Пакаленню юнакоў, якім пашчасціла застацца жывымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ніколі не забыць франтавых дарог, зруйнаваных паселішчаў, гібелі сваіх таварышаў. Душэўныя раны ветэранаў ніколі не загойваюцца. Вайна карэнным чынам змяняла лёсы людзей, пера-
крэслівала юнацкія мары і планы. Вось і гэтых мужчын (на здымках) з розных вёсак Камянеччыны яна прымусіла расстацца са школай, многіх з іх – зведаць нямецкае рабства, а пасля вызвалення Беларусі ўдзельнічаць у баях на тэрыторыях Польшчы, Венгрыі, Германіі, Чэ-хаславакіі…. Сёння ім, ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай, гонар і павага.
Уладзімір Сідаравіч Ярашук нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Лашэвічы. Жылі бедна, таму ў школу Валодзя хадзіў толькі зімою, летам пасвіў жывёлу. Але пачатковую адукацыю атрымаў. Хацеў звязаць свой лёс з лясной прамысловасцю, ды пачалася вайна. У 1942-м фашысты расстралялі бацьку за сувязь з партызанамі. А маці некалькі разоў моцна збілі, і яна пазбавілася розуму. Уладзімір быў старэйшым у сям’і, усе клопаты пра хворую маці, малодшага брата і дзвюх сясцёр леглі на яго плечы. У 1944-м разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі яго адправілі ў Нямеччыну, але ў Польшчы з лагера спрабаваў уцячы. Не ўдалося, схапілі, хацелі расстраляць, але выратавала перакладчыца. Думка пра ўцёкі не пакідала. Збег, калі везлі ў Германію, выскачыў з акна таварнага вагона, пешшу дабраўся да родных у Гайнаўцы, адтуль пад выглядам хворага яго давезлі да Лашэвіч.
У жніўні 1944-га, пасля вызвалення вёскі, прызвалі ў армію. Ваяваў на 2-м Беларускім фронце, быў стралком-кулямётчыкам, камандзірам аддзялення. Вызваляў Польшчу, у адным з баёў першым убачыў танкі, аднаго падбіў. За гэта ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. У студзені 1945-га на тэрыторыі Германіі быў цяжка паранены, лячыўся ў розных шпіталях, дэмабілізавалі, да таго часу і вайна скончылася.
Пасля вяртання дадому ўладкаваўся лесніком і працаваў да самай пенсіі. Разам з жонкай выхавалі трох сыноў, ёсць унукі і праўнукі.
У паслужным спісе ветэрана – ордэны Славы 3 ступені і Вялікай Айчыннай вайны, медаль “За перамогу над Германіяй” і юбілейныя, нагрудны знак “Ветэран вайны 1941 –1945” і другія ўзнагароды.
Сцяпан Варфаламеевіч Кандрацюк рос у сялянскай сям’і ў Кукальчыцах. Да вайны скончыў 4 класы, асвоіў кавальскую справу, працаваў на зямлі. А ў пачатку 1943-га, калі яму ішоў 21-ы год, ажаніўся. І разам з жонкай па загаду мясцовага солтыса іх адправілі на прымусовыя работы пад горад Вормдзіт (цяпер – Арпета на тэрыторыі Польшчы). Жылі ў бараку, валілі лес на смалу. Калі нарадзіўся сын, жонку адпусцілі на радзіму. Але ў дарозе дзіця памерла, і жанчыну зноў прывезлі на работу. Вызваленне прыйшло восенню 1944-га. А ў снежні Сцяпана Варфаламеевіча мабілізавалі ў армію, пачынаў у кавалерыі ў Барысаве. Ваяваў на 1-м Беларускім фронце ў Германіі. 8 мая на Эльбе сустрэлі амерыканскія войскі. Далей служба праходзіла ў Жытоміры, у 1946-м дэмабілізаваўся. Але яго з жонкай несправядліва абвінавацілі ў тым, што працавалі на немцаў, адправілі ў Карэлію на лесапавал. Вярнуліся ў 1950-м. Сцяпан Варфаламеевіч працаваў трактарыстам у Ратайчыцах, сакратаром партарганізацыі ў калгасе “Рассвет”, пасля афармлення на пенсію яшчэ доўгі час узначальваў трактарную брыгаду.
