Ноч з 25 на 26 красавіка 1986-га падзяліла жыццё на “да” і “пасля” Чарнобыля. Тэхнагенная катастрофа раней ці пазней зрушыла з месцаў тысячы сем’яў, вымушаная эвакуацыя нагадвала для старэйшага пакалення перажытае ў вайну. Сцёртыя з картаў дзясяткі геаграфічных назваў, перайначаныя чалавечыя лёсы. Сёння ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку праводзяцца ўнікальныя даследаванні, яго называюць сусветным палігонам для вывучэння ўрокаў Чарнобыля.
Апошнім часам усё радзей згадваем пра Чарнобыльскую катастрофу, якая закранула не адну краіну, – новыя падзеі засланяюць трагедыю мінулага стагоддзя. Але для тых, хто вымушана пакінуў родныя мясціны, усё перажытае – у цяперашнім часе.
“Мой 10-ы клас апалены Чарнобылем…”
Святлана Васільеўна КАВАЛЬЧУК (Каменец):
– Была ў дзясятым класе, калі здарылася такое… З нашых Вепраў, што ў Нараўлянскім раёне, людзей вывезлі ў першыя дні пасля афіцыйнай абвесткі аб аварыі на атамнай станцыі. Нас, школьнікаў, завезлі ў Мазыр, размясцілі ў дзіцячым санаторыі, пераапранулі ва ўсё аднолькавае, а наша адзенне было спалена. Мы нічога не ведалі пра бацькоў, якіх адвезлі ў іншае месца. Але праз тры тыдні яны па нас прыехалі. Сапраўды, у людзей было адчуванне, што нават тыя, хто аддаваў загады аб эвакуацыі, самі не ведалі, ці правільна, ці ўратуе гэта. Да таго ж ад насельніцтва ўтойвалі інфармацыю. Ішла гаворка аб тым, што радыенукліды выпалі плямамі, таму, маўляў, нават суседнія мясціны адрозніваліся ўзроўнем радыяцыі. Некалькі гадоў наша сям’я жыла ў Нароўлі, дзе атрымалі кватэру. Але зноў жа ў 1992-м было прапанавана на выбар з дзясятак гарадоў, куды можна было перабрацца, – Мінск, Брэст, Жабінка, Смаргонь…Мы выбралі Каменец, бо маці майго мужа з Пелішча…
Маёй роднай вёскі на беразе Прыпяці даўно няма. Яе знішчыў пажар: кажуць, нехта хацеў вывезці зруб чужой хаты і, каб замесці сляды, падпаліў. Ад нашага дома засталася толькі сцяна. На гэтым тыдні, на Радаўніцу, была ў Нароўлі, дзе жывуць мае сёстры. А да рэшткаў сваёй вёскі не адважылася паехаць – гэта, як у жудасную пустату. Смутак, слёзы. Бо ўсё яшчэ бачу яе, прыгожую, на беразе ракі, заліўныя лугі, хараство раніцы.
А Нароўля жыве звычайным жыццём: вучацца, працуюць, гадуюць дзяцей і ўнукаў. Знешне нічым не адрозніваецца ад іншых райцэнтраў. Але боль перажытага не знікае…
“Мы хаты пакінулі, а другія іх скарысталі…”
Ніна Мікалаеўна ШАЛАШ (Турна Вялікая):
– Мы з Лельчыцкага раёна, з Усава. Але гэтай вёскі ўжо няма. Аб той страшнай аварыі нам сказалі толькі праз некалькі дзён. Загадалі, каб накрылі калодзежы бляхай і як мага радзей выходзілі з хаты. Але як гэта можна было выканаць, калі на ферму трэба было ісці, да жывёлы… У магазін пачалі прывозіць удосталь цытрусавых, якія да таго мы рэдка каштавалі. Сталі плаціць так званыя “гробовые”. На ФАП рэгулярна запрашалі, таблеткі з ёдам прымалі… Так цягнулася каля трох гадоў. А затым абвясцілі пра абавязковы выезд сем”яў, у якіх дзеці да 16-і гадоў. Нашай дачцэ было 13. Мелі спіс населеных пунктаў Беларусі, куды маглі выехаць. Сваё жыллё перадавалі сельскаму Савету. Як балюча было пакідаць усё нажытае! Мы з мужам збудавалі ажно дзве хаты – з дрэва і цагляную, для дзяцей. Усё пакінулі, нават драўляную мэблю забаранілі браць з сабою, а тады ж яе “дастаць” было немагчыма… Апынуліся ў Хадасах, у калгаснай кватэры. Вельмі нязвыкла было – са свайго двара, са сваёй зямлі ды ў кватэру. Я таксама пайшла працаваць на ферму. Але так сумавалі па радзіме, што праз тры гады вырашылі вярнуцца дадому. Там нас чакаў ужо толькі адзін наш дом, без вокнаў і дзвярэй, – другі нехта забраў як дачны ў прыгарад. Падладзілі мы тое, што засталося, рады былі і гэтаму, сталі зноў неяк абжывацца. Дзевяць сем’яў на той час вярнулася ў сяло. Але сельсавецкія работнікі амаль штотыдня нам нагадвалі: Усава ўжо няма на карце і ніколі вас тут не прапішуць – едзьце назад. Мы і ў Гомель звярталіся, каб нам дазволілі застацца, – не. Праз два гады мы зноў вярнуліся сюды, але ўжо ў Турну, бо якраз можна было пасяліцца на зямлі, не ў кватэры. Гэта неяк і суцяшае. Але і сёння, дзе б ні ішла, паперадзе мяне – наша былая хата. Гэта ўжо да апошняга майго дня.
