Калі бываеш у вёсках аддаленых не толькі ад Каменца і Высокага, але і ад цэнтра гаспадаркі, асабліва не самай моцнай, сэрца шчымліва сціскаецца: не адна асірацелая хаціна глядзіць удалеч запыленымі вокнамі. Быццам усё яшчэ чакае гаспадароў, якія некалі будавалі, абжывалі яе. Самыя запамінальныя – дабротныя хаты, быццам толькі ўчора спешна пакінутыя людзьмі. Лавачка пад акном, фіранкі, але спарахнелы штыкетнік журботна хіліцца долу…
Вясковай нерухомасцю сельскія Саветы ўшчыльную заняліся ў 2006-м пасля ўступлення ў сілу Указа Прэзідэнта №70 “Аб мерах па ўпарадкаванню, уліку і скарачэнню колькасці пустуючых і старых дамоў”. Аднак, мясцовая ўлада, зыходзячы са свайго пункту гледжання, распарадзіцца такімі дамамі не можа. Таму поўнасцю навесці парадак усё яшчэ не ўдаецца, бо толькі суд мае права прызнаць дом безгаспадарчым. А ў суд трэба прадставіць пакет дакументаў, а каб іх аформіць, патрэбны грошы…
Паводле аналізу рэалізацыі вышэй названага Указа, на пачатку гэтай работы, на 1 студзеня 2007 года, у раёне было выяўлена 2666 пустуючых і 762 старыя хаты. За мінулыя чатыры гады тыя лічбы зменшыліся прыкладна напалову. За кошт таго, што многія ўласнікі ўсё ж навялі парадак у сваіх домаўладаннях, выказаўшы намер выкарыстоўваць хаты для пражывання; некаторыя самі разабралі трухлявую “маёмасць”, што ніяк не ўпрыгожвала вёску. Але на пачатак 2012 года ўласнікі амаль сотні пустуючых хат яшчэ не паведамілі ў сельвыканкамы аб сваіх намерах у адносінах нерухомасці. Дарэчы, за час работы паводле Указа №70 “знайшлі” і тых нашчадкаў, якія і не ведалі аб спадчыне, што дасталася ад бабулі; былі і такія, што забылі афіцыйна прыняць спадчыну.
Што датычыць старых хат, дык калі ў 2007-м іх было выяўлена больш за 700, то ў выніку праведзенай работы, на 1 студзеня сёлета, – 119. Аднак выяўленне старой, непрыгоднай для пражывання нерухомасці працягваецца, і працэс гэты не можа мець сваёй канчатковай “кропкі”. На 1 студзеня 2012-га спіс старых хат у сельсаветах зноў папоўніўся дзвюма сотнямі іх.
За чатыры гады сто ўласнікаў сядзіб, дзе пастаянна ніхто не жыве, атрымалі прадпісанні аб спыненні там безгаспадарчасці; былі адшуканы гаспадары, якія навялі парадак на 114-і сядзібах; знесены 244 старыя хаты. Аднак, наступным крокам пасля зносу такой хаты павінна быць рашэнне, як скарыстаць зямельны ўчастак – былую сядзібу, каб яе не запаланіў бур’ян. Вядома, прасцей такое пытанне вырашаецца ў больш шматлюдных вёсках, дзе вызваленае ад трухлявай хаты месца становіцца будаўнічай пляцоўкай – вырастае новы дом, як у Каленкавічах ці Доўбізне. У Белавежскім сельсавеце знаходзяцца жадаючыя ўзяць былыя гаспадарскія сядзібы пад агародніцтва, найчасцей – у Манчаках (у Кашчэніках і Міневічах увогуле не стала пустуючых дамоў – іх раскупілі белавежцы). Бывае, у вёсцы хтосьці з сялян згаджаецца абрабляць свабодны суседскі ўчастак. Але такіх ахвотнікаў не надта многа, а ў сельвыканкамаў не хапае ні сродкаў, ні сіл на падтрыманне там парадку…
Размова са старшынёй Дзмітровіцкага сельскага Савета Васіліем Нічыпаруком яшчэ раз пацвердзіла, наколькі індывідуальна «разглядаецца» кожны дом і якія непрадбачаныя нюансы могуць узнікаць. У сельсавеце ўдалося дамовіцца з 23-ма ўласнікамі старых хат аб зносе іх – тая работа ўжо выканана. Калі б хто з іх не згадзіўся – маўляў, зносьце самі – сельвыканкаму давялося б звяртацца ў суд з іскам аб прызнанні хаты вымарачнай, у тым выпадку, калі не зарэгістравана права ўласнасці на яе; калі ж старая нерухомасць зарэгістравана, давялося б ісці другім, не менш клопатным, шляхам. Дзевятнаццаць ўласнікаў старых дамоў атрымалі прадпісанні аб неабходнасці навесці парадак ля хаты ці знесці яе, тэрмін – да снежня 2012-га. Як павучальны прыклад таго, што і старыя хаты патрабуюць удумлівага падыходу ўлады: у Заляшанах адзін з нашчадкаў, здавалася б зусім старой хаты нечакана выказаў жаданне аднавіць яе; яшчэ адна нечаканасць – за спарахнелую хаціну, што адназначна падлягае зносу, гаспадыня папрасіла… заплаціць. Уласнікі 28-і пустуючых дамоў сельсавета заявілі аб выкарыстанні дома для пражывання.
Як вымушаная мера: раённай камісіяй, што была створана паводле ўказа №70 і якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Іван Будкевіч (сакратар – Галіна Казачук), складзена 45 актаў для ўключэння пустуючых дамоў у рэгістр уліку пустуючых домаўладанняў; пададзена ў суд 19 іскаў аб прызнанні хат пустуючымі; прынята шэсць рашэнняў аб адабранні домаўладанняў ва ўласнікаў, якія ніяк не адрэагавалі на шматлікія прапановы навесці там парадак. У той жа час, мабыць, больш па-людску і разумна было б самому аддаць тое, што не патрэбна, у распараджэнне мясцовай улады; магчыма, нейкае збудаванне скарысталі б як часовае жыллё ці для майстэрні рамесніка і г.д.
Застаецца спадзявацца, што цяперашняя мода на «домик в деревне», звязаная ў тым ліку і з дарагоўляй прадуктаў, не-не ды і прывядзе ў паўпустыя вёсачкі дачнікаў, якія з часам стануць тут пастаяннымі жыхарамі. Яшчэ адна магчымасць “удыхнуць” жыццё ў апусцелую вёску – адраджэнне тутэйшага старадаўняга рамяства ці сельскі турызм, тым больш, што праз раён пралегла стужка аўтаабходу вакол Белавежскай пушчы. Толькі патрэбны людзі, якія ў канкрэтнай вёсцы ўбачылі б “изюминку”. Першыя крокі ў тым творчым накірунку зроблены ў Бабічах, Голым Барку, Хваянаўцы, Хамуцінах, Белай…
Не раз даводзілася чуць ад прадстаўнікоў мясцовай улады аб неабходнасці спрашчэння парадку перадачы безгаспадарчых дамоў сельсаветам: не прымае чалавек спадчыну некалькі гадоў, хоць і ведае аб ёй, не клапоціцца аб сядзібе – хай бы яна аўтаматычна пераходзіла ва ўласнасць сельсавета. Пакуль будынак яшчэ моцны, можна было б распарадзіцца ім па-гаспадарску: перавезці ў другую вёску, прадаставіць таму, хто мае патрэбу ў жыллі, або дапамагчы арганізаваць аграсядзібу – варыянты знойдуцца. Нашчадкі павінны адчуваць, што ўлада, пасля просьбаў, мае права прымаць рашучыя меры. Каб не так часта нашы “маленькія хаты” выклікалі асацыяцыі з радкамі з твораў Купалы.
Галіна НОВІК
Это может быть интересно:
-
Александру Казаченко нужна наша помощь!
-
С 1 июля 2025 года в Беларуси изменяется порядок выплаты пенсий и пособий через банки
-
Программа развития ООН в Беларуси отмечает успехи нашей страны в борьбе с туберкулезом
-
Народный контроль: общественная приемная работает в Брестском областном объединении профсоюзов
-
Картошка на контроле: как на Каменетчине следят за качеством и ценой