З жонкай у пары яны былі амаль паўстагоддзя, выгадавалі дзвюх дочак. У адной з іх, Ніны, цяпер жыве Сцяпан Варфаламеевіч, радуецца дваім унукам і чацвярым праўнукам.
С. В. Кандрацюк узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За ўзяцце Кёнігсберга”, ордэнамі Айчыннай вайны, Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі юбілейнымі медалямі, нагрудным знакам “Ветэран вайны 1941–1945”.
Дзяцінства Сямёна Васільевіча Калядзіча прайшло ў Млынах. Да вайны ён скончыў 5 класаў (вучыўся ў Трасцяніцкай і Ратайчыцкай школах). Падчас акупацыі разам з бацькамі працаваў у гаспадарцы, на сваёй зямлі. На службу ў армію яго прызвалі ў жніўні 1944 года, пачынаў у Прыбалтыйскай ваеннай акрузе. Ваяваў у пяхоце на 3-м Беларускім фронце. Са станкавым кулямётам прайшоў нямала салдацкіх дарог. Удзельнічаў у баях ва Усходняй Прусіі, пад Кёнігсбергам, у адным з іх атрымаў раненне ў левае плячо, лячыўся ў Вільнюсе. Пасля заканчэння вайны служыў пад Ноўгарадам. Ён валодаў вялізнай фізічнай сілай і важыў больш за 100 кг. Займаўся гіравым спортам, падцягваўся на перакладзіне. Калі ў 1950 годзе вярнуўся дадому, два гады працаваў у Ратайчыцкай васьмігадовай школе настаўнікам фізкультуры. Затым асвоіў кавальскую справу, пайшоў у будаўнічую брыгаду. У яго – сын і дачка, чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Жыве на сваёй малой радзіме.
Ратны подзвіг Сямёна Васільевіча адзначаны медалямі”За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, юбілейнымі медалямі.
З Алешкавіч Мікалай Іванавіч Кірылюк. Тут скончыў 4 класы польскай школы, самастойна вывучаў рускую мову. Да вайны і ў час акупацыі працаваў на будаўніцтве шашы Відамля – Высокае. Калі раён вызвалілі, Мікалая 1 жніўня 1944 года мабілізавалі ў армію. Навабранцы з Каменца праз Пружаны пешшу дабраліся да Бярозы, адтуль цягніком – у Волагду, дзе прайшлі курс маладога байца. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы ў пяхотным палку на 2-м Беларускім фронце. У адным з баёў пад Варшавай быў паранены ў правую нагу, лячыўся ў шпіталі ў Кіславодску. А ў канцы мая 1945-га вярнуўся дадому. Працаваў у калгасе “Радзіма”, некаторы час – на машынна-трактарнай станцыі ў Каменцы. З жонкай выгадавалі сына. У Мікалая Іванавіча 19 узнагарод, сярод якіх – медаль “За адвагу”, ордэн Айчыннай вайны, нагрудны знак “Ветэран вайны 1941–1945”.
Біяграфія Міхаіла Рыгоравіча Калядзіча з Млыноў падобная на іншыя – юнацтва апаліла вайна. 4 класы Трасцяніцкай пачатковай школы, у час акупацыі дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У красавіку 1943-га адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію. Вясною 1944-га спрабаваў збегчы ад гаспадара, не ўдалося, за уцёкі – канцлагер у Польшчы. Быў вызвалены часцямі Савецкай Арміі ў Браўнсбергу, адкуль прызваны ў армію 7 лютага 1945 года. Міхаілу на той час было толькі 16, але, каб ваяваць, адпомсціць ворагу за зламаны лёс, дадаў сабе два гады, сказаў, што нарадзіўся ў 1926-м. Ваяваў на 1-м Беларускім фронце. Пад Пілау даведаўся аб тым, што вайна скончылася. Пешшу салдаты каля месяца дабіраліся да Гродна, дзе вялася падрыхтоўка да вайны з Японіяй. А ў пачатку жніўня 1945-га М.Р.Калядзіча адправілі на Далёкаўсходні фронт. Пад Растовам даведаліся аб атамнай бамбардзіроўцы Хірасімы і Нагасакі… З Растова Міхаіла Рыгоравіча перавялі ў Наварасійск, на Малую Зямлю. Тут і служыў да вясны 1950 года. Пасля дэмабілізацыі працаваў у калгасе “Радзіма”: брыгадзірам у Млынах, затым – у Алешкавічах. З жонкай яны выхавалі двух дзяцей, у яго чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў.
