Школа мастацтваў запальвае зоркі…

DSC_7304Канец мая ў раёне – гэта час шчымлівага і сумнага расставання з дзяцінствам не толькі ў агульнаадукацыйных школах, але і ў музычных. Так, напрыканцы мая адбыліся ўрачысты сход і справаздачны канцэрт у Камянецкай дзіцячай школе мастацтваў.

Яе задачы і мэты – даць навучэнцам пачатковую музычную адукацыю, стварыць неабходныя ўмовы для фарміравання агульнай культуры, мастацкага развіцця дзяцей і моладзі, падрыхтаваць прафесійна арыентаваных вучняў да паступлення ва ўстановы адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і ў вышэйшыя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва.

Школа мастацтваў – гэта 270 навучэнцаў і 28 настаўнікаў. Вядзецца навучанне па мастацкім і музычным накірунках дзейнасці. Школа мае філіял у Пелішчы. Працуюць 6 аддзяленняў. Дзеці займаюцца па 16-і спецыяльнасцях.

Акрамя таго, у школе працуюць 3 педагагічныя і 4 дзіцячыя калектывы буйной формы, вялікая колькасць ансамбляў.

Глядзельная зала гарадскога Дома культуры, у якой адбылося мерапрыемства, ледзьве змагла змясціць у сваіх сценах усіх жадаючых, што прыйшлі паглядзець на такую значную падзею, якая, дарэчы, адбываецца ўжо не першы раз.

Сёлета гэта быў 49-ы выпуск і першы – мастацкага накірунку дзейнасці па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва”.DSC_7534

На ўрачыстым сходзе дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Мікалай Краўчынскі давёў аб той працы, за год, а зроблена нямала. Мяркуйце самі: 6 выстаў, удзел у 13-і фестывалях і конкурсах розных узроўняў. Акрамя таго, правялі больш за 50 канцэртаў розных формаў. Вакальны ансамбль старэйшых класаў харавога аддзялення сёлета прывёз з рэспубліканскага конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Спадчына” дыплом 2-й ступені. Ганаровай граматай узнагароджана навучэнка 7 класа Вера Зарэцкая за паспяховае выступленне на рэгіянальным 4-м адкрытым форуме цымбалістаў “Сярэбраны звон цымбалаў”. Работы Леанарды Лойкуц, Лізаветы Васюкевіч, Ганны Краснапольскай, Юліі Букач прынялі ўдзел у 3-м рэспубліканскім дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва “Красавік” у Мінску і адзначаны сертыфікатамі конкурсу. Дарэчы, Леанарда і Марына Пяркоўская за актыўны ўдзел у VI Міжнароднай творчай акцыі “Малююць дзеці” і ўменне адлюстроўваць у малюнку мужнасць камандзіраў і чырвонаармейцаў, подзвігі пагранічнікаў, якія абаранялі Брэсцкую крэпасць у чэрвені-ліпені 1941 года, узнагароджаны дыпломамі 2-й ступені. Ужо не першы год навучэнцы школы мастацтваў удзельнічаюць у творчай акцыі “Ноч музеяў” у Камянецкай вежы. Сёлета былі выстаўлены 11 работ. “У планах школы больш плённа прымаць удзел у конкурсах, рыхтаваць вучняў для паступлення ў музычныя каледжы мастацтваў, працягваць работу па прапагандзе музычнага і мастацкага накірункаў у раёне і за яго межамі”, – зазначыў Мікалай Мікалаевіч.

Пасля дырэктара на сцэну для прывітальнага слова выходзілі першакласніца Міраслава Урэкій, выпускніца Вольга Фаміна, маці аднаго з выпускнікоў Ларыса Анішчук, настаўніца Ганна Грушэўская. Загадчыца філіяла музея “Камянецкая вежа” Таццяна Казулька, першы сакратар раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Ірына Гендзель, начальнік аддзела культуры райвыканкама Мікалай Громік уручылі асабліва старанным і таленавітым вучням граматы і падарункі.

А далей адбылося тое, дзеля чаго сабраліся ўсе прысутныя, – справаздачны канцэрт зорак Камянеччыны. Хто ведае, можа, праз некалькі гадоў яны праславяць наш край на вялікай сцэне…

Падрыхтавала

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Івана КАРАГОДЫ.

Добавить комментарий