Яна Герасимик. Познакомимся поближе…

Прапаноўваю вам прыгадаць красавіцкія дзянькі, калі на сцэне гарадскога Дома культуры ў Каменцы выбіралі самую чароўную, самую актыўную, самую рознабаковую дзяўчыну. Уладальніцай тытула “Міс вясна” стала тады Яна Герасімік. Пазнаёмімся з ёю бліжэй…

Яна Герасимик

Гарачая пара экзаменаў за 9 клас, на шчасце, не перашкодзіла сустрэчы. Яна з радасцю фатаграфавалася для газеты, з радасцю адказвала на пытанні, з радасцю дзялілася плёнам сваёй творчасці – цудоўнымі малюнкамі… У дзяўчыны столькі захапленняў, што хопіць, думаецца, на некалькі чалавек. Давялося складаць спіс, каб нічога не забыць.

Вучоба
Яна Герасімік перайшла ў дзясяты клас гімназіі г.Каменец, паспяхова здаўшы ўсе неабходныя экзамены. Улюбёны прадмет у школе – руская мова. Паступаць дзяўчына пакуль не збіраецца, упэўненым крокам ідзе да галоўнай мэты – стаць дызайнерам. Прафесію збіраецца атрымліваць у Мінскім мастацкім каледжы імя А.К.Глебава.

Маляванне
Летась Яна скончыла Камянецкую дзіцячую школу мастацтваў (мастацкае аддзяленне), прычым – на выдатна. З удзячнасцю і павагай прыгадвае імёны сваіх настаўнікаў Кацярыны Дрозд і Алены Казарэз.

Яна Герасимик

яна3

Юная мастачка малюе і фарбамі, і простым алоўкам, але аддае перавагу апошняму. Асабліва ж ёй падабаецца ствараць партрэты, звычайна малюе іх з фатаграфіі. Выключэннем нядаўна стала трохгадовая малодшая сястрычка Мілана, вобраз якой Яна пераносіла на паперу з натуры. Дарэчы, ёсць у нашай гераіні яшчэ і старэйшая сястра, 11­класніца. У сям’і тры дачкі. Як у казцы.
– Не адмаўляюся ад цікавых прапаноў, звязаных з маляваннем. Напрыклад, у сераду на гэтым тыдні ўдзельнічала ў мерапрыемстве для дзяцей і дарослых “Дзень Маленькага прынца” ў нашым горадзе, малявала фарбамі адпаведныя тэме малюнкі на руках і тварах гасцей свята.

Валанцёрства
Ім Яна захапілася, калі толькі прыйшла ў гімназію. “Заразілася” энтузіязмам ад педагога Аляксандры Дацкевіч. З задавальненнем і радасцю атрад “Дабрадзеі” праводзіць разнастайныя святы для тых, каму асабліва не хапае цеплыні: для дзяцей з Пелішчанскага прытулку, для маладых інвалідаў, што наведваюць
ТЦСАН.
– Калі выходжу пасля такога мерапрыемства, адчуваю прыемную цеплыню ўнутры, – дзеліцца Яна. – Радуюся, што змагла дапамагчы.

БРСМ
Ужо год Яна Герасімік узначальвае пярвічку ГА “БРСМ” у гімназіі. Актыўная жыццёвая пазіцыя дапамагае ў грамадскай рабоце.
– Памятаю, як цікава было рыхтаваць да конкурсу “Міс Вясна” роздум на тэму «Калі б я была першым сакратаром райкама БРСМ…» Унесла свае прапановы, магчыма, некалі яны ўвасобяцца ў жыццё.

Спорт

Здаровы лад жыцця для Яны – не пустыя словы. У СДЮШАР (трэнер – Яўгеній Касцючык) дзяўчына займаецца лёгкай атлетыкай – скачкамі ў даўжыню, калі гаварыць больш дакладна. З апошніх дасягненняў называе трэцяе месца на раённых спаборніцтвах.

Фатаграфiя
З камерай мая суразмоўца таксама сябруе даўно. Любімыя аб’екты фотаздымкі – чароўныя краявіды роднай Камянеччыны.
– Нядаўна ездзілі з сяброўкамі ў Дзмітровічы на захадзе сонца. Якія кадры атрымаліся! Цуд!

Рукадзелле
– Мне найбольш імпануе вышыўка. Навучылася ад мамы. Увогуле, яна ў мяне самая лепшая! Стараюся дапамагаць, чым магу. Даглядаю малую сястрычку, вельмі яе люблю!

Канiкулы
Цікаўлюся планамі Яны на летнія доўгачаканыя канікулы. Упэўненасць у тым, што праграма будзе насычанай, пацвярджаецца рэальнымі фактамі. Перш­наперш дзяўчына збіраецца ў спартыўны летнік у Бучамлі, а потым возьмецца за маляванне. Яна стараецца не разлучацца з алоўкам ні на дзень. Ухвальнае імкненне да творчасці, ці не так?

Настасся Нарэка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий