З творчасцю Юліі Атрошчанкі, што працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Навіцкавіцкай СШ, чытачы раёнкі пазнаёміліся яшчэ на мінулым тыдні, калі раёнка апублікавала яе эсэ “Легенда пра Дзікае паляванне на Зямлі Беларускай”, якое заняло 2 месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі”. А сёння я прапаноўваю вам зазірнуць у глыбіні душы гэтага незвычайнага чалавека, педагога, кандыдата філалагічных навук і аматара фальклору. І пачнём, вядома ж, з Радзімы…
– Я нарадзілася ў вёсцы Верасніца на Гомельшчыне, Жыткавіцкі раён, – распавядае Юлія. – Дакладней – на Тураўшчыне. Дзяцінства маё і юнацтва прайшлі на беразе Прыпяці.
– Які прадмет падчас вучобы ў школе быў вашым любімым?
– У школе аддавала перавагу матэматыцы. У вольны час любіла рашаць прыклады пад песні “Rammstein”. Увогуле, школьныя гады помняцца першым каханнем, выпрабаваннем сябе і дасягненнямі. Была прызёрам рэгіянальнага юрыдычнага конкурсу, перамагала ў абласных алімпіядах па беларускай мове, атрымала прэмію спецфонду Гомельскага аблвыканкама па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі, іграла на фартэпіяна і балалайцы ў аркестры. Было нават пасведчанне трактарысткі. (Усміхаецца.)
– Калі і як абралі будучую прафесію?
– Я і не выбірала – яна перадалася мне ў спадчыну, па традыцыі. Усе мае родныя – настаўнікі, маці – дырэктар школы. Нядаўна мая цётка, выкладчык матэматыкі, узялася падлічваць агульны стаж нашай педагагічнай дынастыі. Звыш 800 гадоў! З 1883-га, калі пры Верасніцкім прыходзе святар Стэфан Сулкоўскі, дзед маёй прабабулі, адкрыў 1-класную царкоўна-прыходскую школу для хлопчыкаў, у якой займаўся 21 вучань.
– Ці лёгка было паступаць ў Белдзяржуніверсітэт?
– Зрабіла дзве спробы. Пасля 10 класа паступіла ў юрыдычны каледж пры БДУ, але не пайшла вучыцца. А ўжо пасля 11-га выдатна здала экзамены і прайшла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта. Паступаць было весела, нібыта ўдзельнічаеш у латарэі. (Усміхаецца.) Патрабаванні высокія – не параўнаць з ЦТ! Першы экзамен па беларускай мове пісалі больш за 5 гадзін: там былі і самадыктант, і тэсты адкрытага ды закрытага тыпаў, і міні-сачыненне (мне выпала тэма «Ці ёсць будучыня ў кнігі?»). Пасля такога выпрабавання больш як палова абітурыентаў адсеялася, а конкурс быў 5 чалавек на месца!
Шлях у навуку
– Чым запомніліся студэнцкія гады?
– Сустрэчамі з вядомымі літаратарамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры, пра якіх раней толькі чытаў або па тэлевізары глядзеў. Імёны пачалі набываць рэальныя абрысы, ператварацца ў жывых людзей. Міфалогію нам выкладала дачка Івана Шамякіна, беларускую літаратуру – сын Івана Навуменкі. Аўтары школьных падручнікаў і дапаможнікаў чыталі лекцыі і прымалі экзамены. Запомніліся сустрэчы з Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Уладзімірам Арловым, сынам Якуба Коласа – Міхасём Міцкевічам.
– Якія сцежкі прывялі пасля БДУ ў Акадэмію навук?
– Туды мяне прывяла кіраўнік дыпломнай работы, фалькларыст Рыма Кавалёва. Пасля абароны дыплома камісія дала мне накіраванне ў аспірантуру. Я падзякавала і… адмовілася. А Рыма Мадэстаўна патэлефанавала ў тагачасны аддзел фалькларыстыкі Інстытута культуралогіі, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі і парэкамендавала маю кандыдатуру. Мне засталося толькі прывезці дакументы і здаць экзамены. Так і пачаўся мой шлях у навуку…
– Як вы былі звязаны з філфакаўскай лабараторыяй беларускага фальклору? Што яна дала вам?
– Гэта вучэбна-навуковая лабараторыя – месца, куды выкладчыкі з кафедры прыходзілі адпачыць душой. Ініцыятарамі яе стварэння былі выдатныя беларускія фалькларысты ХХ стагоддзя Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч. Тагачасны загадчык ВНЛ Таццяна Марозава навучыла нас пісаць справаздачы, арганізоўваць канферэнцыі, гутарыць з прафесарамі, рэдагаваць і ўкладаць навуковыя зборнікі, ацыфроўваць аўдыязапісы – зберагаць беларускую культуру.
Гэта лабараторыя вядомая і сваімі праектамі: тэлепраграмай “Запрашаем на вячоркі”, канферэнцыяй “Шырмаўскія чытанні”, інтэрнэт-альманахам “Дзьмухавец”. Любы аматар вуснай народнай творчасці можа даслаць свой матэрыял у рэдакцыю і стаць адным з аўтараў альманаха.
Мой асабісты ўклад у працу ВНЛ – распрацоўка электроннай базы даных жанравага архіва.
(Дарэчы, у нумары “Дзьмухаўца” за май 2020 г. былі апублікаваны вусныя апавяданні на мясцовым дыялекце, запісаныя Юліяй Атрошчанкай у 2012 г. ад Ганны Лявонцьеўны Атрошчанкі, 1926 г. н., з Навіцкавічаў і Вольгі Несцераўны Гірылюк, 1931 г. н., з Гулевічаў.)
Урок павінен нагадваць шоу са шматлікімі ілюстрацыямі
– Як вы сталі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Навіцкавіцкай СШ?
– Выйшла замуж за жыхара Навіцкавічаў. Мой муж родам з Гомельшчыны, але пасля Чарнобылю яго сям’я пераехала сюды. Помню, звярнулася наконт работы да дырэктара мясцовай школы Ірыны Мешчанчук. Вельмі спагадлівы і добразычлівы чалавек, яна чула аднеслася да маёй просьбы. З таго часу імкнуся радаваць яе адказнай працай і педагагічнымі дасягненнямі.
– Ці адчуваеце ў сабе пакліканне настаўніка?
– Я вырасла ў педагагічным асяроддзі, таму яно – пачуццё натуральнае, падсвядомае.
– Што азначае для вас “быць настаўнікам”?
– Сёння з’яўляцца ім азначае быць далёка не толькі настаўнікам. Педагог нясе не толькі веды, а і адказнасць за жыццё вучняў. І за жыццё іх бацькоў, і за іх дабрабыт. Мы імкнёмся да якасці адукацыі, але падмяняем яе рэйтынгам. Веды, што дзіця павінна атрымаць у школе, зводзяцца да ўмення рашаць тэсты, а работа настаўніка – да рэзультатыўнасці ўдзелу ў конкурсах і алімпіядах.
– Які, на вашу думку, статус настаўніка ў сучасным грамадстве?
– Даволі нізкі, што выражаецца як у грашовым эквіваленце, так і ў адносінах бацькоў да школы. Спадзяюся, сённяшняя сітуацыя з каранавірусам паказала, што без настаўніка цяжка арганізаваць самастойнае аддаленае навучанне. Працэс засваення ведаў – рэч індывідуальная. Тут патрэбны асобасны падыход і імправізацыя.
– Як ахарактарызуеце сучасную моладзь?
– Гэта суцэльны жывы арганізм, які імгненна рэагуе на ўсё новае, актыўна ўключаеца ў модныя рухі і абсалютна не разумее, чаго хоча для сябе ў будучыні. Сучасны вучань арыентаваны на зрокавую, феерычную, крэатыўную падачу інфармацыі. Таму ўрок павінен нагадваць шоу са шматлікімі ілюстрацыямі. Каб не чытаць твор, школьнікі шукаюць экранізацыю ці аўдыёкнігу; перавагу аддаюць тэставай форме заданняў, каб менш пісаць. Адсюль – праблема: сучасныя вучні не ўмеюць лагічна, звязна фармуляваць свае думкі. Самае “завальнае” пытанне для іх – “Чаму?” Дзеці не вінаватыя ў гэтым. Каб нешта змяніць, трэба мяняць сістэму адукацыі.
А што вы зрабілі, каб разумець мову
– Што азначае для вас беларуская мова?
– Гэта мая родная мова, мова майго народа. Я вырасла з ёй, вучылася ў беларускамоўнай школе. Лічу, што без мовы няма нацыі. Дзіву даешся, калі чуеш, як бацькі абсалютна сур’ёзна выступаюць за выключэнне яе з праграмы, быццам бы дзеці не разумеюць тое, што вучаць. Тады хочацца запытацца ў іх: а што вы самі зрабілі, каб ваша дзіця разумела родную мову?
– Ці можна навучыць чалавека любіць сваю мову?
– Гэта цяжка, але трэба старацца.
– Хто з беларускіх пісьменнікаў вам найбольш блізкі? Пэўна, Караткевіч, мяркуючы па эсэ для конкурсу “Белай Русі”?
– Не толькі. Захапляюся віртуёзнасцю стылю і наватарствам Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча. Ганаруся п’есамі Аляксея Дударава.
– Што паслужыла натхненнем падчас напісання згаданага эсэ?
– Пісалася цяжка. Тэма ў гэтым годзе сугучная з тэмай маёй дысертацыі, таму хацелася паглыбіцца ў навуковыя загадкі міфаў і легенд Беларусі. Вырашыла ісці “па актуальшчыне”: сёлета адзначаем 75-годдзе Вялікай Перамогі і 90-годдзе Караткевіча. Паспрабавала аб’яднаць дзве даты – відаць, атрымалася няблага.
– Ці не пісалі вы калі-небудзь вершы?
– У юнацтве, як і ўсе закаханыя падлеткі. (Усміхаецца.)
– Як бавіце вольны час?
– Гляджу кіно, чытаю кнігі.
– Якімі хацелі б бачыць у будучыні сваіх дзяцей?
– Галоўнае, каб выраслі добрымі людзьмі. Не важна, якая ў цябе прафесія і колькі ты зарабляеш, калі цябе не паважаюць іншыя.
– Як плануеце ставіцца да іх, калі давядзецца быць ім не толькі мамай, але і школьным настаўнікам?
– Мама – заўсёды настаўнік, няхай і вучыць побытавым рэчам, а не школьным прадметам, няхай і ацэньвае нас не адзнакай, а простым словам. Сумяшчаць 2 пасады, як мінімум, цікава…
👤 Распытвала Настасся НАРЭЙКА
Это может быть интересно:
-
Работа с цифрами и любовь к порядку: история Виктории Алексейчук из ОАО «Савушкина пуща»
-
21 НОЯБРЯ ПРАВОСЛАВНЫЕ ХРИСТИАНЕ ПРАЗДНУЮТ СОБОР АРХИСТРАТИГА МИХАИЛА И ПРОЧИХ НЕБЕСНЫХ СИЛ БЕСПЛОТНЫХ
-
БЕЗОПАСНОСТИ РАДИ… РЕЙД ПО ДОМОВЛАДЕНИЯМ СЕМЕЙ, ГДЕ ДЕТИ ПРИЗНАНЫ НАХОДЯЩИМИСЯ В СОЦИАЛЬНО ОПАСНОМ ПОЛОЖЕНИИ ИЗ-ЗА ЗЛОУПОТРЕБЛЕНИЯ РОДИТЕЛЕЙ АЛКОГОЛЕМ, ПРОШЕЛ НА КАМЕНЕТЧИНЕ
-
У Михаила Третьякова из ОАО «Беловежский» рабочий кабинет в поле…
-
По стопам отца и деда пошел главный инженер ОАО «АгроТурна» Сергей Литвинович