Шчасце ў дзясятай ступені

IMG_3281Пагадзіцеся – цудоўнае фота. Яно зроблена падчас сустрэчы ў доме сямейнага тыпу Якавукоў вучнямі Турнянскай сярэдняй школы. Адным з накірункаў дзейнасці установы адукацыі з’яўляецца арганізацыя адпачынку дзяцей. Традыцыйнымі сталі сумесныя мерапрыемствы. Як паведаміла педагог сацыяльны школы Таццяна Сарноўская, шумна і цікава прайшло свята “Развесёлый Январик». Вучні праспявалі выхаванцам песні пра дружбу, калядкі, правялі рухомыя гульні. Дзеці з дома сямейнага тыпу таксама выканалі калядныя песні. Кожны з іх атрымаў заахвочвальны прыз. Але самай галоўнай узнагародай для ўсіх удзельнікаў і арганізатараў свята сталі станоўчыя эмоцыі, атрыманыя ў ходзе зносін. Урачыстасць працягвалася за “салодкім” сталом. Таццяна Генадзьеўна зазначыла, што з утульнага добраўпарадкаванага дома, напоўненага дзіцячымі галасамі, не хацелася выходзіць. Кожны, хто бывае тут, акунаецца ў цёплую атмасферу і адчувае гонар за сваю дзяржаву, якая для дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў,“запаліла” ачаг сямейнага шчасця.

Роўна год назад мы таксама пабывалі ў гэтым сучасным двухпавярховым доме на ўскрайку Турны. Як “прабег” тут 2012-ы? Гаспадыня Таццяна Анатольеўна Якавук распавядае:

—У вялікіх клопатах і такой жа радасці. Цяпер на дваіх з мужам Дзмітрыем Анатольевічам у нас 10 дзяцей – 24 жніўня летась з Бучамлянскай школы-інтэрната забралі брата і сястру, Алега і Валерыю. Цяпер яны, а таксама Кірыл, Мадэст, Галіна і біялагічны сын Давід вучацца ў Турнянскай СШ. Паша, які захапляецца музыкай, наведвае агульнаадукацыйную і музычную школы ў Высокім, жыве ў нашым бацькоўскім доме. Ульяна, Таіса, Сярожа наведваюць Турнянскі дзіцячы садок Увесь тыдзень працуе на “Белавежскіх сырах” Дзмітрый Анатольевіч. Уся сям’я сустракаецца толькі ў выхадныя. На сваім маленькім “Нісане-мікра” альбо вязу дзяцей у Высокае, альбо прывожу мужа і Пашу ў Турну. Так і бягуць дні. Сустрэчы, расстанні, гатаванне ежы, мыццё бялізны, паездкі, экскурсіі ў пушчу, Лядовы палац, на тэатралізаванае прадстаўленне ў Брэст… Дзякуй Богу, не забываюць сцежку да дома прадстаўнікі мясцовай улады, аддзела адукацыі, “Беларусбанка”, дапамагаюць чым могуць…

Напэўна, сям’я пачынаецца там, дзе пачуццё любові дапаўняецца ўсведамленнем мацярынскай і бацькоўскай адказнасці. Муж падтрIMG_3333ымлівае Таццяну Анатольеўну ва ўсім, многаму вучацца ў штодзённых жыццёвых сітуацыях, якія даводзіцца пераадольваць разам. Але лідар, вядома, Таццяна Анатольеўна. Яна – моцная і сумленная натура, як кажуць, бачыць мэту і ставіць задачу. Слухаючы яе, падумала: якія ж выпрабаванні гэтай сям’і не па плячы? Яны дружныя, імкнуцца справіцца з часовымі цяжкасцямі самі. Вось каб крыху яшчэ элементарнай увагі і істотнай дапамогі адпаведных службаў. На дадзены момант – праблема з вадою: сапсаваны гідрафор.А дзяцей трэба карміць, посуд памыць, не абысціся без вады ў санвузле… Як на тое самае пыласос паламаўся, прас згарэў… Як кажуць, лёс падкідвае праблемы. Праўда, верыцца, што ён не паскупіцца на падказкі і добрых людзей. У жыцці ўсё ўраўнаважана.

А што ж дзеці? Яны будуць расці, смяяцца, плакаць, памыляцца, засмучацца і дасягаць поспехаў – станавіцца людзьмі. Назіраць за імі, здзіўляцца разам з імі, дапамагаць, падказваць, перажываць і маліцца за іх – хіба не гэта формула чалавечага шчасця?!

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Добавить комментарий