У Міхаіла Рыгоравіча шмат юбілейных медалёў, а таксама– “Вязню нацызма”, за працоўныя заслугі – ордэны “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Мікалай Якімавіч Курысь з Алешкавіч, да вайны скончыў 5 класаў польскай школы. Калі вёску захапілі немцы, хацеў пайсці ў партызанскі атрад, але бацькі не дазволілі, таму аж да вызвалення ад фашыстаў займаўся звыклай сялянскай працай. У армію прызваны ў верасні 1944 года. Удзельнічаў у баях за вызваленне Польшчы на 2-м Беларускім фронце. Служыў сувязістам у артылерыі, быў паранены, лячыўся ў шпіталі. Вярнуўся ў запасны полк, службу працягваў у танкавых войсках у Ленінградзе. У 1950 годзе вярнуўся ў родную вёску, працаваў жывёлаводам у калгасе “Радзіма”, лесніком. У сям’і Курысёў – дзве дачкі, тры ўнукі, два праўнукі. Улетку Мікалай Якімавіч жыве ў Алешкавічах, а на зіму перабіраецца да дачкі ў Каменец.
Сярод яго ўзнагарод – медаль “За адвагу”, нагрудныя знакі “25 год Перамогі” і “Ветэран вайны 1941 –1945”, юбілейныя медалі.
Рыгор Васільевіч Клюка з Відамлі ў сакавіку адзначыў 90-годдзе. Шкада, што не дажыла да гэтага часу жонка, з якой яны былі разам больш за паўстагоддзя. Гэта да яе ў 1954-м Рыгор Васільевіч прыехаў прасіць рукі і застаўся ў Відамлі жыць. Выхавалі трое сыноў. У ветэрана пяцёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў, якім ён расказвае пра сваю былую работу ў будаўнічай брыгадзе цесляром і сталяром на пілараме. І як тут не ўспомніць ваеннае ліхалецце. Нарадзіўся Рыгор у вёсцы Вішня Пружанскага раёна ў сялянскай сям’і, скончыў 5 класаў Рэчыцкай школы. Калі пачалася вайна, у мясцовых лясах з’явіліся партызаны. Яны вельмі перашкаджалі немцам ва ўсталяванні сваёй улады. Вясною 1942 года ў дом да Клюкаў прыйшлі партызаны і папрасілі паесці. У хуткім часе фашысты ледзь не забілі ўсю сям’ю, загадалі адправіць на прымусовыя работы ў Германію. Але партызаны перахапілі машыну і вызвалілі вяскоўцаў. Восенню таго ж года пазбавіцца ад нямецкага рабства хлопцу не ўдалося. Працаваў ва Усходняй Прусіі на цукровым заводзе, на чыгунцы. Летам 1944-га ўцёк, з трыма таварышамі цягніком даехалі да Беластока, адтуль пешшу дабраліся дадому. А пасля вызвалення Брэста Рыгора Васільевіча прызвалі ў армію. Ваяваў на 3-м Украінскім фронце. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Венгрыі. У лютым 1945 года захварэў на тыф, лячыўся ў шпіталі. У пачатку мая яго накіравалі на перадавую ў Чэхаславакію. Да Прагі даехалі, а тут і вайна скончылася.
Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”.
Да 1947 года служыў ва Украіне, а пасля дэмабілізацыі Рыгор Васільевіч Клюка адправіўся ў ссылку ў Архангельскую вобласць: несправядліва быў абвінавачаны ў тым, што працаваў на ворага. Дадому вярнуўся ў 1953-м…
Праз некалькі дзён мы будзем святкаваць 69-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праз год і дзесяць месяцаў – 70-годдзе Вялікай Перамогі. А наблі-зілі іх, ды і не толькі наблі-зілі, але і адстаялі Радзіму тыя, каму ў той далёкі час было крыху больш за 20.
Аляксандр КАРСАКОЎ, настаўнік гісторыі Відамлянскай СШ.
Падрыхтавала да друку Вера ІВАНЮКОВІЧ.
Это может быть интересно:
-
ОБЗОР МАТЧА «АГРО-ПЕЛИЩЕ» – «БЛЭКУЭЛ»: ЗЕМЛЯКИ ЗАБИРАЮТ ПЕРВЫЕ ОЧКИ МИНИ-ФУТБОЛЬНОГО ТУРНИРА
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре