Зусім хутка празвініць званок, пачнецца новы навучальны год. З набліжэннем 1 верасня ў бацькоў і школьнікаў усё больш клопату: трэба дбайна падрыхтавацца да вучнёўскага жыцця, якое сёння каштуе нятанна. Якому вытворцу аддаць перавагу, каб не памыліцца не толькі ў якасці, але і ў кошце неабходнага? Традыцыйна ў Каменцы працуюць штогадовыя школьныя кірмашы, дзе можна ў поўнай меры экіпіраваць школьніка.
Першым варта наведаць універмаг. Гэта «класічнае» месца для закупу школьных атрыбутаў. Тут – поўны асартымент таго, што спатрэбіцца вучню ў школе. А галоўнае, усё сваё – беларускае! На першым паверсе знаходзіцца аддзел канцылярскіх тавараў: стандартны набор пісьмовых прыналежнасцей, вялікая разнастайнасць сшыткаў, дзённікаў, пеналаў, фарбаў, пластыліну. Таксама можна набыць ранец, сярэдні кошт якога не перавышае 160 тысяч рублёў. Абутковы аддзел прапаноўвае шырокі выбар якаснага абутку з Мінска, Магілёва, Гродна і Баранавіч, кошт якога вар’іруецца ад 250 тысяч да 280 тысяч рублёў.
На другім паверсе – аддзел, у якім можна набыць школьную форму. Па жаданні пакупнікоў ёсць магчымасць асобна купіць штаны, сарафаны, блузкі і кашулі. Але прадаўцы раяць ужо сфармаваныя па ўсіх правілах касцюмы (тройка-касцюм дзявоцкі – каля 600 тысяч, для хлопчыкаў – ад 400 тысяч). У якасці вопраткі сумнявацца не прыходзіцца – усё надзейна, бо гэта «Калінка», «Надзея», «Бараўчанка» і іншыя айчынныя вытворцы. Выбар мадэляў вялізны. Усё яркае, цікавае. Таму і наплыў пакупнікоў значны, нягледзячы на немалыя кошты. У канцы тыдня чакаецца папаўненне тавару. Немалаважнай тут з’яўляецца акцыя «Добры дзень, школа!», якая прадугледжвае 10% зніжку пры куплі школьнай формы. Зніжкі існуюць і для шматдзетных сем’яў. На гэтым паверсе можна прыдбаць таксама спартыўныя касцюмы «Світанак» і «Палессе» коштам ад 250 тысяч.
Прыемна адзначыць, што гэты аддзел вабіць не толькі жыхароў раёна, але і гасцей з Масквы. Аляксандр Анашкін для сваёй дачкі не ў першы раз купляе школьную форму менавіта ў Беларусі:
– Аддаю перавагу беларускім вытворцам, хоць кошты тут нават вышэй, чым у Расіі. Але заўсёды, як і дачка, задаволены выбарам. Фасоны выдатныя, а галоўнае – якасць адметная!
Другі вядомы «школьны пункт» – рынак. Для вучня тут таксама можна купіць усё і адразу. Прылаўкі ларкоў і павільёнаў прыцягваюць разнастайнасцю канцылярскіх прыналежнасцей, якія абыдуцца вучню, гэтак, як і ва ўнівермагу, – каля 500 тысяч рублёў. А вось школьная і спартыўная формы, абутак – у 2-3 разы танней (касцюм для дзяўчынак – ад 150 тысяч, для хлопчыкаў – ад 280 тысяч, спартыўная форма – 165 тысяч). Але выбар мадэляў тут значна меншы. Якасць? Адзенне дастаўляецца з Расіі. Скаргаў ад пакупнікоў тут не прыпамінаюць. Ды і якія скаргі могуць быць, калі форма набываецца ў асноўным на адзін сезон?
Няцяжка падлічыць, што ў сярэднім зборы дзіцяці ў школу абыдуцца бацькам у 1,5 мільёна. Асабліва, калі трэба сабраць школьніка ў першы клас. Дорага. Таму напамінаем чытачам, што «Беларусбанк» можа прадаставіць крэдыт на спажывецкія патрэбы з тэрмінам пагашэння да 1 года і да 5 гадоў. Для першага – стаўка рэфінансавання плюс 4 працэнтныя пункты; для другога: калі жывяце і працуеце ў сельскай мясцовасці – плюс 2 працэнтныя пункты, калі ў горадзе – плюс 3. Таксама ва ўнівермагу можна аформіць крэдыты на форму і абутак. Для гэтага трэба мець даведку, гарантыйнае пісьмо з працы і дваіх паручыцеляў. Пры тэрміне пагашэння да 3 месяцаў стаўка рэфінансавання не бярэцца пад увагу, сума выплачваецца роўнымі долямі на працягу тэрміна без першапачатковага ўнёску; да 6 месяцаў – плюс 25 працэнтных пунктаў з першапачатковым унёскам.
Таму, паважаныя бацькі, карыстайцеся паслугамі на радасць сваім дзецям! І ў добры шлях!
Анастасія ЯНКІНА.
Это может быть интересно:
-
Александр Лукашенко подписал закон, комплексно корректирующий Кодекс об образовании
-
РЕСПУБЛИКАНСКИЙ ПРОСВЕТИТЕЛЬСКИЙ ПРОЕКТ «ПРЕЗИДЕНТСКАЯ РЕСПУБЛИКА» В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ!
-
В Беларуси с 1 декабря вступят в силу изменения по оплате ЖКУ: что нужно знать
-
Подписаться на “Навіны Камянеччыны” можно не выходя из дома!
-
Александром Лукашенко внесены изменения в Указ «Об оплате труда работников бюджетных организаций»