
Амаль два гады таму, 20 кастрычніка, Зоя Мікалаеўна звярнулася са сваёй праблемай на “прамую лінію” да старшыні райвыканкама Андрэя Пісарыка. Праз дзевяць дзён спецыяльная камісія, у склад якой уваходзілі старшыня Высокаўскага гарадскога Савета дэпутатаў Леанід Бірук, начальнік аддзялення “Высокаўскае” КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ” Іван Пашкевіч і памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ Яўгенія Дзенісенка, прыехала на месца. Вынікі праведзенага імі абследавання чытаем у пісьме, якое заяўніца атрымала 19 лістапада: “У цяперашні час работы па адпампаванні мясцовага выграба выкананы, ліквідавана расцяканне сцёкаў па прылеглай да дома тэрыторыі.
Жыхарам дома №57 растлумачана аб магчымасці падключэння сістэмы водаадвядзення дома да сістэмы біялагічнай ачысткі водаадвядзення дома №59 па вул.Савецкая ў г.Высокае і перадачы дома на тэхнічнае абслугоўванне ЖКГ.”
Дамы пад нумарамі 57 і 59, як мне давялося ўбачыць, досыць падобныя паміж сабой: абодва двухпавярховыя, абодва маюць дворыкі, якіх ад праезнай часткі не відаць, і ўсё ж лёсы ў іх розныя. Другі знаходзіцца на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а першы не. У свой час жыхары дома №57 прыватызавалі свае кватэры, а значыць, і за парадак на прылеглай тэрыторыі адказваюць самі. У дома №59 ёсць сістэма біялагічнай ачысткі водаадвядзення, як адзначалася ў прыведзенай вытрымцы з адказу за подпісам першага намесніка старшыні райвыканкама Івана Сямейкі. А ля дома №57 былі некалі тры выграбныя ямы. Дзве з іх зараслі цінай і разбурыліся, засталася адна, але яна, вядома, не бяздонная. Зразумела, што калі яма запоўнілася, усё з яе пацякло наверх. Відовішча, як вы, напэўна, разумееце, не надта прыемнае. Пра пахі, якія ўсталююцца ў двары летам, калі стане горача, не хочацца нават думаць. Але… даводзіцца. Разам з пахам з’явяцца і мухі. У што ж у такім выпадку ператворыцца лета для тых дзяцей, якія прыедуць у гэты дом у Высокім да сваіх дзядуль і бабуль? Тут жа ў двары знаходзяцца адрыны жыхароў дома, а ў паграбах у іх – вада. Магчыма, што з’яўленне яе таксама звязана з каналізацыйнай сістэмай.
Занепакоеная няпростай сітуацыяй не толькі Зоя Мікалаеўна (пасля таго пісьма з райвыканкама яна спрабавала яшчэ нешта зрабіць, хай і безрэзультатна), але і некаторыя жыхары дома №57, на вялікі жаль, не ўсе. Яны згодны плаціць, нават узяць крэдыт на такія мэты (!), абы толькі быў нарэшце парадак. Аднак, несправядліва ў адносінах да іх, калі нехта ўвогуле ніякага ўнёску не зробіць у агульную справу.
Для “каналізацыйнай” праблемы дома №57 ёсць два рашэнні: альбо перыядычна чысціць выграбную яму, альбо зрабіць новую каналізацыйную сістэму і падключыць яе да сістэмы біялагічнай ачысткі водаадвядзення дома па суседству.
Першы спосаб таннейшы, але яго, на жаль, не ўдалося пакуль прымяніць. І ўсё з той прычыны, што толькі некаторыя жыхары дома №57 згодны плаціць за такую паслугу. “Бяда, што няма ў нас завадатара, – гаворыць Ірына Вагіна, якая ніколі не адмаўлялася ўкласці свае сродкі ў агульную справу. – Няма таго, хто ўзяўся б за вырашэнне праблемы і давёў яе да канца. У нашым доме большасцю пенсіянеры жывуць, няхай бы заняліся гэтым маладыя.” Сапраўды, не кожны чалавек (ці то малады, ці то пажылы) згодзіцца ісці па грошы на агульную справу да тых суседзяў, якім на яе начхаць. Вось і застаецца толькі шкадаваць, што людзі тут такія раз’яднаныя.
А другі спосаб рашэння той жа праблемы не падыходзіць па зусім простай прычыне – грашовай: пры ўсім жаданні жыхары дома №57 не збяруць той сумы, якая патрабуецца, каб зрабіць новую каналізацыйную сістэму. Асабліва, калі ўлічыць, што з шэрагу аўтаматычна выпадаюць тыя, хто нават на чыстку ямы грошай даць не хоча. (Дарэчы, ніводзін з нязгодных так і не выйшаў у двор свайго дома, хоць, безумоўна, не мог не заўважыць натоўпу, які ўтварыўся там. Дзверы журналісту і сваім суседзям яны таксама не адчынілі, хоць па ўсіх прыкметах і былі дома.)
Старшыня Высокаўскага гарсавета Леанід Бірук, які прыехаў да дома №57 па просьбе супрацоўнікаў рэдакцыі, папярэдзіў яго жыхароў аб тым, што выграбную яму трэба абавязкова чысціць, бо раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, калі даведаецца, дасць штраф.
Заўважу таксама, што каналізацыйная сістэма – не адзіная праблема 57-га дома. Тут яшчэ і навалены горы пяску, якія немаведама колькі чакаюць свайго часу. Раней была ў двары і агульная прыбіральня, ад якой цяпер засталіся рэшткі дошак і смецце, якія ніхто прыбіраць не збіраецца.
Вынік адзін: рабіць нешта трэба. І рабіць па законе павінны жыхары дома, ля якога цячэ праз верх выграбная яма. Гэта так? Гэта БЫЛО так. Было да той пары, пакуль праблема дома №57 не перастала быць праблемай выключна дома №57! А менавіта гэта і адбылося. Цяпер яна закранае яшчэ і суседзяў. Значыць, гэта ўжо агульная праблема, і ўсім тым, хто зацікаўлены ў прыгажосці і ўтульнасці Высокага, трэба аб’яднацца, каб вырашыць яе. Тым больш, што зараз як раз ідзе месячнік па добраўпарадкаванні…
Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА
P.S. Калі вярстаўся гэты нумар, у рэдакцыі зноў зазвінеў тэлефон. Зоя Мікалаеўна Юшкевіч спяшалася падзяліцца доўгачаканай навіной: жыхары дома №57 нарэшце адпампавалі сваю выграбную яму! Гэта, безумоўна, радуе, але і засмучае адначасова. Няўжо для таго, каб дамовіцца з суседзямі, трэба было чакаць прыезду рэдакцыі? У народзе ж кажуць, што сусед часта бліжэйшы за родзіча, бо жыве зусім побач… Проста трэба зрабіць некалькі крокаў па лесвічнай пляцоўцы. Спадзяюся, яны будуць зроблены, калі прыйдзе час чысціць тую ж яму зноў.
Это может быть интересно:
-
Каменчанин Сергей Сидорук реализовал свою мечу и теперь работает в «Белавиа»
-
Военная академия Республики Беларусь ждет вас в в своих рядах!
-
Брестская пограничная группа объявила творческий конкурс на лучший рисунок имиджевого образа
-
Мошенники продолжают обманывать доверчивых граждан
-
В Беларуси продолжается подготовка к поступлению в Институт пограничной службы.