Немалаважнае значэнне ў забеспячэнні рынку Беларусі сельгаспрадукцыяй маюць закупкі малака. За 9 месяцаў гэтага года раён прадаў яго больш за 70 000 тон – з гаспадарак і падвор’яў сялян.
Асноўныя закупкі малака ў раёне праводзяць ААТ «Савушкін прадукт» (дзе вырабляецца больш за 40% усёй малочнай прадукцыі вобласці) і СААТ «Белавежскія сыры». У пачатку года малако яшчэ пастаўлялі на СТАА «Юнімілк Пружаны», але з-за загружанасці і цяжкасцей са збытам гатовай прадукцыі прыём малака там быў прыпынены. Згодна з рашэннем аблвыканкама, складзены план. У ім вызначаны сыравінныя зоны, сказана, куды якая гаспадарка будзе пастаўляць малако, паводле аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі і магутнасці прадпрыемстваў. Кожная сыравінная зона забяспечана транспартам для адвозкі малака на перапрацоўку, таксама задзейнічаны і транспарт гаспадарак, – паведаміў галоўны дзяржінспектар раёна па нарыхтоўках Аляксандр Аляшчэня.
У гаспадарках пільна сочаць за якасцю малака, і калі яно не будзе адпавядаць нормам (скіслае, наяўнасць антыбіётыкаў), яго вернуць назад, страты лягуць на плечы вінаватых, а грошы ніхто не хоча губляць. Таму, калі жывёла захварэла, яе адпраўляюць на каранцін, таксама сочаць за правільным ахалоджваннем і тлустасцю малака.
Лідарам па рэалізацыі малака ў раёне з’яўляецца ААТ «Белавежскі» – больш за 14 300 тон, на другім месцы «Усход-Каменец» – 8 400 тон, на трэцім СВК «АграНіва» – 7 700 тон. Па закупу малака ад насельніцтва на першым месцы Воўчынскі сельсавет – 560 тон, Вярховіцкі – 350 тон, Навіцкавіцкі – 240 тон.
Малако ў насельніцтва прымаюць па 2555 рублёў, прадугледжана надбаўка ў 90 рублёў за кілаграм, калі базісная тлустасць 3,6%. Аднак, аб’ёмы малака, рэалізаванага насельніцтвам, змяншаюцца – колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы скарачаецца. Паказчык мінулага года – 1183 галавы, на пачатак гэтага года – 1053, і лічба паступова змяншаецца. З чым гэта звязана? А прычын дастаткова. Каб трымаць карову, неабходна нарыхтаваць корм і падсціл або купіць усё гэта, пажадана застрахаваць рагулю, а недзе і за пашу трэба плаціць. Бывае, у гаспадарках продаж сена насельніцтву ўвогуле не ажыццяўляецца. Дзе ж яго браць, калі сена недастаткова? Яшчэ з адной праблемай можна сутыкнуцца пры здачы малака – заніжаная тлустасць. Малако збіраюць у агульную ёмістасць, і калі нейкая нядобрасумленная гаспадыня разбавіць малако, а іншая здасць з высокай тлустасцю, то вынік атрымаецца сярэдні. Ці, напрыклад, у кагосьці захварэла жывёла, ёй колюць антыбіётык, а гаспадыня працягвае здаваць малако. Яго могуць выявіць толькі на заводзе, калі ўсё малако ўжо перамяшалася, і вызначыць дакладна, хто сапсаваў усю партыю, немагчыма. Такая ж сітуацыя складваецца, калі хтосьці няправільна астудзіць малако. Як быць у гэтым выпадку, як даказаць, што тваё малако было добрае? Атрымліваецца, яно прапала і грошай ніхто не верне.
Вядома, можна праводзіць праверку на кожным падворку, але толькі тэарэтычна. Калі тлустасць можна вызначыць аператыўна, то наяўнасць антыбіётыкаў і закісленасць выяўляюцца толькі лабараторным метадам… Дык што ж, утрыманне каровы на прыватным падворку – справа надта клопатная? Але як жа без кубка сырадою?
Дар’я ДЗЯМЯНКА.
Это может быть интересно:
-
Белорусским мобильным операторам запретили подключать платные подписки без согласия клиента
-
ГРЯЗНЫЕ МЕТОДЫ ИНФОВОЯК ИЗ ЦИПСО: ПРОДОЛЖЕНИЕ
-
Ловушки виртуального жилья: как не стать жертвой интернет-мошенников
-
Минздравом принято решение о продлении кампании вакцинации против гриппа и коронавирусной инфекции
-
«Белпочта» изменит тарифы на некоторые услуги с 1 января 2025 года