Праз год-два ездзім на радзіму, да сваіх бацькоў на могілкі. Едзем праз Усаў, там ужо зараснікі, раздолле для ваўкоў і дзікоў, якіх даводзіцца адстрэльваць. У дзвюх хатах жывуць пажылыя, што вярнуліся пасля пераезду. А другую нашу хату па цаглінах разабралі, нехта збудаваў сабе дом у горадзе – мы ж гэта ведаем. Сэрца ад жалю разрываецца, што давялося перажыць такую разруху. Крык душы. На могілках бачымся з аднавяскоўцамі. Радуемся, як сваякам, што сустрэліся, і плачам аб тым, што страцілі. У нашым Усаве жылі адны каталікі, толькі мы, Шалашы, праваслаўныя, але ўсё было вельмі дружна – і на могілкі мы прыязджаем разам з імі ў каталіцкае свята пасля Вялікадня. Едзем, каб убачыцца, дагледзець родныя магілы, аднак ніколі не знікае страшнае адчуванне, што едзем на папялішча…
“Нашых Вербавічаў ужо няма…”
Людміла Мікалаеўна ЗЯЗЕТКА (Войская):
– У горад атамшчыкаў за 50 кіламетраў – Прыпяць – мы свабодна ездзілі па прадукты, там было такое забеспячэнне, што слова “дэфіцыт” і не ведалі. Вось і ў тую суботу, 26 красавіка, перад Вялікаднем, збіраліся з мужам у Прыпяць. Але я была стомленая – не паехалі. А пад вечар пачулі, што суседа вярнулі з дарогі, патруль не пусціў у горад. Здагадкі і чуткі пачалі множыцца. Дасюль памятаю, што калі ў тую суботу паласкала бялізну, вада была незвычайнай, як бы клейкаватай. А ў ноч з суботы на нядзелю нас разбудзіў званок: пыталіся пра сына. Яму, як і многім вадзіцелям, – тэрмінова з’явіцца на зборны пункт. Патрабавалася вельмі многа транспарту… У нашы Вербавічы, што ў 10-і кіламетрах ад Нароўлі, прывезлі першых эвакуіраваных яшчэ да таго, як мы пачулі афіцыйную абвестку аб аварыі. Праз сяло бесперапынна ішлі калоны бронетранспарцёраў, цэментавозаў і іншай спецтэхнікі, машын хуткай меддапамогі ў бок атамнай станцыі і такія ж калоны аўтобусаў і грузавікоў з людзьмі ў адваротным накірунку. У небе – верталёты, верталёты… Мы плакалі наўзрыд, гледзячы на гэта; здавалася, што пачалася вайна.
Нашы Вербавічы былі вельмі прыгожыя, кіламетраў на пяць раскінуліся ўшыркі. Двухпавярховая школа, Дом культуры, камбінат. Грыбныя лясы навокал, Прыпяць – рыбы ўдосталь, на падвор’ях гаспадарку вялікую мелі, садзілі па 70 сотак бульбы, калгас быў моцным. На кожнай сядзібе дом прасторны, будаваліся з лесу-кругляку…Цяпер ад нашага сяла амаль нічога не засталося. Сусед наш днямі адтуль вярнуўся, дык кажа, што і вуліцы пачалі зарастаць.
А выязджалі мы ў 1990-м. Хацелі, каб толькі сын з нявесткай і ўнукамі паехалі, але яны сказалі, што без нас не рушаць у дарогу. Вось і давялося збірацца. Не пераказаць, як гэта цяжка – пакідаць свой куток! Але не ведалі, што будзе з нашым сялом заўтра. А тут якраз і вербаўшчыкі прыехалі. Мы спынілі свой выбар на Войскай. Хоць адразу ж пасля пераезду жылі ў Селяховічах, абзавяліся і там каровай, мелі гаспадарку. Пазней па чарнобыльскай праграме пачалося будаўніцтва дамоў для перасяленцаў у цэнтры калгаса, куды мы затым і пераехалі. З нашых Вербавічаў у Войскай прыжыліся дзесяць сем’яў. Быт даўно наладжаны, але не бывае і дня, каб не згадвалі свой Прыпяцкі край. Такая ўжо прырода чалавека…
“Ці патрэбна было такое масавае перамяшчэнне людзей?”
Пётр Рыгоравіч ШКУРКО (Воўчын):
– На той час, калі выбухнуў Чарнобыль, я служыў у арміі, у Расіі. 24 красавіка прыехаў да маці ў водпуск, у Хойнікскі раён, на 10 дзён. А праз дні чатыры стала вядома аб трагедыі. У воінскую часць, да месца службы, ледзь змог выехаць 5-6 мая з Хойнікаў: людзі пачалі масава выязджаць, у аўтобусы найперш садзілі жанчын з дзецьмі і цяжарных. Дарогі перапоўненыя транспартам, мітусня, плач… Калі вярнуўся ў сваю часць, першым пытаннем было: “Сколько доз схватил?!” А я нічога і не ведаў пра дозы. Праз тыдзень заказаў на тэлеграфе размову з маці; яна сказала, што салдаты знялі з дахаў стары шыфер, замянілі новым…
Вырашыў, было, застацца на звышурочную службу. Ажаніўся – Раіса, з якою разам вучыўся ў тэхнікуме, чакала мяне з арміі. Яна і пераехала да мяне ў Іванава. Але ў хуткім часе вярнуліся дадому, бо маці жыла адна, – трэба было быць разам у той чарнобыльскі час. Асталяваліся ў бацькоўскай хаце. Аднак у 1988-м вырашылі ехаць на радзіму Раісы – на Камянеччыну. Хоць наша вёска крыху пазней трапіла пад абавязковае высяленне, мы перасяляліся самастойна, бо чакалі першае дзіця, не хацелі рызыкаваць. Па чарнобыльскай лініі льгот ніякіх не мелі. У Воўчын прыехалі як маладыя спецыялісты-ветэрынары, атрымалі тут жыллё. Мая маці з намі ўжо 27 гадоў. А нашу Амелькаўшчыну пахавалі ў катлаване…
На Гомельшчыне бываем зрэдчасу, у Брагінскім раёне, дзе жывуць нашы сваякі. Вяртаюся адтуль з сумнымі думкамі: на месцы пахаваных вёсак – лес або хмызняк, а ў тых, што ацалелі, жывуць старыя людзі, якім не па сілах даглядаць сядзібу. Цяжкае ўражанне запусцення не пакідае.
Пра чарнобыльскую катастрофу згадваюць усё радзей, хоць Чарнобыль і стаў сінонімам бяды. Чую часам разважанні вучоных наконт таго, ці патрэбна было такое маштабнае перамяшчэнне людзей. Адказу і сёння ніхто не ведае. А днямі ўкраінскі тэлеканал трансліраваў рэпартаж з горада Прыпяць, з зоны радыяцыйнага адчужэння, куды цяпер вязуць турыстаў. Нават на фоне саркафага фатаграфуюцца. Адкрываюцца кафэ, гасцініцы. Быў названы і ўзровень радыяцыі, ён у 5-15 разоў перавышае норму. Ці не надта легкадумна забываецца той трагічны красавік? А самая вялікая адказнасць – на тых, хто мае дачыненне да “прыручэння” так званага мірнага атама.
Прычынай Чарнобыльскай катастрофы лічыцца спалучэнне чалавечай некампетэнтнасці і недасканаласць тэхнікі. Сёння ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што пры граматнай эксплуатацыі АЭС трагедыі можна было пазбегнуць. Што датычыць забруджаных радыенуклідамі тэрыторый, дык яны, сцвярджаецца, ачышчаюцца натуральным шляхам. Нас запэўніваюць, што Беларусь знаходзіцца на першым месцы ў свеце па колькасці проб, якія даследуюцца на ўтрыманне радыенуклідаў. У глебе, раслінах, усёй харчовай прадукцыі. Але самае складанае – пераадолець псіхалагічныя вынікі перажытага, бо калі ад людзей аднойчы ўтойвалі факты ці падавалі іх не спецыялісты, потым цяжка пераканаць чалавека ў шчырасці намераў.
Падрыхтавала Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Белорусским мобильным операторам запретили подключать платные подписки без согласия клиента
-
ГРЯЗНЫЕ МЕТОДЫ ИНФОВОЯК ИЗ ЦИПСО: ПРОДОЛЖЕНИЕ
-
Ловушки виртуального жилья: как не стать жертвой интернет-мошенников
-
Минздравом принято решение о продлении кампании вакцинации против гриппа и коронавирусной инфекции
-
«Белпочта» изменит тарифы на некоторые услуги с 1 января 2025 года