У суботу, 16 лютага, у Навіцкавічах прайшоў традыцыйны валейбольны турнір памяці воіна-інтэрнацыяналіста Васілія Ігнацюка, які загінуў у Афганістане.
У гэты раз на пляцоўцы мясцовай школы сабраліся чатыры каманды: гаспадары – валейбалісты “Новага шляху” – прымалі каманды “Белавежскі”, “Агра-Зарэчча” і “Экстрым”. Перад удзельнікамі спаборніцтваў выступілі начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Васілій Канаховіч і дырэктар Навіцкавіцкай школы Ірына Мешчанчук.
Усе аматары валейболу згодзяцца, што каманда “Белавежскага” на цяперашні час наймацнейшая ў раёне. Але, тым не менш, турнір у Навіцкавічах з’яўляецца для іх своеасаблівым “Бярмудскім трохвугольнікам”. Чым інакш растлумачыць тыя кульбіты лёсу, якія год ад году дорыць ім мемарыял Васілія Ігнацюка? Вось і ў мінулую суботу не абышлося без сюрпрызаў. Добра распачаўшы гульню з “Агра-Зарэччам” і выйграўшы першы сэт, белавежцы ў выніку саступілі. Здавалася, перамога ў турніры ўжо нікуды не дзенецца ад вайскоўцаў – галоўны прэтэндэнт павергнуты. Падмога прыйшла ад “Экстрыма”. Саступіўшы ў вочным паядынку белавежцам, “экстрымалы” страцілі шанцы на перамогу ў турніры, але падставіць падножку камандзе “Агра-Зарэчча” былі зусім не супраць. Праўда, падстаў для такога зыходу было мала – вайскоўцы паказвалі больш прывабны валейбол і павінны былі “прыбіваць” “Экстрым”. Вынік. Выйгралі. Хто? “Экстрым”. Як?! Тактычна правільна пабудаваўшы гульню. Гульня на блоку і ў абароне, а таксама падманныя дзеянні ў атацы – вось тры асноўныя кампаненты, за кошт якіх былі бітыя ў трох сэтах вайскоўцы. Праўда, такая перамога так і не падсунула “экстрымалаў” з трэцяга месца. Затое вывела белавежцаў на, здавалася б, ужо згубленае першае месца. Шанцуе, дык шанцуе! “Агра-Зарэчча” – на другім месцы, “Новы шлях” – на чацвёртым.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Новый сезон Первой лиги «Нива» начнет домашним матчем с «Днепром»
-
В Каменце прошел турнир по футболу среди юношей 2017 года рождения
-
Новые достижения наших каменецких спортсменов
-
Каменецкий район занял 2 место в областном смотре-конкурсе по спорту высших достижений и подготовке спортивного резерва за 2024 год
-
В Бресте прошло открытое первенство по легкой атлетике