Шчасця вам і дабрабыту!

Камянеччына адзначае 68-ю гадавіну з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета ўрачыстасці з гэтай нагоды пройдуць у Каменцы сёння, 21 ліпеня. Іх падрабязная праграма – на другой старонцы. Так што, шаноўныя чытачы, пасля таго, як дачытаеце гэты нумар “Навін”, паспяшайцеся ў гарадскі парк, каб разам са сваімі сябрамі і суседзямі адсвяткаваць Дзень горада.

З чым прыйшоў Каменец да свайго свята? Што дае нам падставы для гонару за родны край, а над чым трэба яшчэ працаваць? Што змянілася і якія перамены чакаюць нас у бліжэйшым будучым? Аб гэтым – размова са старшынёй Камянецкага раённага выканаўчага камітэта Андрэем Пісарыкам.

– Добры дзень, Андрэй Мікалаевіч, са святам горада вас.

– Прывітанне, і вас таксама. Адразу ж  хачу павіншаваць з Днём горада ўсіх камянчан і ўсіх жыхароў Камянеччыны. Гэта свята – асаблівае, яно яднае нас на нашай малой радзіме, нагадвае, што трэба яе берагчы, клапаціцца аб ёй і, вядома, ганарыцца ёю!  На Камянеччыне жывуць шчырыя людзі, якія любяць свой край. Працавітыя і неабыякавыя да яго лёсу. Іх праца, іх клопат аб роднай зямлі – бадай, галоўнае, што дазваляе нашаму раёну дынамічна развівацца і дасягаць значных паказчыкаў у эканамічным развіцці. І невыпадкова, што сёлета менавіта ў нас будзе праходзіць абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2012”. Гэта таксама ацэнка нашай працы, і мы заслужылі гэта. Са святам, паважаныя жыхары Камянеччыны!

– Вы згадалі пра “Дажынкі”. Калі ласка, раскажыце больш падрабязна пра падрыхтоўку да абласнога свята. Тэма, як кажуць, на слыху…

– Сапраўды так. І гэта зразумела – падрыхтоўка да “Дажынак” накладвае свой адбітак на жыццё горада. І гараджане, і госці Каменца бачаць гэта на свае вочы: горад становіцца больш прыгожым і добраўпарадкаваным. Я ўпэўнены, што нам не сорамна будзе перад хлебаробамі ўсёй Брэстчыны. Сёння мы ўжо зрабілі звыш паловы запланаванага. Усяго ж у планах рамонту, рэканструкцыі і будаўніцтва больш за 40 аб’ектаў.

– А як вызначаліся тыя аб’екты, па якіх крытэрыях?

– Галоўны крытэрый – павышэнне камфортнасці жыцця ў горадзе. Мы імкнуліся ўключыць у планы рамонту і тыя аб’екты, якія ўдзельнікі фестывалю, пэўна, не заўважаць і не ацэняць. Але пайшлі менавіта гэтым шляхам. Як прыклад – наша бальніца з амбулаторыяй. Амаль палова сродкаў, выдаткаваных на “Дажынкі”, накіравана менавіта на іх рамонт і рэканструкцыю. Такім чынам, мы практычна завершым унутраны рамонт бальніцы, значна палепшацца ўмовы і ў паліклініцы. Таксама гэта датычыцца рамонту дзіцячага садка №1. Ужо з зімы працуем на гэтым аб’екце і да восені ён будзе значна абноўлены: і дах, і фасады, і, галоўнае, унутраныя памяшканні, на якія патрабаваліся значна большыя выдаткі. Яшчэ адзін прыклад – школа №2. Тут мы таксама робім значны рамонт, ужо зрасходавана больш за 3 мільярды рублёў. Можа, гэтага і не відаць цяпер, у дадзены момант, але школа таксама зменіцца. Новыя вокны, гэта камянчане ўжо заўважылі, дахі, многа іншага ўнутры будынка. Так, гэтымі работамі – і ў садку, і ў школе – мы стварылі часовыя нязручнасці для дзяцей, настаўнікаў, бацькоў. Але яно таго вартае. Як бачна з гэтых прыкладаў, мы рамантуем аб’екты важныя, у першую чаргу, для жыхароў горада. Мяркую, гэта правільны выбар, правільная тактыка, гэта датычыць і рамонтаў шматкватэрных дамоў.

А тое, што выгляд горада істотна зменіцца, так бы мовіць, звонку, відаць ужо зараз. Практычна поўнасцю адрамантавана вуліца Леванеўскага, праз месяц завершым рэканструкцыю стадыёна, значна зменіцца “трохвугольнік” ля перакрыжавання вуліц Брэсцкай і 8-га Сакавіка. Спадзяюся, апошні аб’ект – з фантанам, лавачкамі, кветнікамі – стане ўлюбёным месцам адпачынку камянчан. Плануем істотна рэканструяваць пляцоўку ля Вежы – пакласці там прыгожую плітку, узвесці новы адміністрацыйны будынак. Зменіць свой выгляд і цэнтральная плошча Каменца.

