Днямі да нас у рэдакцыю завітала Ірына Раманюк, якая з сям’ёй жыве ў Навіцкавічах. Зайшла, каб падзяліцца сваёй удзячнасцю педагогам Бучамлянскай дапаможнай школы-інтэрната, дзе выхоўваецца яе дачка, а таксама… трывогай з той прычыны, што ўсё часцей чуе аб маючым адбыцца закрыцці гэтай школы пасля 2015-2016 навучальнага года і пераводзе дзяцей у Антопаль. Як пацверджанне гэтаму прыводзіць важкі аргумент: ужо некалькі гадоў запар у Бучамлі не набіраюць дзяцей у 1-ы клас.
Дванаццацігадовая дачка Ірыны – дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Жанчына бязмежна ўдзячная супрацоўнікам школы-інтэрната за тое, што змаглі навучыць яе Лізу самым неабходным жыццёвым навыкам, што ўмеюць хутка супакоіць яе трывожнасць, што яна з задавальненнем збіраецца ў школу пасля канікул, – яе ніхто там не крыўдзіць. Ірына ў любы дзень і час можа праведаць дачку, бо да Бучамлі ўсяго 20 кіламетраў.
Ужо сёння яна задаецца пытаннем: ці зможа аддаць яе ў Антопаль, што ў Драгічынскім раёне? Бо нячаста будзе бачыць яе, ды і невядома, як успрыме яна новы калектыў. Падобным чынам разважаюць і бацькі другіх дзяцей, што выхоўваюцца ў Бучамлі.
Патлумачыць сітуацыю папрасіла дырэктара Бучамлянскай школы-інтэрната Рыгора Нестарука:
– У мінулым навучальным годзе ў нас было 74 выхаванцы, з іх – 35 сірот, у тым ліку сацыяльных. 12 выпускнікоў сёлета пакінулі ўжо інтэрнат. Аднак, цікавіцца іх лёсам будзем яшчэ не адзін год. Сапраўды, у нашай школе-інтэрнаце пакуль няма 1–2 класаў. Але цвёрда ведаем, што наступны навучальны год будзем працаваць у звычайным рэжыме. Дарэчы, пад нашай кругласутачнай апекай дзеці не толькі з Камянецкага раёна, але і з суседніх – нават з Баранавіцкага…
З размовы з начальнікам упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаілам Ціханчуком даведалася, што ў адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама дзяржаўная ўстанова адукацыі “Бучамлянская дапаможная школа-інтэрнат” будзе перададзена ў мясцовыя органы ўлады (цяпер яна ў абласной камунальнай уласнасці), і далейшы лёс залежыць ад яе напаўняльнасці. Працэдура перадачы будзе ажыццёўлена з пачаткам наступнага фінансавага года.
Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб дзяцей з адхіленнямі ў псіхафізічным развіцці было як мага менш, але іх колькасць, на вялікі жаль, не змяншаецца. У дапаможных школах з імі працуюць спецыялісты, што дапамагаюць ім інтэгрыравацца ў грамадства. Для сем’яў гэта неацэнная дапамога, бо выдаткі на выхаванне дзяцей у падобных установах адукацыі дзяржава бярэ на сябе. У той жа час для любога дзіцяці найбольш камфортна ў роднай сям’і. Таму ў свой час у агульнаадукацыйных школах вобласці былі створаны інтэгрыраваныя класы: дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця знаходзяцца побач з бацькамі, а ў школьным класе з імі займаецца спецыяліст, што падтрымлівае цесную сувязь з сем’ямі выхаванцаў. Гэта і спрыяе таму, што колькасць дзяцей у школах-інтэрнатах пачала змяншацца. Дадатны факт.
У нашым раёне такія інтэгрыраваныя класы створаны ў 12-і агульнаадукацыйных установах, найбольш іх у школах Каменца і Высокага. Іншая справа, што магчымасць навучання дзяцей у падобных класах залежыць не толькі ад жадання бацькоў, але ад ступені цяжкасці дыягназу.
* * *
Ірына Раманюк выклікае павагу адносінамі да свайго “асаблівага” дзіцяці – яно ведае цяпло і клопат маці, адчувае абароненасць. Яна адважылася нарадзіць другое дзіця – здаровае (дзяўчынка наведвае дзіцячы садок). Але значна больш увагі патрабуе старэйшая дачка, ужо школьнага ўзросту. Ірына не раззлаваная на ўвесь свет – наадварот, яна шчыра ўдзячная за прафесійную дапамогу і проста людскую спагаду. І вельмі спадзяецца, што яе Ліза застанецца пад апекай спецыялістаў школы-інтэрната недалёка ад дома.
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Департамент охраны приглашает принять участие в республиканском конкурсе творческих работ
-
Стало известно, что изменится в Беларуси с октября
-
Гость нового выпуска программы “Марков. Ничего личного” — РОМАН ПРОТАСЕВИЧ
-
Чем будут вакцинировать белорусов против гриппа и COVID-19 этой осенью
-
Делегация Беларуси во главе с Рыженковым посетит Нью-Йорк для участия в мероприятиях Генассамблеи ООН