Фермерская гаспадарка “Бацькаўшчына” Міхаіла Гаўрылюка знаходзіцца ў Калоніі Кругель, што недалёка ад Бучамлі. Сваё існаванне пачала ў 2002 годзе, калі гаспадар аформіў на сябе 28 гектараў зямлі, на якой нарадзіўся і вырас…
У Міхаіла Іванавіча была мара: хацеў заняцца садаводствам. Але так адразу не атрымалася, таму саджанцы маладых дрэўцаў, прывезеныя з Пружанскага гадавальніка, занялі толькі 1,5 гектара. Праз некаторы час вопытныя людзі падказалі, што патрэбен свой гадавальнік. Уся справа ў тым, што адзін саджанец каштуе 3 долары, а калі патрабуецца 20 тысяч дрэўцаў, то гэта вельмі “ўдарыць” па кашальку. Так на тэрыторыі фермерскай гаспадаркі з’явіўся гадавальнік… Зараз садам заняты амаль 11 гектараў зямель: 1,6 – так званы стары, і 9 – малады, засаджаны дрэўцамі ўжо са свайго гадавальніка.
Усяго ў садзе Міхаіла Гаўрылюка растуць 22 гатункі яблыкаў. “У самым пачатку сваёй дзейнасці я прыглядаўся і выбіраў лепшыя”, – зазначыў фермер.
Работы на ўчастку пачынаюцца з канца зімы, а завяршаюцца позняй восенню. Яшчэ калі дрэўцы знаходзяцца ў спячцы, іх трэба падрэзаць. Гэту карпатлівую справу сёлета гаспадар не даверыў нікому: за тры тыдні самастойна давёў да парадку сваіх гадаванцаў. За ўвесь сезон трэба зрабіць не менш за 13 апрацовак.
– Без іх ніяк нельга абысціся, – паведаміў Міхаіл Іванавіч. – Калі гэтага не рабіць, то плады будуць мець непрыглядны выгляд. Існуе цэлая тэхналогія апрацоўкі. Але, на жаль, фізічна не паспяваю выканаць цэлы ланцужок работ у гэтым напрамку, таму раблю 8-9 апрацовак… Я ніколі не мог падумаць, што сад патрабуе столькі выдаткаў: не толькі матэрыяльных, але і фізічных”. Акрамя гэтага, хапае яшчэ і работы з пустазеллем. Тут на дапамогу прыходзіць “хімія”. На працягу года на плантацыі трэба тры разы апрацаваць зямлю, каб хоць на некаторы час пазбавіцца ад пустазелля.
Яблычны ўраджай Гаўрылюка трапляе ў асноўным на айчынны прылавак, але ў мінулым годзе была спроба супрацоўнічаць і з Расіяй. Яна ўдалася, сёлета таксама былі запыты з краіны-суседкі, але, на жаль, ураджай 2013-га намнога меншы, чым у мінулым годзе. “Гэты год не вельмі ўдалы не толькі для мяне, але і для другіх садаводаў. Калі ў мінулым годзе галіны гнуліся ад пладоў, то сёлета многія гатункі яблынь не цвілі”, – засмучаецца гаспадар “Бацькаўшчыны”.
Са збытам прадукцыі праблем няма, бо за столькі гадоў работы ўжо ёсць пастаянныя кліенты, якія загадзя турбуюцца аб запасах на зіму. А выбіраць ёсць з чаго: у садзе яблыні, плады якіх пры правільным захоўванні могуць ляжаць да сакавіка, а некаторыя – і да чэрвеня.
З самага пачатку сустрэчы цікавіла пытанне: ці мае Міхаіл Іванавіч агранамічную адукацыю. Аказалася, не. “На самым пачатку фермерскай дзейнасці мне вельмі дапамагаў брат-аграном. А зараз мяне ў гэтай справе падтрымліваюць інтэрнет, літаратура і семінары”, – быў адказ майго субяседніка.
Акрамя саду, ва ўладаннях Міхаіла Гаўрылюка ёсць яшчэ і бульбяныя палеткі, і агароднінныя. Так, на градках растуць і морква, і капуста, і буракі…
Вось так гараджанін па пашпарце (сям’я Міхаіла Іванавіча жыве ў Брэсце), а вясковец у душы адрадзіў бацькоўскія землі і збірае тут ураджай кожны год.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ КАМЕНЦА
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
ШАГ: «Молодость – время выбора»: Молодые избиратели-будущее государства» прошел в Новицковичской СШ
-
Ситуация с водой в Беловежском. Новый комментарий ЖКХ
-
В Турне Большой состоялось первое совещание штаба, посвященное подготовке к «Дожинкам-2025»