Што хавалася пад снегам?

P4110102З наступленнем цёплых вясенніх дзён і хуткім раставаннем снегу ўзнікае неабходнасць ва ўборцы і добраўпарадкаванні тэрыторый, але ўсё ж такі некаторыя з іх застаюцца недагледжанымі.

Праблема ўборкі тэрыторый па-ранейшаму стаіць востра як у сельскіх населеных пунктах, так і ў Каменцы, Высокім.

У перыяд, які папярэднічаў месячніку і суботніку па добраўпарадкаванні, спецыялістамі Камянецкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, інспекцыі аховы прыроды і прыродных рэсурсаў былі праведзены маніторынгавыя праверкі тэрыторый сельскіх населеных пунктаў і Высокага. Сумесна з рэдакцыяй раённай газеты “Навіны Камянеччыны” – маніторынг утрымання тэрыторый Каменца.

Найбольшая колькасць парушэнняў выяўлена ў Навіцкавіцкім сельсавеце. Засмечаны прыпыначны пункт і тэрыторыя каля магазіна. Не абсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі ў Навіцкавічах, Падбеле, Чарнаках, Пашуках, Хамуцінах, а каля кантэйнераў – звалкі смецця. Не прыбраны месцы, дзе раней стаялі дамы, у Падбеле. У гэтай жа вёсцы не наведзены парадак каля шматкватэрных дамоў. Таксама ў закінутым стане знаходзяцца былы P4110080інтэрнат ААТ “Новы шлях” і ФАП.

У Відамлянскім сельсавеце выяўлены рад  парушэнняў. Дрэнна выглядае прыпыначны пункт у Турне Вялікай (звалка смецця), а сама пабудова патрабуе рамонту. Не праведзена ўборка тэрыторыі зоны адпачынку на аўтатрасе каля Грушаўкі. А ў Прыазёрскім не абсталявана кантэйнерная пляцоўка, адсутнічаюць бетонная аснова, трохбаковая агароджа і накрыўка на кантэйнеры. Тут жа, у пасёлку, у безгаспадарным стане – прыпыначны пункт насупраць КПП рэспубліканскага санаторыя “Белая Вежа”. За плотам Турнянскага ФАПа – звалка смецця з мінулагодніх раслінных астаткаў. Агароджа ўстановы патрабуе рамонту і фарбавання.

Для Раснянскага сельсавета праблемным пытаннем ужо каторы год з’яўляецца ўборка дваровых і прылеглых тэрыторый шматпавярховай жылой забудовы ў Расне па вуліцы Юбілейнай.

IMG_8221Акрамя населеных пунктаў, звалкі смецця на могілках у Воўчыне, Паніквах, Баршчэве, Індычах, Дзмітровічах, Войскай, Мікалаеве. Ні на адным з названых аб’ектаў не абсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця.

Падчас маніторынгу не быў наведзены парадак на прылеглай да Пелішчанскага сельскага Савета тэрыторыі.

У Войскім сельсавеце ўжо каторы раз застаецца праблема з навядзеннем парадку на тэрыторыі сельскагаспадарчых аб’ектаў. Вельмі запушчаны стан тэрыторыі комплексу БРЖ в.Войская, дрэнна выглядаюць фермы і мехдвары.

Для Высокага вечная праблема – уборка тэрыторыі гаражнага масіву па вул.Будаўнікоў. Не арганізаваны пастаянны вываз смецця ад гарадскіх могілак. Акрамя гэтага, тут не завершана будаўніцтва агароджы. На новых могілках не абсталявана кантэйнерная пляцоўка.

Маніторынг па Каменцы паказаў, што з года ў год тут ужо з’явіліся свае пастаянныя “кліенты”, якіх нішто не пужае. Так, пустыр каля магазіна “Паўднёвы” ніколі не IMG_4925прыбіраецца. Па вул.Дзяржынскага, насупраць Камянецкага лясніцтва, і па дарозе ў гаражны кааператыў “Матор” ніколі не знікае гара смецця. Мабыць, людзі забылі, што кантэйнераў, якія тут раней стаялі, ужо даўно няма… З мінулага года не завершана ўборка тэрыторыі па вул.Лявонава. У гаражным кааператыве “Гараж” назіраюцца звалкі смецця. Ля магазіна гаспадарчых тавараў па Пагранічнай зламана агароджа. На Піянерскай грамадзяне вырашылі, што да будаўнічых гарадскіх адходаў можна дадаць і смецце са свайго падворка.

Па фактах выяўленых парушэнняў на адрас кіраўнікоў аб’ектаў падрыхтаваны рэкамендацыйныя лісты. Пытанне ўтрымання тэрыторый і навядзення парадку на зямлі застаецца на пастаянным кантролі ў Камянецкім райЦГЭ.

Яўгенія ДЗЕНІСЕНКА,

памочнік урача-гігіеніста Камянецкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі;

Наталля ГРЫЦУК,

карэспандэнт “НК”.

Добавить комментарий