Яе прызванне і шчасце

IMG_7051Па ўсіх паказчыках Рэчыцкі фельчарска-акушэрскі пункт прызнаны адным з лепшых у раёне. Партрэт яго загадчыцы – Святланы Шэлявілі – на раённай Дошцы гонару.

У характарыстыцы, падпісанай галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Іванам Карасінскім, у прыватнасці, адзначаецца, што Святлана Канстанцінаўна – чалавек добрай душы, чулага сэрца, сумленная, справядлівая, бескарыслівая, а стыль яе працы – высокая асабістая адказнасць, дзелавітасць, патрабавальнасць да сябе, дабрыня, адкрытасць характару, уважлівыя адносіны да людзей.

У Рэчыцы людзі ідуць на ФАП па дапамогу не проста да медыка, а як да блізкага, роднага чалавека. Гэтае ўражанне ўзнікла адразу, як убачыў Святлану Канстанцінаўну на рабочым месцы: з якой увагай яна адносіцца да наведвальнікаў, дае парады па тэлефоне. ФАП абслугоўвае больш за 400 чалавек з 14 вёсак, пераважна – пажылых, у тым ліку больш за 100 адзінокіх, 59 непаўналетніх.

…Родам Святлана з Віцебшчыны, з вёскі Салаўіная Глыбокскага раёна. Пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча ў 1990 годзе была накіравана ў Каменец. За чвэрць веку Рэчыца стала другой радзімай. Загадвае ФАПам з 1995 года.

– З дзяцінства марыла стаць медыкам, – зазначае Святлана Канстанцінаўна, – вучылася на выдатна, пэўна, магла і вышэйшую адукацыю атрымаць, але хацела хутчэй стаць самастойнай, асвоіць азы прафесіі, каб дапамагаць людзям…

Аб сваім выбары яна ні разу не шкадавала! Між тым, работа на ФАПе мае свае складанасці: з ранку – прыём, пасля абеду – паездкі па выкліках. Шмат увагі надаецца і патранажнаму наведванню. На чым дабіраецца ў далёкія вёскі? (А радыус абслугоўвання – 7 км). На веласіпедзе… Зімой муж падвозіць на легкавушцы, ён – мясцовы арандатар, вырошчвае агародніну, добра, што з разуменнем адносіцца да жончынай працы.Скептыкі скажуць: маўляў, хіба можа вылечыць медработнік з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, ды пры адсутнасці ў медустанове хоць якой сучаснай апаратуры? Прычым тая дапамога – бясплатная, вось у гарадах высокакваліфікаваныя ўрачы і на платнай аснове, і пры дапамозе дасканалай тэхнікі, пэўна, хоць дакладны дыягназ паставяць…

Магчымасці буйных медыцынскіх цэнтраў аспрэчваць немагчыма, але і ролю ФАПаў прыніжаць нельга. Так, дакладны дыягназ тут не ўстановяць, для гэтага на аналізы і да ўрачоў накіроўваюць у райцэнтр, адтуль пры неабходнасці – і ў Брэст. Хвароба вызначана, курс лячэння праведзены, а што далей?

Пацыент вяртаецца дадому, і пры наяўнасці паблізу ФАПа яму на месцы і лекі, і парады. Святлана Канстанцінаўна для мясцовых жыхароў – як сямейны доктар.

– Прывыкла да гэтай працы, я ж ведаю ўсе хваробы вяскоўцаў – і хранічныя, і вострыя, і супрацьпаказанні, і характар, звычкі кожнага, – расказала яна. – Таму заўжды пры неабходнасці накірую хворага да адпаведнага ўрача…

Штат работнікаў ФАПа – двое, дапамагае санітарка Святлана Стасюк. Вось так дзве Святланы і спраўляюцца; а выхадны – толькі ў нядзелю.

Святлана Канстанцінаўна на цяжкасці не скардзіцца. Наадварот, яна адчувае сябе шчаслівым чалавекам. Бо збылася яе мара – стаць медыкам, лячыць людзей. Яна знайшла сваё месца на Зямлі. Яе шчасце – і ў сям’і: дачка Марына працуе псіхолагам у Гродна, Вераніка закончыла 10 класаў, вучыцца выдатна і, дарэчы, цікавіцца медыцынай; пяцігадовы Багдан – радасць і надзея…

Святлана прапагандуе здаровы лад жыцця і сама з ахвотай займаецца фізкультурай, некалькі гадоў назад у Кобрыне на абласных спаборніцтвах заняла другое месца па лёгкай атлетыцы (бег, плаванне, скачкі). А яшчэ яна любіць сустракаць гасцей, частаваць, пры гэтым пра спіртное нават і размовы няма – яно нікому тут не патрэбна. І праца ў агародзе – да спадобы, і збор ягад, грыбоў. Вось толькі часу на ўсё не хапае.

Шчаслівая жанчына ў росквіце сіл, праца па прызванні, сямейнае жыццё – ідылія. Такое сустракаецца нячаста. Пэўна, шчасце і даецца таму, хто яго знаходзіць у тым, каб дапамагаць… Яна як бы прыцягвае сваёй дабрынёй, добразычлівасцю. Сапраўды, як ты да людзей, так і яны да цябе. І ў гэтым – сакрэт шчасця Святланы: несці па жыцці і шчодра дарыць святло душы і дабрыню сэрца.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Фота Настассі НАРЭЙКІ.

Добавить комментарий