Як сёння абмяркуем нашы заўтраш­нія крокі – так і жыць будзем у бу­ду­чыні

Я ўжо даўно ўсвядоміў, што не можа быць іншага сапраўднага заканадаўцы, чым сам народ. Варта, канешне, не толькі хваліцца, што ты выйшаў з народа, але трэба па-сапраўднаму заставацца з гэтым народам да апошніх дзён жыцця. Многія з нас нярэдка папракаюць дзяржаву, што яна нам абавязана тое, павінна другое, а што ты сам асабіста зрабіў карыснага і важнага для гэтай дзяржавы, для тых, хто з табой побач?! Нам, грамадзянам, нельга забываць, што мы не толькі маем правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, але таксама абавязкі. А то як служыць у арміі, добра вучыцца, эфектыўна працаваць мы чамусьці забываем, а вось патрабаваць штодзённа хлеб з маслам на талерачцы, тут вучыць не трэба…

Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь надзвычай хвалюе падрыхтоўка ў краіне да такой значнай грамадскай па­дзеі, як шосты Усебеларускі народны сход. Добра, што рашэнні такіх з’ездаў могуць стаць канстытуцыйнымі, што само палажэнне пра дзейнасць народных сходаў плануецца ўнесці ў новую Канстытуцыю.
Радуе, што амаль ва ўсіх гарадах, пасёлках і вёсачках Беларусі актыўна працуюць дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, дзе суайчыннікі, землякі выказваюць сваю пазіцыю, уносяць шмат прапаноў наконт далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, удасканалення палітычнай сістэмы. Безумоўна, кожны з нас хоча, каб яго пачулі, каб яго голас быў улічаны.
Зразумела, што ніякія заморскія дзядзь­кі і цёткі наіякім чынам не дапамогуць нам, беларусам. Яны могуць толькі зрабіць горш – разваліць Беларусь, пазбавіць яе суверэнітэту. Таму наша будучыня – толь­кі ў нашых руках.

Як сёння абмяркуем нашы заўтраш­нія крокі – так і жыць будзем у бу­ду­чыні. Каш­тоўна, што ўсенародныя думкі і мерка­ванні з месцаў, з рэгіёнаў і будуць вынесены на абмеркаванне народнага сходу. Добра, што на форуме бу­дуць прадстаў­лены многія працоўныя ка­лектывы, палі­тычныя партыі, грамадскія аб’­яднанні, людзі розных узростаў і прафесій.
У нашай краіне менавіта народ – адзі­ная крыніца дзяржаўнай улады і носьбіт суверэнітэту. І я не згодны з апанентамі, з прадстаўнікамі апазіцыі, што народны сход – нейкі атрыбут аўтарытарызму, а то і наогул праява папулізму. Сход у Бе­ларусі – кансультатыўна-нарадавы орган, які з’яўляецца сапраўдным эталонам права ў сучасным свеце, красамоўнай формай дэмакратыі.

У 21 стагоддзі ўлада павінна актыўна суадносіцца з народам, кансультавацца з грамадзянамі па праблемах жыцця, асаб­ліва спрэчных і складаных. І лепшыя прад­стаўнікі ад народа, не прэтэндуючы на атрыманне высокай ўла­ды, на месцах, у сваіх калектывах гатовы на яе штодзённа ўплываць. Дзяр­жаў­ная паліты­ка – наогул з’ява надзвычай сур’ёзная, скру­пулёзная, і ніякай блыта­ніны, спешкі, рашэн­няў “пе­ракаці-поле” тут не павінна быць!
Успамінаю, што некаторыя грамадзяне і да першага Усебеларускага сходу ставіліся песімістычна, нават негатыўна. Час паказаў, як яны памыляліся. Сход стаў лёсавырашальным для краіны, кар­дынальна змяніў не толькі палітычны ландшафт, але і значна ўзрасла ўпэўненасць майго народа ў заўтрашнім дні. Пачалося актыўнае будаўніцтва суверэннай Белару­сі. І сам далейшы росквіт дзяржавы залежыць ад творчай працы кожнага з нас. І нават калі ты сёння яшчэ студэнт і дрэнна вучышся, заўтра ты не зможаш якасна дапамагчы сваёй краіне.

Новы сход, упэўнены, дасць эстафету новым гістарычным, жыццёвым, нават бытавым здзяйсненням. Як добрая кніга, разгорне найбольш важныя, стрыжнявыя, балявыя праблемы. Гэ­та будзе яшчэ адна яскравая старонка су­часнасці і будучыні беларускага народа, нашай Бацькаўшчы­ны. Сход – гэта агульнацыянальная і агуль­надзяржаўная пля­цоўка, якая адлюстроў­вае і духоўны стан беларускага народа, і яго дабрабыт, і пра­вавое ўзаемадзеянне органаў кіравання. У Сходзе як мадэлі дзяржаўнага кіра­ван­ня закладзены меха­нізмы нацыянальнай бяспекі (інфарма­цыйнай, тэхналагічнай, навуковай, экана­мічнай, энергетычнай), народнагападарчай эфектыўнасці, сацы­яльнай справяд­лівасці, адкрытасці ўла­даў, іх адказнасці перад народам. Часу на раскачку, на размовы на кухнях ужо няма. Упэўнены, што Сход стане новым, якасным этапам ў далейшым гістарычным бу­даўніцтве Бела­русі, паставіць жорсткую заслонку замор­скім аванцюрам. Гэта са­праўдная мадэль канстытуцыйнай жыц­цядзейнасці Бела­русі, новая філасофія самой якасці жыцця дзяржавы і яе людзей.
Сёння Беларусь сутыкнулася з несяб­роўскім, а нярэдка і зусім варожым ак­ружэннем як з Захаду, так і з Усходу. Не толькі Еўропа, а нават Амерыка з-за далёкага акіяну вучыць нас, як нам жыць далей. Нашы недругі хочуць зрабіць з маёй сінявокай старонкі, Радзімы Купалы і Коласа, Караткевіча і Мележа, нейкую калонію, прыдатак.
І як ніколі актуальна гучаць сёння рад­кі верша народнага паэта Янкі Купалы “Ворагам Беларушчыны”, напісанага яшчэ ў далёкім 1907 годзе…

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
г. Віцебск.