Як у Бялёва святкавалі Дзень роднай вёскі?

Ёсць у размераным, напоўненым клопатамі жыцці вёскі Бялёва асаблівы дзень, калі яе жыхары адкладваюць на некаторы час усе свае заняткі і збіраюцца разам, каб адсвяткаваць – весела і душэўна – Дзень роднай вёскі. Так, і 12 ліпеня ля будынка былога магазіна, дзе зладзілі імправізаваную сцэну, сабралася нямала людзей самых розных узростаў (нават спёка іх не спужала).

Канцэртную праграму для гасцей падрыхтавалі артысты Дзмітровіцкага СДК (народная эстрадная студыя “Версія”, юныя вакалісткі), калектыў “Жаночы ўраган”, госці з Ха­дасоў і народнае ама­тарскае аб’яднанне ветэра­наў “Белая вежа” з Каменца. Свята яшчэ раз нагадала слухачам пра тое, як важна помніць пра свае ка­ра­ні, цаніць і берагчы малую ра­дзіму – той куток, адкуль зра­біў першыя крокі ў вялі­кае жыццё.

Слухачы шчыра дзякавалі артыстам за кожнае выступ­ленне, і нельга было не заў­важыць той цёплай, запраў­ды дамашняй атмасферы, якую ўдалося стварыць, той сувя­зі, якая ўсталявалася паміж людзьмі!

Са словамі падзякі і він­ша­ваннямі звярнуўся да бялёў­цаў старшыня Дзмітро­віц­ка­га сельсавета Вячаслаў Руса­кевіч. Па яго просьбе слухачы ўшанавалі хвілінай маў­чання памяць тых сваіх адна­вяскоўцаў, якія, на жаль, пайш­лі з жыцця, а ў заключэнні свай­го выступлення Вячаслаў Ула­дзіміравіч зачытаў вершаваныя радкі, прысвечаныя малой радзіме.


Да віншаванняў далучылася ў гэты дзень і старшыня прафкама ААТ “Савушкіна пушча” Марына Семянюк (дарэчы, за дапамогу ў падрых­тоў­цы да Дня вёскі калектыў Дзміт­ровіцкага СДК шчыра дзякуе кіраўніцтву названай гас­па­даркі).

Не абышлося ў святочны дзень і без падарункаў, а нагоды для іх былі самыя што ні на ёсць значныя! Чаго варты толькі 99-ы па ліку дзень нараджэння жыхаркі Бялёва Вольгі Феадоцьеўны Аніс­ке­віч! Вядучыя канцэрта папра­сілі перадаць ёй пажаданні моцнага здароўя і сіл, каб у наступным годзе бабуля сустрэла 100-гадовы юбілей.
Прымалі віншаванні таксама Рыгор Лявонцьевіч і Ніна Сцяпанаўна Дземідзюкі, якія пражылі разам у згодзе ўжо 56 гадоў.

Быў адзначаны падарункам і бялёвец Аляксандр Рубан, чый падворак прызнаны самым прыгожым у вёсцы. Дзе пануе парадак – там і прыгожа!

Весела ў Дзень вёскі ў Бялёве было ўсім. Дзяцей вабілі забаўкі, якія прадаваліся тут жа. Іх бацькі размясціліся хто на траўцы (чаму б не?), хто на прынесеных з дома крэслах, а сталыя жыхары вёскі занялі ганаровыя месцы, зладжаныя перад сцэнай. Міжволі кіда­лася ў вочы, з якой цікавасцю пазіралі на свята людзі, што праязджалі ў машынах міма магазіна. Ім, відавочна, карцела далучыцца.