Штрафы павялічацца за язду ў стане ап’янення

gaiЗ 24 кастрычніка ўступае ў сілу Закон РБ №60-З “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне ў стане ап’янення транспартнымі сродкамі”. Праект закона быў прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ 19 чэрвеня 2013 года. Савет Рэспублікі адобрыў яго 28 чэрвеня. Закон падпісаны кіраўніком дзяржавы.
У новым Законе ўзмоцнена адміністрацыйная адказнасць за кіраванне ў стане ап’янення (гэта абцяжарваючая абставіна). У прыватнасці, істотна павялічаны сумы штрафаў за “кіраванне транспарт­ным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’я­нення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных або іншых адурманьваючых рэчываў, альбо перадача кіравання такой асобе, як і адмова ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі (медагляду) на вызначэнне стану алкагольнага ап’янення або стану, выкліканага ўжываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў (ч.1 арт. 18.16 Кодэкса адмі­ністрацыйных правапарушэнняў РБ)”. Цяпер штрафы складаюць ад 15 да 35 базавых велічынь (ад 1млн. 950 тыс. да 4 млн.450 тыс. рублёў. З 1 кастрычніка базавая велічыня – 130 тыс. рублёў). З 24 кастрычніка штрафы ўзрастуць з 50 да 100 базавых велічынь ( ад 6 млн.500 тыс. да 13 млн. рублёў).
Больш суровае пакаранне чакае і тых п’яных вадзіцеляў, па чыёй віне ў ДТЗ пацярпелі людзі. Уносяцца змены ў арт.317 Крымінальнага кодэкса РБ “Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў”. Нецвярозы вадзіцель, па віне якога прычынена цяжкае раненне або загінуў чалавек, можа атрымаць ад 6 месяцаў да 7 гадоў пазбаўлення волі. За гібель двух і больш чалавек у ДТЗ па віне п’янага вадзіцеля прадугледжана ад 4-х да 10-і гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў пакарання за такія злачынствы Кодэкс не прадугледжвае.
Сярод найбольш рэзанансных новаўвядзенняў – канфіскацыя аўтамабіляў: Закон дазволіць канфіскаваць транспартныя сродкі аўтамабілістаў, якія затрыманы за кіраванне ў нецвярозым стане транспартным сродкам паўторна на працягу года (маецца на ўвазе канфіскацыя ў межах крымінальнага заканадаўства). Больш таго, канфіскоўваць таксама будуць аўтамабілі, якія не належаць самому п’янаму вадзіцелю. Выключэнне зроблена для выпадкаў угону.
Дзеянне Закона пасля яго ўступлення ў сілу будзе распаўсюджвацца не толькі на беларускіх, але і замежных грамадзян.
Аляксандр ГЕРАСІМУК,
старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Камянецкага РАУС.

2 thoughts on “Штрафы павялічацца за язду ў стане ап’янення

Добавить комментарий