Шчасце на семярых

Яны пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы ў Яцкавічах, у апошні дзень яго салдацкага водпуску. Як звычайна ў такіх выпадках, ініцыятыву праявіў хлопец, стройны пагранічнік, які звярнуўся да прыгажуні з банальнымі, але шчырымі словамі: “Девушка, можно с Вами познакомиться…” Гэта было ў 2003 годзе. А праз тры гады Георгій з Навасёлак нашага раёна і Марына з Яцкавічаў Брэсцкага павянчаліся ў Свята-Ануфрыеўскай царкве вёскі Ставы. Вялікая таямніца вянчання заручыла іх сэрцы назаўжды.

* * *

…Георгій Урэкій нарадзіўся ў Малдавіі, яму было ўсяго тры месяцы ад роду, як бацькі пераехалі  адтуль у Расію. А праз пяць гадоў – да сваякоў на Брэстчыну. Пасяліліся ў Навасёлках. Там Георгій закончыў спачатку мясцовую базавую, затым – сярэднюю школу ў Воўчыне. У той час марыў стаць спартсменам. А  пасля службы ў арміі працаваў вадзіцелем (пасведчанне атрымаў яшчэ ў школе) у мясцовай гаспадарцы. Неяк прапанавалі сесці за руль міліцэйскай машыны – згадзіўся. І вось ужо дзевяць   гадоў – міліцыянер-вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы райаддзела,  цяпер – старшына міліцыі. Сярод сціплых узнагарод – Ганаровая грамата райсавета дэпутатаў – за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, актыўную работу па ўмацаванні правапарадку і дыпломы за прызавыя месцы (у 2008 годзе – за першае) у спаборніцтвах па рукапашным бою сярод супрацоўнікаў аддзелаў унутраных спраў Брэстчыны. І нароўні з узнагародамі захоўваецца блаславенне мітрапаліта Філарэта – як духоўны наказ супрацоўніку міліцыі.

* * *

Сям’я Марыны  ў свой час пераехала на Брэстчыну з Усць-Каменагорска. Дзяцінства дзяўчына правяла, як яна сама апавядае, у бібліятэцы і аэрапорце, бо маці была бібліятэкарам, а бацька – авіятэхнікам. Закончыла Лышчыцкую сярэднюю школу, марыла вучыцца ва ўніверсітэце. Мара збылася: два з паловай гады займалася на стацыянары, затым – завочна, цяпер – на 4-м   курсе філалагічнага аддзялення Брэсцкага дзяржуніверсітэта. Дарэчы, закончыла  еўрапейскую школу карэспандэнцкага навучання “Ешко” па англійскай мове.

* * *

Галоўнае багацце сям’і – дзеці. Старшая дачка – шасцігадовая  Міраслава – сёлета ідзе ў школу. Гэта вялікае сямейнае свята. У кастрычніку пяць гадкоў споўніцца Міхаілу і два – Елісею. А Мікіту ўжо тры. Самая юная – двухмесячная Ефрасіння…

– Як Вы рашыліся нараджаць нават тады, калі гэта пагражала перапыніць вучобу?

На гэтае пытанне Марына адказала так: “ А нас жа двое! Сама, пэўна, не рашылася б. Ведаеце, нездарма кажуць, што трэцяе і чацвёртае дзіця заказвае муж. Каб Георгій не дапамагаў, хіба ж змагла б адолець сямейныя клопаты? А яшчэ мне часта ўспаміналася маё дзяцінства: як хацелася мець сястрычку, а быў толькі брат, з якім у лялькі не пазабаўляешся…”

* * *

Дапамога дзяржавы – істотная падтрымка для мнагадзетных сем’яў. Вось і Урэкіі атрымалі бясплатна ўтульную чатырохпакаёвую кватэру ў  пяціпавярховым доме на ўскраіне Каменца ля соснаў – раней жылі ў цеснай “хрушчоўцы”. Але не чакалі падарунка – бралі крэдыт, плацілі. У 2010-м атрымалі ключы  ад новай кватэры, а праз тры дні нарадзілася чацвёртае дзіця…

* * *

Сям’я – усяму пачатак, – упэўнены Георгій і Марына. І сямейны саюз павінен быць асвячаны. Мала прасіць жанчын нараджаць, трэба рыхтаваць маладое пакаленне да сямейнага жыцця – і дзяўчат, і хлопцаў. Так званы грамадзянскі шлюб – гэта анамалія, якая вядзе да страты сямейных каштоўнасцей, лёгкадумных адносін да сям’і. Усё часцей з трывогай гавораць пра сямейнае насілле…

– Ды паглядзіце сучасныя фільмы, нават дзіцячыя мульцікі – гэта ж антысямейная кінаіндустрыя: разбоі, жахі, разбэшчанасць, – зазначае малады бацька.

* * *

Часта бачу Георгія ў царкве з дзецьмі. А ў  кватэры, што  на першым паверсе, мяне ўразіла  жыватворная аўра яго сям’і – не проста парадак у доме, а дух еднасці, добразычлівасці. Упэўнены –  тут, ля ікон і лампадкі, ніколі не пачуеш грубага слова. Няма там  паху алкаголю і тытуню.

Менавіта духоўнасць сям’і дазваляе быць не проста Homo sapiens як біялагічнаму віду, а Чалавекам. Узняць грамадства на вышыню сапраўдных  сямейных каштоўнасцей – гэта, пэўна, больш складана, чым збудаваць утульны сямейны дом для сацыяльных сірот.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий