“Яму кантралёры не патрэбны…”

IMG_4150У кацельні, што ў Хадасах, Анатоль Міхалевіч працуе ўжо 12 гадоў, ён – машыніст кацельнага ўчастка. А прыехаў сюды з сям’ёй 24 гады таму назад з Ратнаўскага раёна Валынскай вобласці Украіны. Раней там, на радзіме, працаваў механізатарам у калгасе. Гаспадарку развалілі, працы не было… А тут пасялілі ў чатырохпакаёвай кватэры, даверылі трактар. Цяпер ужо дзеці дарослыя, дачка і сын закончылі Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, знайшлі працу па спецыяльнасці ў абласным цэнтры. Яшчэ адна дачка жыве ў Каменцы, яна – повар. Дарэчы, сын падарыў Анатолю Міхайлавічу і яго жонцы Святлане (яна – паштальён) першую ўнучку.

– А як сталі работнікам камунальнай службы? – пытаю ў Анатоля.

– Прапанавалі, калі была вакансія, накіравалі на курсы ў Брэст, – расказвае Анатоль Міхалевіч. – Тут пяць катлоў, працуем у чатыры змены, паліва – дровы, да трох тысяч кубаметраў неабходна на сезон. Мой абавязак – сачыць за спраўнасцю абсталявання. Хапае і іншай работы – і сантэхніка ў нас няма, і дровы трэба рыхтаваць…

Цікаўлюся ў старшага майстра ўчастка Генадзя Кудзелькі наконт таго, як спраўляецца яго падначалены са сваімі абавязкамі.

– Галоўнае, – адказаў майстар, – Анатоль Міхалевіч – надзейны, добрасумленны работнік, яму кантралёры не патрэбны: калі што даручыў, правяраць няма патрэбы…

А ў Анатоля на развітанне яшчэ спытаў пра тое, як яму з сям’ёй тут жывецца, ці не сумуе па Украіне.

– Ды цяпер мая радзіма назаўжды – Беларусь. Там брат жыве, нічым не радуе: беспрацоўе, палова жыхароў маёй вёскі падаліся ў Маскву на заробкі. А тут жыву ў кватэры, якая мала адрозніваецца ад гарадской, але маем і падсобную гаспадарку, ёсць карова, куры, агарод, а ў полі – “соткі”. Гаспадарка дапамагае бульбу пасадзіць, дагледзець, убраць. Свае бульба, агародніна, малако, яйкі… Сена для рагулі на зіму выдзяляюць штогод. Так што жыць добра, толькі не лянуйся…

Анатоль Міхайлавіч ў агародніцтве жонцы дапамагае, паведаміў, што асвоіў сакрэты вырошчвання расады памідораў і перцаў. Вядома ж, калі з ахвотай – любая справа будзе асалодай. А любімы занятак у вольныя хвіліны – рыбалка. Прыемна, калі чалавек на сваім месцы, знайшоў сваё прызванне і любы куток для шчаслівага жыцця.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий