Па-сапраўднаму шчаслівы той, хто выбраў прафесію па душы, адзін раз і на ўсё жыццё. Тады астатняе складваецца добра неяк само па сабе. А падтрымка ў сям’і і разуменне павялічваюць любоў да таго, чым займаешся, робяць кожны працоўны дзень непадобным на папярэдні. Таццяна Сцяпанаўна Шылейка 36 гадоў адпрацавала ў мікрабіялагічнай лабараторыі Высокаўскага СААТ «Белавежскія сыры». Яна адна з нямногіх, хто можа пахваліцца, што зрабіў у свой час правільны выбар на карысць прафесіі.
Таццяна Сцяпанаўна нарадзілася на Століншчыне, дзявятым дзіцем у сям’і. Хоць і гавораць, што ў вялікай сям’і заўсёды цяжэй прыходзіцца старэйшым, таму што на іх ляжыць больш адказнасці, наша гераіня ніколі не адставала ад братоў і сясцёр, старалася таксама быць прыкладам ва ўсім. Пасля школы вучылася ў Слуцкім вучылішчы, затым у Пінскім тэхнікуме, па размеркаванні патрапіла працаваць на завод, спачатку тэхнолагам, затым інжынерам-мікрабіёлагам.
З часам на Камянеччыну пераехалі брат і дзве сястры з сем’ямі, забралі бацькоў. Горад Высокае палюбіла Таццяна Сцяпанаўна, можна сказаць, з першага погляду. Тут яна сустрэла і сваю другую палавіну. Муж, Міхаіл Іванавіч, працуе на “Белавежскіх сырах” вадзіцелем. Усё жыццё тут адпрацаваў і свёкар. Так што гэтая сям’я – цэлая працоўная дынастыя.
Мне пашчасціла пабываць у святая святых завода, у месцы, дзе пачынаецца даследаванне і адбор сыравіны, з якой вырабляюцца так упадабаныя ўсімі сыры. Сама Таццяна Сцяпанаўна называе сваю лабараторыю “аперацыйнай” і люстэркам завода. Гаворыць, што далей ісці глядзець не трэба: калі тут чысціня і парадак, значыць, і ўвесь завод працуе так. Работа тут адказная, але ад гэтага не меней цікавая. Таццяна Сцяпанаўна – прафесійны мікрабіёлаг, у яе кампетэнцыю ўваходзяць веданне лабараторнага абсталявання і прыбораў, мікрабіяпрэпаратаў і фармакалогіі. Звычайнаму чалавеку можа быць незразумелы сэнс гэтых складаных слоў, простай мовай – дзейнасць мікрабіёлага неабходная і проста незаменная ў харчовай вытворчасці, таму што менавіта ён адказвае за высокую якасць прадукцыі, якую мы ўжываем.
Самае каштоўнае ў працы для Таццяны Сцяпанаўны – гэта згуртаванасць калектыву. Тут усе працуюць пад адным дэвізам, за агульную справу. І калі яна бачыць увачавідкі вынік сваёй працы, пачуццё, якое ўзнікае ў такія моманты, – гонар.
Таццяна Сцяпанаўна ўдзячна за тое, што за кошт уласных сродкаў завода для яе сям’і быў пабудаваны дом. З павагай ставіцца да дырэктара Анатолія Мельнічэнкі, які многае зрабіў не толькі для завода, але і калектыву.
Галоўная радасць і гонар Таццяны Сцяпанаўны – сыны Міхаіл і Дзмітрый. Старэйшы скончыў Беластоцкі ўніверсітэт у Польшчы па спецыяльнасці перакладчык, англійская мова. Малодшы – студэнт Акадэміі МУС. Дзеці дбайна сочаць, каб у сям’і ўсё ладзілася і каб мама заставалася маладой.
А працавітасці і сціпласці Таццяне Сцяпанаўне не займаць. Гэта жанчына, якая жыве проста і куе сваё ціхае сямейнае шчасце.
Анастасія ЯНКІНА.
Это может быть интересно:
-
СЕГОДНЯ ИСПОЛНИЛОСЬ 70 ЛЕТ ДИРЕКТОРУ ОАО «ВИДОМЛЯНСКОЕ» МИХАИЛУ СТРАПКО
-
Прямые телефонные линии.Февраль
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
Когда-то здесь кипела жизнь: история деревни Мельники
-
Старшеклассники СШ №1 Каменца сегодня могли попробовать себя в роли пилотов пассажирского самолета