Абагульняючы ўсё сказанае, адзначу, што ўсе работы ідуць згодна з планамі, без значных адставанняў ад графікаў і да 1 верасня мы здадзім асноўныя аб’екты. Безумоўна, нешта і застанецца, але ўсё гэта мы зробім і пасля “Дажынак”.

– Што іменна?

– Тая ж самая паліклініка, перакладка цеплатрас. Таксама ў планах на гэты год застаецца капітальны рамонт вуліцы Пагранічнай. Тэрміны работ па яе добраўпарадкаванні ў мікрараёне “Замасты” залежаць ад фінансавых сродкаў, але ў любым выпадку гэтую вуліцу з цягам часу мы адрамантуем. Што да іншых аб’ектаў, то ніякіх сумненняў наконт іх завяршэння ў мяне няма.

Ды і ўвогуле, калі што не так, – камянчане падкажуць, бо жыхары горада самыя пільныя кантралёры. Яны заўважаюць усё: што робім, дзе робім, як робім…

– А потым выказваюць свае меркаванні. І, бывае, даволі непахвальныя…

– Маеце на ўвазе чацвёрты паверх будынка райвыканкама?

– Так. Думаю, зараз вам трэба адказаць гараджанам на іх пытанне: “Навошта?”

– Я б спытаў не “навошта?”, а “для чаго?” А яшчэ лепей “для каго?” І адказ на такое пытанне просты – для людзей. Так, не для чыноўнікаў, а для людзей. Патлумачу.

Першачарговая мэта дабудовы чацвёртага паверха – сабраць у адным будынку ўсе службы райвыканкама, работа якіх звязана непасрэдна са зваротамі жыхароў раёна. Мяркуйце самі: аддзел ЖКГ райвыканкама знаходзіцца ў будынку гарсавета, там жа цэнтр занятасці, там жа галоўны архітэктар раёна. А цяпер уявіце сабе, колькі разоў даводзіцца хадзіць з райвыканкама ў гарсавет чалавеку, які, напрыклад, жадае стаць на чаргу на будаўніцтва жылля або атрымаць ільготны крэдыт. А калі мы перавядзем гэтыя службы ў будынак райвыканкама, усе неабходныя дакументы можна будзе аформіць тут жа, на месцы. Зручна? Зручна.

Яшчэ адна прычына будоўлі дадатковага паверха – стан будынка нашай рэдакцыі. Надта ўжо непрывабны выгляд ён мае. Дык вось, пасля пераводу названых службаў у будынак райвыканкама мы плануем перавесці рэдакцыю “Навін” у будынак на Савецкую. А цяперашнім “жыллём” рэдакцыі ўжо зацікавілася БТІ, і калі атрымаецца перавесці іх, то зручнасць для гараджан і жыхароў раёна стане яшчэ больш відавочнай… Для чаго, уласна, і спатрэбілася рэканструкцыя будынка райвыканкама.

– Зразумела, дзякуй за тлумачэнні. Каб закрыць ужо тэму “Дажынак”, апошняе пытанне: чаму ў спісе аб’ектаў няма гасцініцы ў Каменцы?

– Надзённае пытанне. Адразу адзначу, што ў прынцыпе ў раёне няма вялікай праблемы з размяшчэннем турыстаў ці камандзіраваных. Ёсць аграсядзібы, чатыры гасцініцы ў Камянюках, добрая гасцініца ў Белавежскім, неўзабаве з’явіцца яшчэ адна – у Расне. Праблема ў тым, што няма гасцініцы менавіта ў райцэнтры. Шчыра скажу, спачатку планавалася будоўля невялікага атэля на пляцоўцы ля спарткомплексу. Але прыярытэт быў аддадзены сацыяльным аб’ектам – тым жа бальніцы, школе, садку… Увогуле, на маю думку, гэтая сфера павінна быць у руках прыватнага капіталу. Збіраецца ж будаваць гасцініцу і кафэ ля новай запраўкі фірма з Пінска. Так і ў гэтым выпадку: хай прыходзяць інвестары – мы прапануем ім не толькі ўчастак ля спарткомплексу, але і шэраг іншых. Мы толькі рады будзем.

– Што ж, Андрэй Мікалаевіч, з “Дажынкамі”, мабыць, усё высветлілі. Але ж не адным абласным фестывалем жыве горад і раён. Як пражыла Камянеччына першую палову года, які стан нашай эканомікі? Спадзяюся, лепшы, чым стан будынка рэдакцыі?

