніякіх планаў не далі, вось і склалася такая невясёлая сітуацыя.

“Людзі зараз не здаюць бульбу, а купляюць яе, бо на пачатку чэрвеня прайшлі туманы, а яны даюць распаўсюджанне фітафторы… Да таго ж вясна бы­ла дажджлівай, а гэта ніяк не ўздзейнічала на добры рост бульбы…”, – падвёў вынікі Мікалай Іванавіч.

Вынікі “крызіснага” для крухмальнага завода года відавочныя: на складзе гатовай прадукцыі, умяшчальнасць якога ка­­ля 600 тон, ляжыць толькі 60. “У мінулым годзе склад быў забіты мяшкамі ў 20 радоў, сё­лета ж – няма і дзесяці…”

Сёлета вялікі попыт на прадукцыю Вярховіцкага крухмальнага завода, але прадаваць крухмал па цяперашніх цэнах – нерэнтабельна, таму ён пакуль затрымаецца  на складзе.Ёсць жаданне1

З мінулага года ніякіх запасаў не засталося (нагадаю, 1200 тон крухмалу, столькі гатовай прадукцыі не рабілі ні ў адзін год у постсавецкі час), усё прада­лі. На экспарт у Расію пайшло каля 600 тон.

Зараз асноўныя пастаўшчыкі бульбы на крухмальны завод – ААТ “Каленкавічы” і “Александ­рыя-Агра”. Па некалькі тон прывезлі з “Усхода-Каменца” і з адной з гаспадарак Кобрынскага раёна. Прыватнікі здалі 10 тон…

Магутнасць прадпрыемства разлічана на перапрацоўку 10 тон бульбы ў гадзіну. Калі працаваць цэлую змену (з 8.00 да 20.00), то каля 100 тон можна пераўтварыць у крухмал. У мінулыя гады так і было. А што рабіць, калі за дзень прывязуць толькі 15 тон “другога хлеба”?

Але нягледзячы на ўсе праблемы, звязаныя з застойным годам, на заводзе ідуць наперад: асвоілі новую ўпакоўку – папяровыя мяшкі па 25 кілаграмаў кожны. “Справа ў тым, што на многіх прадпрыемствах, та­кіх, напрыклад, як “Санта-Брэмар”, асноўныя работнікі – жанчыны, а ім цяжка, таму спажыўцы просяць зрабіць меншыя мяшкі”, – дзеліцца дырэктар.

Таксама паставілі новы энергаагрэгат, цяпер тут топяць адходамі, якія застаюцца ад сыра­віны – мяшкі, папера. Эканомія, такім чынам, атрымліваецца каласальная. Шмат чаго памянялі і з абсталявання. Цяпер многія чыркі (ёмістасці для захоўвання крухмальнага малачка) зроблены з нержавейкі, таму і якасць крухмалу значна палепшылася. “Нам не сорамна прадаваць сваю прадукцыю!” – зазначыў Мікалай Панасюк.

На Вярховіцкім крухмальным заводзе ёсць усе ўмовы, каб працаваць і вырабляць прадукцыю, толькі вось праблемка – няма сыравіны. І як тут разабрацца – невядома. На заводзе маюць на­дзею, што гэта толькі часовыя непрыемнасці, і хутка ўсё зме­ніцца ў станоўчы бок.

Наталля ГРЫЦУК.

Добавить комментарий