У 11 сацыяльна значных паслуг, г. зн. тых, якія павінны быць даступны насельніцтву, уваходзяць і паслугі хімчысткі. У нашым раёне паслугі хімчысткі адзення і рэчаў аказваюць толькі ў Каменцы. Раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва заключыў дагавор з ІП ТАА “Буг-Поль” г.Брэст. Як наладжана супрацоўніцтва?
У тым, што насельніцтва ўсё менш карыстаецца паслугамі хімчысткі, аддаючы перавагу куплі таго адзення, якое лепш закінуць у пральную машыну, можна пераканацца, калі паглядзець, у што апранаюцца нашы гараджанкі і вяскоўкі. Цяпер носяць, у асноўным, практычныя сінтэпонавыя курткі і “пухавікі”. Дзе-нідзе сустрэнеш жанчыну ў дэмісезонным паліто ад “Элемы” або дзяўчыну ў футравай куртачцы. Не носяць сёння элегантныя кашміравыя паліто. Няўжо практычнасць узяла верх над модай або цэнавая палітыка хімчысткі недаступная? Каб атрымаць адказ на пытанне, звярнулася ў пункт “Пракат, мыццё і хімчыстка” Дома быту ў Каменцы.
Прыветлівая прыёмшчыца заказаў Алена Ніканчук паведаміла, што не такія ўжо і “кусачыя” цэны на паслугі хімчысткі. Напрыклад, чыстка дэмісезоннага паліто – 75 тыс. 150 рублёў, “пухавіка” – 89 тыс.рублёў, а дублёнкі, у залежнасці ад даўжыні і прапітвання слою, – ад 129 да 250 тыс. рублёў. Мужчынскі касцюм пачысцяць у сярэднім за 75 тыс., жаночы – за 65 тыс., мужчынскі пінжак – за 41 тыс. 600 рублёў. На гэты час не вельмі дорага. Хоць, безумоўна, на цане паслуг адбіваюцца затраты на хімрэактывы, куплю абсталявання, аплату работы спецыялістаў, падаткі і г. д. Але, як патлумачыла прыёмшчыца, прадпрыемства, з якім заключаны дагавор, прадставіла прэйскурант цэн на пералік вырабаў у хімчыстку, якім карыстаюцца пры прыёме рэчаў. Ды і не толькі адзення. Напрыклад, больш выгадна пачысціць плед са штучнага футра, што абыдзецца заказчыку да 75 тыс. рублёў, чым мыць яго ў ванне. І “пухавік” пасля “чысткі” яго ў пральнай машыне становіцца збітым у камякі, з падцёкамі, праз швы лезе напаўняльнік…
Не буду аспрэчваць, ёсць сучаснае адзенне, якое можна мыць. Але натуральныя, дарагія вырабы з тканіны ўсё ж патрабуюць хімчысткі. І хоць купіць такія рэчы можа дазволіць сабе не кожны, але, як высветліла, іх “абслугоўванне” даступнае. Праўда, існуюць агаворкі: заказ афармляецца без гарантыі на схаваныя дэфекты; не ацэньваецца на знос, кошт рэчы не бярэцца пад увагу. Што гэта значыць? Прадпрыемства хімчысткі не нясе адказнасці за прынятую рэч. Хоць, як патлумачыла Алена Ніканчук, за год яе работы прыёмшчыцай не было выпадкаў згубы рэчы або няякасна выкананай паслугі. ІП ТАА “Буг-Поль” даражыць сваімі кліентамі.
Наколькі мне вядома, у час працэдуры афармлення заказаў раней у айчыннай хімчыстцы прыёмшчык нават на ўчора, умоўна кажучы, купленыя рэчы, прынесеныя ў хімчыстку, ставіў знос у 80%. Што вярталі ў выпадку згубы або невыканання заказаў? Капейкі. Цяпер таксама існуе патрабаванне платы двухразовай цаны сапсаванай або згубленай рэчы. Але Закон аб абароне правоў спажыўцоў не заўсёды дзейнічае, хоць ён, спажывец, – галоўная асоба ў сэрвісе, ён плаціць за прадастаўленыя паслугі. Дарэчы, калі раптам узнікне пытанне аб кампенсацыі страт пры аказанні няякаснай паслугі або згубленай рэчы, павінна праводзіцца незалежная экспертыза. Пры гэтым за кошт прадпрыемства хімчысткі, якое аказала такую “паслугу”.
Неадназначная сітуацыя складваецца і з ацэнкай здаваемых рэчаў. Калі кліент ацаніў сваю любімую дублёнку, купленую на рынку, напрыклад, у 400 у.е., дык як павінен ацаніць яе прыёмшчык? Чалавек жа не прынясе чэк, ды і хіба ён яго будзе захоўваць? Ацэньваць жа неабходна, хоць робяць гэта не ўсе хімчысткі. У любым выпадку кошт тавара, з улікам зносу, павінен вызначацца па ўзгадненні з кліентам.
Кіраўніцтва Дома быту заключыла дагавор на аказанне паслуг хімчысткі адзення і рэчаў з уладальнікам малога бізнесу. І ў апошняга ёсць добрыя шанцы прыцягнуць кліентаў нашага рэгіёна не толькі даступнымі цэнамі, але і якасным выкананнем. А паслуга патрэбная.
Вера ІВАНЮКОВІЧ.
Это может быть интересно:
-
Радость в каждый дом: представители ОАО “Беловежский” поздравили детей в опекунских семьях
-
Белорусским мобильным операторам запретили подключать платные подписки без согласия клиента
-
С коллективами электрических сетей и представительства Белгосстрах по Каменецкому району состоялись диалоговые площадки
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации
-
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў сёння ў СШ №1 Каменца імя Л.С. Паеўскага