– Значна лепшы. Пачну, зразумела, з сельскай гаспадаркі. Шэсць месяцаў мы адпрацавалі добра, выконваем практычна ўсе даведзеныя нам паказчыкі. Гэта настройвае на аптымістычны лад. Хоць, заўважу, не ўсімі гэтымі паказчыкамі я задаволены. Так, мы перавысілі заданне па тэмпах росту на тры дзясятыя працэнта, але маглі бы павялічыць яго і больш. Рэзервы для гэтага ёсць… Зараз ідзе жніво. На сёння ўжо ўбрана без малога 20 працэнтаў зерневых. Радуе сёлетняя ўраджайнасць – яна вышэй за мінулагоднюю на 12 працэнтаў, і мы па гэтым паказчыку пакуль на чацвёртым месцы ў вобласці. Хлеб на нашай зямлі ёсць, і, па ўсім відаць, ураджай збяром нядрэнны. Цяпер галоўная задача – нягледзячы на надвор’е, правесці жніво ў найкарацейшыя тэрміны і з мінімальнымі стратамі. Такім чынам ужо зараз створаны значны падмурак для далейшага развіцця сельскай гаспадаркі.

– У тым ліку і ў жывёлагадоўлі?

– Безумоўна. Вось толькі некалькі лічбаў. Надой малака сёлета вырас на сем працэнтаў, адпаведна ад каровы – на 143 кілаграмы. Павялічылася і таварнасць малака – зараз яна складае 89 працэнтаў. Гэта значыць, мы сталі больш яго прадаваць, а гэта, у сваю чаргу, грошы для гаспадарак і павелічэнне зарплаты работнікам. Дадам таксама, што далейшаму развіццю мяса-малочнай галіны значна паспрыяе рэканструкцыя малочнатаварных фермаў. Згодна з даручэннем Прэзідэнта, сёння з 14-і гаспадарак раёна ў 13-і вядуць рэканструкцыі. Усе работы ў гэтым накірунку вядуцца згодна з планамі. Ёсць невялікія адставанні, але мы іх за ліпень нагонім. Мэта ж усіх рэканструкцый адна – зрабіць фермы больш функцыянальнымі. Што я маю на ўвазе? Кожная ферма павінна адпавядаць усім тэхналагічным параметрам па вытворчасці малака.

– Некалькі слоў аб прамысловасці…

– Прамысловасць у нас, у параўнанні з іншымі раёнамі, невялікая. Але ж яна развіваецца і развіваецца нядрэнна. За паўгоддзе аб’ём прамысловай вытворчасці склаў 248,5 працэнта ў фактычных цэнах. У натуральным вылічэнні – колькасць вырабленых тавараў – прырост складае 118 працэнтаў, другі паказчык у вобласці. Таксама добрыя паказчыкі па экспарце – мы ўжо “натаргавалі” 21 мільён долараў, пры ўрадавым заданні на год у 35 мільёнаў. Няцяжка падлічыць, што гэтае заданне мы выканаем. Галоўныя ж “пастаўшчыкі” валюты ў раён – “Белавежскія сыры”, “Аграпрадукт” і “Белавежскі”. Дарэчы, “Аграпрадукт” таксама ў значнай ступені фарміруе і паказчык па прыцягненні прамых замежных інвестыцый: маецца на ўвазе будаўніцтва новага завода ў Абяроўшчыне.

– Няўжо ўсё так добра?

– На жаль, не. Наша эканамічная дзейнасць ацэньваецца ўрадам па 13-і паказчыках. І, паўтаруся, на жаль, некаторыя з іх мы пакуль не выконваем. Якія? Гэта паказчыкі па энергазберажэнні, па рознічным тавараабароце – тут ёсць і аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны, па рэнтабельнасці продажу прамысловай прадукцыі, што звязана з ростам закупачных цэн на сельгаспрадукцыю і энерганосьбіты. Таксама занепакоенасць выклікае паказчык інвестыцый у цэлым па раёне. Што тычыцца апошняга, дык тут вялікую ролю адыграла будаўніцтва аўтаабходу вакол Белавежскай пушчы: дарогу здалі, суадносна і знізіліся аб’ёмы грашовых унёскаў.

Увогуле ж эканоміка раёна працуе стабільна, надзейна. Ніякіх надзвычайных сітуацый няма. Трэба спакойна працаваць, выкарыстоўваць усе рэзервы і думаць над тым, як заўтрашні дзень зрабіць больш багатым, чым сённяшні. І тады ў нас усё атрымаецца.

– Дзякуй, Андрэй Мікалаевіч, за грунтоўныя адказы. Ці ёсць што дадаць на заканчэнне размовы?

– Ёсць. На пачатку размовы я павіншаваў жыхароў Камянеччыны са святам, а вось пра пажаданні ледзь не забыў. Таму выпраўляюся і шчыра, ад усяго сэрца, жадаю ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту і хай беражэ вас Гасподзь!

Гутарыў

Уладзімір ВЯРЭНІЧ.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий