Сезон нарыхтовак дароў лесу пачаўся з чарніц і лісічак. У руплівых гаспадынь маразільнікі прынялі першыя порцыі будучых зімовых прысмакаў (варэння з тых жа ягад цяпер вараць значна менш, чым раней). А ў нарыхтоўшчыкаў лік закупленага ідзе ўжо на тоны.
Закупачныя цэны, вядома, залежаць ад попыту і прапановы, і па стане на 29 чэрвеня ў магазінах спажыўкааперацыі (акрамя прамысловых) чарніцы прымаюць па 15 тысяч, лісічкі – ад 20 да 27 тысяч рублёў. Філіялам “Розніцагандаль”, напрыклад, закуплена ўжо больш за 2,5 тоны чарніц і каля 200 кг – лісічак. Летась на гэты час было нарыхтавана толькі 20 кг чарніц. Не абыходзіцца спажыўтаварыства і без пазаштатных нарыхтоўшчыкаў: у Войскай чакае рупліўцаў з кошыкамі ягад ці грыбоў Таццяна Шаўлюк, у Дымніках – Валянціна Неплах, у Клепачах – Марыя Качан, у Дварцах – Святлана Карнялюк…
У кааператараў сёння нямала канкурэнтаў – прадпрымальнікаў, якія маюць “уласных” нарыхтоўшчыкаў у прыпушчанскіх вёсках. Таму закупачныя цэны вызначаюцца не без аглядкі на суседзяў, што, паводле рынкавых адносін, нярэдка спрыяе іх росту. Бывае, цана мяняецца два разы на дзень – рука “на пульсе”. А ў тых, хто мае час і жаданне наведацца ў лес з карзінай, ёсць добрая магчымасць папоўніць сямейны кашалёк.
У раённай прыродаахоўнай інспекцыі ўдакладнілі, што кожны з нарыхтоўчых суб’ектаў павінен мець дазвол, выдадзены ў райвыканкаме, на збор дзікарослых ягад і грыбоў. Гэта адна з мер, закліканых зберагчы прыродныя багацці для наступных пакаленняў. А ўвогуле спецыялісты раяць: “Ідзіце да прыроды, як у госці, і не рабіце тое, чаго не дазволілі б сабе у гасцях”.
Галіна НОВІК
Это может быть интересно:
-
В Каменецком районе пройдут рейды ГАИ по выявлению нетрезвых водителей
-
ОБРАТИТЕ ВНИМАНИЕ! ПРОТИВОСТОИМ БОЛЕЗНИ НЬЮКАСЛА
-
НА ГРАНИЦЕ – ТИШИНА И ПОКОЙ. ГЛЕБ КИРИЧИК О СЛУЖБЕ В ОРГАНАХ ПОГРАНИЧНОЙ СЛУЖБЫ
-
Прокуратура района инспектирует места зимнего досуга
-
В Каменце прошли районные соревнования «Снежный снайпер»