Сям’я, у якой пануе згода, – моцная сям’я. І не толькі таму, што тут падтрымліваюць і разумеюць адзін аднаго, але і таму, што ў гэтым іх шчасце. Шчасце быць ва ўсім разам. Па такіх канонах жывуць Барыс і Наталля Карэцкія ў Войскай. Яны выхоўваюць пяцярых дзяцей, разам з якімі і пішуць сваю кнігу пад назвай «Жыццё». І будзьце ўпэўнены, у гэтай гісторыі шчаслівых раздзелаў многа. А ўсё таму, што кожны новы дзень у іх пачынаецца разам.
Наталля і Барыс родам з Украіны. Узялі шлюб ў 1998 годзе, а праз год пераехалі ў Беларусь. Вырашылі “шукаць” сябе на Камянеччыне. Спачатку жылі ў Перкавічах. Уладкаваліся на працу і прыняліся каваць тут сваё шчасце. Было цяжка – родзічы далёка, і маладым нават парады не было ў каго спытаць. Але гэта не пужала, верылі, што ўсё перажывецца, складзецца. Праз некаторы час пераехалі ў Войскую, тут атрымалі кватэру. А ў 2008-м перасяліліся ў дом, прадастаўлены дзяржавай.
Барыс – механізатар. З раніцы да ночы працуе ў полі. Трэба гадаваць дзяцей, хоча, каб у іх усё было, і не горшае, чым у іншых. Таму галаву сямейства застаць дома не атрымалася. Наталля ў дэкрэтным водпуску. Але, нягледзячы на тое, што кружыць па хаце кожны дзень, як пчолка, – усіх памыць, накарміць, прычасаць – таксама бяжыць на працу. Яна – даглядчык жывёлы на ферме. Яшчэ і гаспадарку немалую трымаюць. Спытала, як жа яна спраўляецца з усім:
– Дзеці дапамагаюць. Яны ў нас хоць і малыя пакуль, але разумеюць, што бацьку з маці цяжка адным паспець ва ўсім, ды і вынік працы на падвор’і ў халадзільніку бачны.
Старэйшая дачка Алена вучыцца ў сёмым класе. Яна – выдатніца. Акрамя таго, займаецца ў Камянецкай школе мастацтваў па класе фартэпіяна. За поспехі дзяўчынка часта атрымлівае граматы, ёю задаволены педагогі. Стараецца быць прыкладам для малодшых. За ёй, як старэйшай з дзяцей, у доме замацавана прыбіранне.
Дар’я – пяцікласніца. У Расне займаецца ў танцавальным ансамблі «Непаседы». Яна – сапраўдны жыўчык. Дома ва ўсіх справах стараецца прыняць удзел. Але асабліва любіць дапамагаць маме на кухні.
Малодшая, Волечка, вучыцца ў трэцім класе. Таксама, як і Даша, любіць танцаваць. Яе абавязак дома – прыглядаць за братамі.
Уладзіку ў лістападзе споўніцца пяць. Але нягледзячы на свой зусім «нясталы» ўзрост паводзіць сябе па-мужчынску. Вырасце добрым абаронцам сясцёр. І, вядома, сапраўдным мужчынам – і справы мужчынскія. Таму Улада больш за ўсё цікавіць татаў трактар.
А самы маленькі, Арцёмка, – галоўная радасць у сям’і. Сваёй шчырай усмешкай падыме настрой усім нават тады, калі, здаецца, і немагчыма. Да яго звонкага залівістага смеху нават сонца прыслухоўваецца. Такі вось маленькі ўсюдыісны камячок сямейнай цеплыні і радасці.
Дзеці наперабой распавядаюць, якая мама добрая, з якой любоўю клапоціцца пра іх, як яна смачна гатуе і якія ў яе залатыя рукі і сэрца. Галоўнае правіла Наталлі ў выхаванні дзяцей – укласці ў іх самае лепшае, што зробіць іх годнымі людзьмі.
Такую вялікую сям’ю і планавалі. Гэта менавіта той выпадак, калі дзеці сапраўды жаданыя. Доўгі час не атрымлівалася нарадзіць. Наталля хвалявалася, але ўпарта верыла, што дзеці самі ведаюць, калі ім з’явіцца на свет.
Выхадныя ў Карэцкіх – сямейнае свята. Любяць выязджаць на прыроду, ходзяць у лес па грыбы, дзеляцца ўласнымі “адкрыццямі”, плануюць будучыню. Два гады назад сям’я перамагла ў конкурсе «Уладар сяла»: 1-е месца ў раёне і 3-е ў вобласці. Яно і нядзіўна, што сям’я, у якой кожнаму знойдзецца справа па густу, любіць актыўны адпачынак.
На жаль, ёсць у сям’і праблемы, рашэнне якіх ад іх саміх не залежыць. Барыс і Наталля дагэтуль не могуць атрымаць беларускае грамадзянства, хоць маюць на гэта ўсе правы.
Сёлета Наталля прадстаўлена райвыканкамам да ўзнагароджання ордэнам Маці…
Анастасія ЯНКІНА.
Это может быть интересно:
-
После реконструкции в Каменце открылось здание БТИ
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца
-
15 января на встрече с председателем районного Совета депутатов в Новоселках обсудили насущные вопросы