Першая наша сустрэча з настаўніцай англійскай мовы СШ №2 Каменца Юліяй Алясюк адбылася ў фае школы, дзе з пачатку бягучага года пачала дзейнічаць сур’ёзная прапускная сістэма. І, прызнаюся шчыра, заўсёднае хваляванне перад інтэрв’ю з незнаёмым чалавекам імгненна выпарылася, калі ўбачыла шчырую, добрую ўсмешку. Яшчэ падумалася тады: менавіта такім і павінен быць настаўнік, асабліва той, што вучыць дзетак малодшага ўзросту.
Мы размяшчаемся ва ўтульным класе, у якім праз 30 хвілін пачнецца класная гадзіна 5 “В”. Будзем знаёміцца? Юлія нарадзілася і вырасла ў Ратайчыцах, скончыла ў 2017-м Свішчоўскую СШ і паступіла на факультэт нямецкай мовы ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (другая замежная мова – англійская).
– Я ніколі нават не думала, кім быць, – тлумачыць яна свой выбар прафесіі. – Заў сёды бачыла сябе толькі ў школе! Праўда, спачатку сур’ёзна думала пра настаўніка малодшых класаў, але вывучала нямецкую мову, у мяне атрымлівалася, мне падабалася, таму і спынілася на ёй. Вельмі ўдзячна сваім настаўнікам: Валянціне Васільеўне Боевай, якой, на жаль, ужо няма з намі, яна вучыла яшчэ майго тату, і Руслане Адамаўне Астапенка, якая працуе з дзецьмі і сёння.
Цікаўлюся, ці складана было паступаць у сталічную ВНУ пасля вясковай школы, і Юлія расказвае пра старанную падрыхтоўку да ЦТ і вусных экзаменаў (былі тады і такія!) без дапамогі рэпетытараў, а таксама падспор’е ў выглядзе мэтавага накіравання ад аддзела па адукацыі райвыканкама.
Пяць гадоў вучобы праляцелі, як адно імгненне, і сталі вельмі яркім і цікавым часам. Прыгадаць хаця б ІІ Еўра пейскія гульні 2019 года, падчас якіх студэнты былі валанцёрамі і карысталіся вельмі карыснай магчымасцю гутарыць з носьбітамі замежнай мовы. Пашчасціла Юліі і з інтэрна там, у адным пакоі з ёю жылі сяброўкі-аднакурсніцы, з якімі падтрымлівае сувязь і сёння.
Калі прыйшла пара размеркавання (у 2022-м), маёй суразмоўніцы прапанавалі месца ў роднай школе, але яна спыніла свой выбар на Каменцы, бо хацелася ў горад. Значным быў і той момант, што менавіта тут бацькі атрымалі кватэру як мнагадзетная сям’я, праблем з жыллём не ўзнікла. У Юліі Алясюк – дзве малодшыя сястры, Таццяна сёлета заканчвае акадэмію сувязі ў Мінску, будзе тэхнікам патэлекамунікацыях, а Маша – 5-класніца.
– Ці помніце свой самы першы ўрок?
– Безумоўна! У 3 класе. Было вельмі трапятліва і хвалююча! Мы, канешне, праходзілі практыку ад ВНУ, але гэта зусім іншае. Тут упершыню напоўніцу адчула, што я – настаўнік. Дзеці прыглядаліся да мяне: хто перад імі, што за новы прадмет будзе выкладаць… Цікава. Маім куратарам у педагагічнай працы стала Вікторыя Антонаўна Бондар, якой вельмі ўдзячна. Як і намесніку дырэктара школы Святлане Анатольеўне Машаргіной. У любы час магу да іх звярнуцца па параду і дапамогу. Для мяне як маладога спецыяліста стала карысным наведванне адкрытых урокаў калег і правядзенне сваіх, гасцямі якіх станавіліся больш вопытныя настаўнікі. Можна было нешта ўзяць для сябе, зрабіць высновы…
Сёння Юлія Міхайлаўна вучыць англійскай мове малодшых дзетак: трэція, чацвёртыя і пятыя класы. У дзень у яе звычайна па 5 урокаў, ёсць і ў першую змену, і ў другую.
– Маім вучням з прычыны ўзросту асабліва цікавая змена дзейнасці. Ім падабаецца вучыцца ў выглядзе гульні – так прасцей успрымаецца матэрыял. Таму стараюся выкарыстоўваць больш гульнёвых момантаў. Гавару дзецям, што за старанне на ўроку яны могуць атрымаць бонусы – гэта таксама цікава і матывуе. Калі бачу, што маім хлопчыкам і дзяўчынкам не сумна на занятках, у мяне самой з’яўляецца яшчэ больш натхнення нешта вынаходзіць для іх!
З пачатку бягучага навучальнага года Юлія Алясюк – класны кіраўнік 5 “В”, і яе 7 дзяўчынак і 13 хлопчыкаў дапамагаюць маладому педагогу абжывацца ў новай ролі. Яна вучыцца будаваць з імі адносіны, бываюць, вядома, і канфлікты, падчас якіх настаўніца дапамагае знайсці кампраміс. І разам з тым, мая суразмоўніца стараецца захоўваць дыстанцыю між настаўнікам і вучнямі… Больш сяброўская атмасфера можа панаваць у асобных сітуацыях, напрыклад, на нейкіх пазакласных мерапрыемствах (нядаўна, напрыклад, усім класам хадзілі ў кіно, былі разам на адкрыцці ёлкі, першае вялікае падарожжа – у планах на вясновыя канікулы).
Калі цікаўлюся трыма якасцямі, якімі павінен валодаць настаўнік, Юлія называе адказнасць, шчырасць і адкрытасць.
У вольны ад работы час мая суразмоўніца ахвотна чытае і кожны раз, як першы, адкрывае для сябе Рэмарка, чые творы займаюць для яе асобнае месца, самы любімы раман – “Трыумфальная арка”. З не меншым захапленнем займаецца Юлія і развядзеннем пакаёвых кветак, мяняецца з мамай, а калі бачыць у некага прыгожы экземпляр, просіць парастак. У гэтым навучальным годзе, як займела свой кабінет, прынесла ў яго кветкі – каб была прыгажосць. Акрамя таго, прыносяць задавальненне і прагулкі з сябра мі па горадзе: да парка ды вежы, і настольны тэніс таксама.
– Які лепшы адпачынак для настаўніка?
– Цішыня! – усміхаецца Юлія. – Проста пазагараць, лежачы на траве. З кнігай.
– Не шкадуеце аб выбары прафесіі?
– Ніколькі! Калі бачу дзяцей, якім цікава вучыцца, у мяне вырастаюць крылы.
Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара
Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam
Это может быть интересно:
-
Маленькая история семьи Кунц из Новицкович
-
Александр Обламский из Комаровщины — о своей необычной ферме
-
История подводного спецназовца Ивана Хинича из Каменецкого района
-
Тамара Дроздзік з Макарава – пра простую філасофію сацыяльнага работніка
-
История Нины Гаврилюк из Паникв, которая никогда не знала своего отца