Праблема забруджвання прэсных водаў існуе ва ўсім свеце. Без вады, як кажуць, сапраўды ні туды і ні сюды: чалавечы арганізм на 75-80% складаецца з Н20, а ўсё чалавецтва штодзённа “выпівае” амаль паўтара мільёна кубаметраў вады! Але ж, акрамя біялагічнай патрэбы, куды больш расходуецца вады для асабістай гігіены, у прамысловасці, энергетыцы, сельскай гаспадарцы…
Зыходзячы з актуальнасці праблемы, сёлета група вучняў Высокаўскай СШ 16-19 жніўня ў межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” правяла экспедыцыю па рацэ Пульва. Дарэчы, яе назва, магчыма, узнікла ад слова “пульва” з комі-пярмяцкай мовы, якое азначае “вада”, ёсць і іншыя версіі. Гісторыя сведчыць, што калісьці гэтая рака была суднаходнай. Якой яна была ў недалёкім мінулым, сведчаць і чорна-белыя здымкі, што ў архівах школьнага музея і гарадской бібліятэкі. Вось што расказала ўраджэнка Высокага Валянціна Новікава: “Паміж мостам і лазняй была лодачная станцыя, вада ў рацэ была чыстая, побач не было агародаў, на лужку не касілі – там загаралі, пляж быў цудоўны. А колькі ў Пульве было рыбы… Камусьці прыйшло ў галаву выпрастаць рэчку! Пабудавалі плаціны, шлюз, сапсавалі рэчку, яна абмялела, забрудзілася…”
Лёс Пульвы хвалюе высакаўчан. Патрабуецца аднаўленне русла ракі і сажалак у паркавай зоне, дзе знаходзяцца ўнікальныя культурна-гістарычныя і біялагічныя аб’екты. Наша экспедыцыя якраз і праводзілася дзеля вывучэння антрапагеннай трансфармацыі ракі, г.зн. негатыўных перамен пад уплывам дзейнасці людзей. Пульва бярэ пачатак у Польшчы, яе даўжыня – 54 км. А наш маршрут склаў каля 40 км па родным краі, ён быў даволі складаным, але цікавым. Нялёгка прабірацца праз высокі травастой, забалочаныя ўчасткі, завалы, ды і прайсці давялося больш, чым меркавалася, згодна з картай. Неацэнную дапамогу аказалі работнікі метэастанцыі і гідрапаста ў Высокім, кансультацыю далі і спецыялісты ачышчальных збудаванняў. А ўзначальвала экспедыцыю кіраўнік гуртка “Юны краязнаўца” Лада Мікалаеўна Данілюк. Ядро групы склалі вучні 10-11 класаў, вопытныя турысты. Без аналізу, падвядзення вынікаў любая экспедыцыя застаецца незавершанай. І такі аналіз зроблены: творчыя справаздачы падрыхтавалі Яраслаў Ігнаценка, Дзмітрый Яраховіч, маршрут экалагічнай сцежкі склалі Валерыя Лісагір і Міхаіл Сазонаў, фота- і відэаматэрыялы аформіў Ігар Кукіш. Свой уклад унеслі і дзяўчынкі: загартаваліся ў паходах Вольга Сачык, Софія Асіпук… Вынікі летняга турыстычнага сезона былі падведзены на традыцыйнай вераснёўскай вучнёўскай канферэнцыі. Цікавасць да краязнаўства ў нашай школе расце, і ў бліжэйшы час плануецца ўдзел у конкурсе на лепшую краязнаўчую экспедыцыю, які праводзіць раённы цэнтр турызму і краязнаўства.
Марына КУРНЯЎКА, вучаніца 11 класа Высокаўскай СШ.
Это может быть интересно:
-
Получил второе гражданство – сообщи!
-
В ходе совместного рейда контролирующих органов выявлены нарушения перевозки пассажиров
-
По инициативе одной из партий в Минске прошла диалоговая площадка
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины проведет республиканскую профилактическую акцию «Меняй свой стиль на зимний!».
-
ОАО «Александрия-Агро»: Готовы к новым вызовам!