«Наша семья дружна и едина, а значит, – непобедима». З такім дэвізам Юрый і Жанна Крэмезы, у якіх трое дзяцей, перамаглі ў раённым конкурсе на лепшую мнагадзетную сям’ю. Вось яны –
даверліва і добразычліва пазіраюць на нас з фатаграфіі. Прынамсі, і размова атрымалася не менш даверлівай і добразычлівай.
Пачынаць аповяд аб сям’і варта з таго моманту, калі адбылася тая самая (як у раманах!) лёсавызначальная сустрэча. 12 гадоў таму…
На той час Жанна жыла ў Брэсце. Пасля Пінскага педагагічнага вучылішча працавала па спецыяльнасці ў дзіцячым садзе, а потым вырашыла паспрабаваць сябе ў новай сферы – атрымала прафесію афіцыянткі (3-я катэгорыя). Роднае Пелішча наведвала часта, і аднойчы…
Перш чым працягваць, звернемся да лёсу будучага (на той час) мужа Жанны. Юрый Крэмез першыя шэсць гадоў жыцця правёў у Мінску, а потым другім родным горадам для яго стаў Каменец… Пасля школы звычайнай паступіў у школу міліцыі, скончыўшы якую стаў участковым. Завочна вучыўся ў Акадэміі міліцыі ў сталіцы, атрымаў павышэнне. Працаваў дазнавацелем, пасля – начальнікам аддзялення дазнання раённага аддзела ўнутраных спраў. Недзе на гэтым адрэзку і надарылася вышэй згаданая сустрэча. Аднойчы…
чарговы выезд, звязаны з крадзяжом кролікаў, прывёў Юрыя ў Пелішча. Яго напарнікам у той дзень, па волі лёсу, быў брат Жанны, які, безумоўна, не мог не зазірнуць дадому, не сустрэцца з сястрой. Жанна збіралася на дзень нараджэння. Юрый напрасіўся ў спадарожнікі. І… закруцілася.
(Дарэчы, на кожную гадавіну сустрэчы муж і жонка рыхтуюць адно аднаму сімвалічныя падарункі – статуэткі кролікаў).
Сёння падпалкоўнік Юрый Крэмез – намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта. Жанна вучыцца ў магістратуры Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта і працуе кіраўніком фізічнага выхавання ў яслях-садзе №2 райцэнтра.
Работа работай, але на першым месцы ў Крэмезаў – сям’я. У ёй падрастаюць 11-гадовая Яніна, 8-гадовы Андрэй і Насцечка, якой толькі 4 месяцы.
Яніна пойдзе восенню ў 6 клас камянецкай гімназіі. Дзяўчынка – круглая выдатніца, першая матуліна памочніца, сястрыччына нянька і вельмі рознабаковы чалавек. Танцы, бісерапляценне, квілінг, маляванне, фартэпіяна… І гэта яшчэ не зусім поўны пералік захапленняў Яніны.
Андрэй таксама ні ў чым не саступае сястры. Ён – трэццякласнік СШ №1. На маё пытанне “Што табе падабаецца больш: чытаць, пісаць ці лічыць?” упэўнена абраў матэматыку. Хлопчык раней займаўся танцамі, а цяпер пераключыўся на дзюдо, куды яго адвёў тата, першы аўтарытэт. З ім Андрэй ахвотна ловіць рыбу, з дзядулем збірае са спецыяльных “запчастак” караблі, а яшчэ добра гуляе ў шахматы.
Маленькую Анастасію ў сям’і называюць доўгачаканым цудам.
– Усе разам маліліся аб яе з’яўленні, – расказвае Жанна.
(Увесь час, пакуль працягвалася наша размова, малодшая дзяўчынка пераходзіла з адных ласкавых рук на другія.)
Да вяртання мамы з Насцяй з раддома ўжо старэйшыя (якія радасць і адказнасць!) брат з сястрой упрыгожылі дом кветкамі і плакатамі. Так тут святкуюць кожную важную дату.
З малых гадоў Юрый і Жанна прывучаюць дзяцей да працы. Прычым усё тут робяць разам: і яйкі фарбуюць да Вялікадня, і навагоднюю ёлку ўпрыгожваюць, і на Масленіцу бліны пякуць, і Дзень Перамогі святкуюць (гэта асабліва важная для сям’і дата).
Ва ўтульны дом Крэмезаў любяць прыходзіць госці, бо тут з імі ахвотна падзеляцца сямейным шчасцем. Шчасцем: пяць у адным.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.