Пазналі маленькіх беларусаў у лодцы? Даніла і Дар’я Калько ў свой час удзельнічалі ў рэдакцыйным конкурсе “Твар “НК” (“Лицо “НК”), але сёння размова пойдзе не пра іх, а дакладней – не толькі пра іх. Знаёмцеся, калі ласка: Юлія Калько – любімая і любячая мама юных камянецкіх “зорачак”…
– Я нарадзілася ў Навіцкавічах, – пачынае Юлія. – У гэтай вёсцы прайшло маё дзяцінства. Тут былі першыя сябры і сяброўкі, першыя разбітыя каленкі. І першы клас быў таксама там – у мясцовай сярэдняй школе. У 2000 годзе наша сям’я пераехала ў Каменец, і атэстат я атрымала ўжо ў СШ №2.
– Кім вы былі: выдатніцай з прыкладнымі паводзінамі ці гарэзай?
– Вучылася добра, але не выдатна. А калі гаварыць наконт паводзін, то прыкладнасцю яны не асабліва адрозніваліся. (Усміхаецца.)
– Калі вызначыліся з будучай прафесіяй і хто даў вам лёсавызначальную параду?
– Настаўніцай вырашыла стаць у апошняй чвэрці 11 класа. Паўплывала на мяне цудоўная настаўніца беларускай мовы і літаратуры са Свішчоўскай СШ Валянціна Вітальеўна Шаўцова, якая дапамагала мне рыхтавацца да ЦТ па роднай мове. Мы многа гаварылі пра школу, і менавіта яна падштурхнула мяне на педагагічную сцежку. Я паступіла ў БрДУ імя Пушкіна, паўтара года адвучылася на вочным аддзяленні, потым перавялася на завочнае. Чаму? Пайшла працаваць у школу.
Першым маім педагагічным калектывам стаў калектыў Дварцоўскай БШ, якая сёння, на жаль, ужо не існуе. Цёплыя ўспаміны аб ёй і цяпер саграваюць мяне… Гэта былі лепшыя гады! І супрацоўнікі, і кіраўніцтва, і дзеці – усе сталі мне роднымі. Нідзе мяне так не апякалі. Усяго адзін год я працавала ў Дварцах, да закрыцця школы.
– А потым…
– Мяне перавялі ў СШ №1 Каменца. Стала педагогам-арганізатарам. Упершыню! І ўсё для мяне было новае, цікавае. У райцэнтры выйшла замуж і пайшла ў дэкрэтны водпуск з сынам Данілам. Паля яго завяршэння даведалася пра вольную стаўку ў Навіцкавіцкай СШ, і… карані прыцягнулі. 10 гадоў працавала на малой радзіме – вяла ўрокі роднай мовы і літаратуры, АБЖ, абслугоўваючай працы, была педагогам-арганізатарам. Нарадзіла дачку Дар’ю і зноў вярнулася ў сцены дарагой школы.
– Чым вам імпанавала праца з дзецьмі?
– Тым, што, знаходзячыся побач з імі, душой ніколі не пастарэеш! Я адчуваю сябе сёння на 16. (Усміхаецца.) Часам гэта весела, часам – пужае. Школа – гэта ўвесь час нешта новае, рух, жыццё, усмешкі.
– Калі б можна было змяніць прафесію, зрабілі б гэта?
– Не паверыце, у апошні дзень 2019-га так і сталася, я кардынальна змяніла сваё жыццё. Пакінула педагогіку і пайшла… у армію. На ваенную службу па кантракце.
– Як?!
– З дзіцячых гадоў ува мне была асаблівая павага да людзей у форме. Мой тата – ваенны. А як я, дзяўчынка, у свой час зайздросціла майму брату, што ішоў у армію! Мне карцела адправіцца з ім. Таму новая мая работа мае менавіта такі накірунак. Ужо месяц я – аператар КСА ваеннай часці 48684 2-га радыёлакацыйнага вузла 2284-га асобнага радыётэхнічнага батальёна, якая забяспечвае абарону дзяржаўнай мяжы ў паветры. І ведаеце, новая справа, як новая кніга, чым далей, тым цікавей. Прызнаюся, што хвалявалася, пераходзячы з жаночага калектыву ў той, дзе большасць складаюць мужчыны, але непакоілася дарма. Мяне сустрэлі вельмі прыязна. Шчыра дзякую дружнаму калектыву часці, які падтрымлівае мяне. Адчуваю, што ўжо стала сваёй…
Асабліва складана было ў першыя дні прызвычаіцца да свайго выгляду ў люстэрку, пасля спадніц, блузак і туфляў на абцасах (вельмі іх люблю!) бачыць сябе ў форме і берцах.
Пра дзяцей
– Раскажыце падрабязней пра дачку і сына…
– Данілу 12 гадоў, ён больш спакойны, сур’ёзны, але менш адказны за Дар’ю ў адносінах да вучобы. І ўжо сёння сын ведае, кім хоча быць – поварам у арміі!
А дачка больш творчая, увесь час нешта малюе, лепіць, выразае… Яна такая мэтанакіраваная, што сама зайздрошчу гэтай якасці яе характару. Мае дзеці – мой гонар, маё шчасце, маё ЎСЁ.
– Якімі прынцыпамі кіруецеся ў выхаванні дзяцей?
– Люблю іх. Хачу, каб яны ніколі не ўсумніліся ў гэтым! Абапіраюся на лепшае ў іх, веру ў іх, імкнуся зразумець. І, безумоўна, стараюся быць прыкладам для Данілы і Дар’і.
