Аб выніках работы эканомікі за I квартал 2012 года Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку 17 красавіка далажыў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вынікі работы за першы квартал 2012 года прадэманструюць агульныя тэндэнцыі і пакажуць на тыя вынікі, якія можна мець у канцы года, а таксама дапамогуць выявіць насцярожваючыя фактары. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, як выконваецца яго даручэнне адносна праблемных прадпрыемстваў, узняў пытанні аб дзейнасці ў краіне банкаў з замежным капіталам, працэсе рэалізацыі дзяржаўных праграм. Аляксандр Рыгоравіч зноў закрануў праблему, якая знаходзілася ў цэнтры ўвагі ў час яго нядаўняга наведвання Брэсцкай вобласці, – дапамогі з рэалізацыяй сельскагаспадарчай прадукцыі жыхароў Столінскага раёна.
Ён нагадаў, што даў даручэнне віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму разабрацца з вытворчасцю ў краіне мармуровага мяса. «Трэба пабудаваць на Палессі завод па перапрацоўцы, паставіць лініі, гэта нічога не каштуе, гэта два месяцы – прывёз і зманціраваў лінію, ажыццявіць там забой жывёлы, паглядзець, як еўрапейцы пакуюць, рыхтуюць гэта мяса, аддаць штосьці ў Мінск, рэстараны гатовы купляць гэта мяса, а астатняе прадаць у Расію. Гэта вельмі добры бізнес і прыбытак для нашых сялян», – лічыць Прэзідэнт.
Закрануў Прэзідэнт і пытанні меліярацыі зямель. “Меліярацыя – гэта зона асаблівай маёй увагі. Трэба ў гэтай пяцігодцы паўмільёна гектараў зямлі, як мы дамаўляліся, вярнуць у севазварот. Там, дзе прайшлі з меліярацыяй, люба-дорага паглядзець на краіну. Гэта зусім іншая Беларусь. Гэта такая чысціня і парадак, як у нас у гарадах і аграгарадках ужо», – сказаў кіраўнік дзяржавы. «Таму трэба наводзіць парадак на зямлі, трэба абавязкова прафінансаваць меліярацыйныя праграмы, аж да таго, што здымаць рашэннем урада з іншых сельскагаспадарчых праграм грошы, нават, можа, з закупак тэхнікі», – лічыць Прэзідэнт.
«У гэтай пяцігодцы праграму трэба выканаць, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – А на наступную пяцігодку застанецца падчыстка тых зямель, якія менш урадлівыя, але іх трэба таксама вяртаць у абарот. Там крыху большыя затраты будуць, але і такіх зямель у нас няшмат».
«Гэта значыць трэба нашай дзяржаве пераходзіць на выкананне тых функцый і задач, якія менавіта дзяржава павінна ажыццяўляць. Мы не павінны нікому сёння ні трактары купляць, ні камбайны, ні трэсціся за малако і мяса – гэтым павінны займацца суб’екты гаспадарання, гаррайвыканкам і аблвыканкам максімум. Мы павінны займацца дзяржаўнымі праектамі», – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што комплексы праблем выкрышталізоўваюцца ў час паездак па краіне. «Таму трэба, каб члены ўрада пастаянна бывалі ў калектывах, і праблемных калектывах. Не трэба баяцца. Людзі нас зразумеюць, людзі разумеюць, у якой сітуацыі сёння краіна, яны разумеюць, што незаробленых грошай ніхто сёння не дасць. Да людзей трэба ехаць і з людзьмі трэба працаваць», – падагульніў Прэзідэнт.
Як далажыў прэм’ер-міністр, урадам прыярытэтна сканцэнтравана ўвага на выкананні даручэнняў аб тым, што рэалізуемыя праекты павінны быць акупныя, а эканоміка прадпрыемстваў і ў цэлым рэгіёнаў павінна паляпшацца. Паводле яго слоў, у гэтым плане ёсць пэўныя поспехі. У першым квартале прамысловасць краіны працавала з рэнтабельнасцю продажаў 10,4 працэнта, сельская гаспадарка – 15,3 працэнта. Такім чынам, палітыка закупачных цэн, маркетынгавая палітыка сведчаць аб тым, што эканамічная плацежаздольнасць суб’ектаў гаспадарання значна палепшылася.
На рэгіянальным узроўні бюджэтная палітыка гэтага года, якая была прапанавана ўрадам і падтрымана Прэзідэнтам, была накіравана на тое, каб павысіць самадастатковасць мясцовых бюджэтаў. Па выніках першага квартала прафіцыт мясцовых бюджэтаў склаў Br3,9 трлн. У большай ступені гэтыя сродкі прафіцыту сканцэнтраваны ў Мінску, Мінскай і Брэсцкай абласцях. У сувязі з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ад такіх сродкаў, заробленых абласцямі, людзі павінны адчуць аддачу. «Таму і пытанні, звязаныя з камунальнай гаспадаркай, грамадскім транспартам, павышэннем заработнай платы, і пытанні патаннення працэнтных ставак па крэдытах, якія сёння яшчэ дастаткова высокія, – для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны. Але патанненне таксама можа ажыццяўляцца за кошт гэтых сродкаў», – сказаў прэм’ер-міністр.
Рэалізацыя дзяржпраграм па сельскагаспадарчым блоку ў першым квартале прафінансавана ў аб’ёме 25 працэнтаў ад запланаванага на год, будаўніцтва – на 21 працэнт. Гэта дало магчымасць даволі актыўна весці будаўніцтва і малочнатаварных ферм, і жылля, і адпаведнай інфраструктуры. Так, за першы квартал уведзена ў эксплуатацыю 1,3 млн.кв.м жылля.
Што датычыцца работы ў цэлым эканомікі краіны, то, паводле статыстыкі, за студзень-люты бягучага года склалася дадатнае сальда ў памеры $838 млн. Гэтыя даныя ўключаюць не толькі гандлёвы абарот. Расце прыток валюты ў краіну, перавышаючы амаль на $900 млн. яе адток.
Такім чынам, паляпшэнне эканамічнага становішча адзначаецца на ўсіх узроўнях: і прадпрыемстваў, і рэгіёнаў, і ў цэлым краіны. Расце і тавараабарот. Калі ў студзені ён складаў 103,5 працэнта да даволі высокага ўзроўню першага квартала 2011 года, калі быў павышаны попыт на прадукцыю, у сакавіку бягучага года ён павялічыўся яшчэ на 10,5 працэнта.
БелТА
Это может быть интересно:
-
Военная академия Республики Беларусь ждет вас в в своих рядах!
-
Брестская пограничная группа объявила творческий конкурс на лучший рисунок имиджевого образа
-
Мошенники продолжают обманывать доверчивых граждан
-
В Беларуси продолжается подготовка к поступлению в Институт пограничной службы.
-
Что такое газлайтинг и как его используют мошенники?