Пра конкурс
– Як гэта: быць мамай маленькіх «зорачак», якія ўсміхаюцца са старонак раённай газеты, з календара на сцяне, з білбордаў у розных гарадах Беларусі?
– Проста. У любым выпадку яны – мае любімыя дзеці. Так было да конкурсу, так будзе заўсёды.
– У каго ўзнікла ідэя прыняць удзел у конкурсе “Твар “НК”? Што ён даў вам і дзецям, чаму навучыў?
– Пра конкурс я прачытала ў раённай газеце, зірнула на сына з дачкою і міжволі падумала: “Яны ж сапраўдныя беларусы, белагаловыя, блакітнавокія!” Усёй сям’ёй мы абмеркавалі наш магчымы ўдзел і вырашылі: варта! Падалі заяўку. Потым была першая фотасесія, падчас якой Дар’я і Даніла адчувалі сябе спярша не ў сваёй талерцы, але потым, дзякуючы старанням Віктара Дулевіча, раскрыліся. І нават пачалі самі прапаноўваць ідэі! Пазней фатаграфаваліся ў народных беларускіх касцюмах і ў адзенні гадоў Вялікай Айчыннай, якія мы шылі дома самі.
Дзеці “загарэліся” падобнымі конкурсамі. Помню адзін ад БРСМ – “Сэлфі & фота з вышыванкай”. Для фотасесіі мы знайшлі тады вышытыя кашулю для Данілы, сукенку маёй мамы для Дар’і і блузку, што засталася ад маёй прабабулі (!), для мяне. Дэкарацыямі сталі маляўнічая Лясная і лясныя сцежкі, дзе мы пазіравалі на веласіпедах. Нашы фота занялі 1 месца ў раённым этапе конкурсу і 2-е ў сваёй намінацыі ў абласным. Шчыра дзякую тым, хто галасаваў за нас!
З апошніх назаву яшчэ конкурс дэкламавання вершаў ваеннай тэматыкі. У нашым відэароліку сын і дачка чытаюць кранальны паэтычны твор. Вось цяпер чакаем вынікаў, трымаем кулачкі. (Усміхаецца.)
Пра сям’ю
– У чым, на вашу думку, сакрэт шчаслівай, дружнай сям’і?
– Меркаваць пра яго магу з той прычыны, што перада мною ёсць жывы прыклад – цёплыя адносіны ўнутры нашай вялікай сям’і. У яе складзе я з дзецьмі (з мужам мы развяліся), мае бацькі і два браты. Прычым адзін з іх працяглы час жыў у Маскве, але цяпер ён і яго нявеста з намі. Жывём усе побач, і гэта радуе. Любім сумесныя чаяванні, збор грыбоў і ягад, працу на агародзе ў бабулі і гасцей. Іх у нас многа! У доме, дзе жывём, нават прымаўка нарадзілася: “Калі па пад’ездзе ходзяць людзі, адразу зразумела, чые яны госці”.
А сакрэт шчаслівай сям’і – у падтрымцы адно аднаго.
– Ці ёсць у вас сямейныя традыцыі?
– Заўсёды ўсе разам упрыгожваем навагоднюю ёлку і вешаем на яе прадметы, што сімвалізуюць нашы жаданні. Яны, трэба прызнацца, заўсёды становяцца рэальнасцю. На дзень нараджэння – абавязковае чаяванне, торт са свечкамі і адно жаданне. А для дзяцей – бонус. Ім дазваляецца загадаць і 3, і 4 запар… А яшчэ штогод у першыя грыбы мы ідзём толькі разам.
– Як бавіце вольны час?
– Разам з дзецьмі катаемся на веласіпедах, гуляем па лесе, фатаграфуем жывёл, птушак і расліны, якія сустракаем. Калі яны незнаёмыя, шукаем у інтэрнэце. Нам усё цікава!
– Якімі будуць сёлетнія летнія канікулы ў сувязі з каранавірусам?
– Планы пра паездкі, на жаль, увасобіць у жыццё не давядзецца, але мы не засмучаемся. Магчыма, восенню выберамся некуды, калі сітуацыя стабілізуецца. Цяпер жа стараемся лішні раз з дому не выходзіць.
– Ці ёсць у вас хобі, занятак для душы?
– Калі з даўніх, то фатаграфія. Люблю здымаць пейзажы. А любімыя мае мадэлі… Здагадайцеся хто? Правільна! Мае дзеці! Да таго ж, нядаўна захапілася вышыўкай крыжыкам.
– Любіце падарожнічаць?
– Гэта наш любімы занятак! Былі з дачкой і сынам у Маскве, Вільнюсе, Рызе, Юрмале, проста закахаліся ў Балтыйскае мора. Марым пра Ізраіль і Мёртвае мора, Кітай, з якім пакрысе знаёмімся бліжэй, я асабіста – пра Парыж. Калі ездзіш за мяжу, пачынаеш глыбей усведамляць, як любіш сваю краіну…
– Аб чым марыце?
– Каб усе былі здаровыя і шчаслівыя. А для сябе асабіста: вось бы здзейсніць… кругасветнае падарожжа!
Гутарыла Настасся НАРЭЙКА.
Фота з архіва Юліі КАЛЬКО.
Это может быть интересно:
-
17 сентября, в День народного единства, нотариусы Брестчины будут консультировать бесплатно
-
Кибершпионские группы и сообщества хактивистов. Кто несет угрозу учреждениям и предприятиям Беларуси
-
Белстат проведет масштабный опрос населения в Беларуси этой осенью
-
Важные изменения для белорусов в сентябре: зарплаты, базовая ставка и новый учебный год
-
Охрана природы, таможенное дело, образование: на портале «Е-Паслуга» в этом году появилось 70 новых услуг