Час плаціць па рахунках

IMG_6844_resizeДобра ведаем: за ўсе паслугі трэба плаціць штомесяц не пазней за 25 чысло. Гэта эканоміць не толькі час і грошы, але і добрае імя.

Каб паслугу не “знялі”…

Як зазначае начальнік абаненцкага аддзела Камянецкай ЖКГ Мікалай Бондар, новы Жыллёвы кодэкс цяпер камунальнікам у падмогу: грамадзян, якія не аплачваюць камунальныя паслугі больш за шэсць месяцаў, можна выселіць з займаемага жылога памяшкання. Мера прымусовага адчужэння прадугледжана і ў дачыненні да жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці грамадзян. Але камунальная гаспадарка не мае свайго жылля, куды, у менш камфортнае, можна было б перасяліць злоснага даўжніка. І пошукам такога “даху над галавой” для яго займаецца райвыканкам. У бліжэйшы час, пасля рашэння суда, камянчанін М. будзе пераселены ў Высокае (у жыллё па плошчы меншае за ранейшае і без зручнасцей). Падобная працэдура чакае і жыхара Высокага.

Агульная запазычанасць па камунальных плацяжах на 1 лістапада – 61 млн. рублёў.

– Пагарду да аплаты паслуг дэманструюць сотні ўладальнікаў жыллёвых памяшканняў: на 1 лістапада пратэрмі­наваны 792 асабовыя рахункі, з іх 708 – да 3-х месяцаў, – удакладняе Мікалай Бондар. – Меры ўздзеяння ўсё тыя ж, класічныя, напамінаем, папярэджваем і нават адключаем электрычнасць, ваду і цяпло. Больш складана гэта зрабіць у шматкватэрных дамах, але, тым не менш (і на жаль), такія прыклады – у Войскай, Дварцах, Пелішчы, Каменцы. Нагадаю, што маем права прыпыніць аказанне паслуг, калі гаспадар не плаціць за іх больш як два месяцы. Адразу ж накіроўваем грамадзяніну апавяшчэнне аб пратэрмінаванай запазычанасці і ў выпадку неаплаты доўгу ў 7-дзённы тэрмін паслугу “знімаем” і звяртаемся да натарыуса па выканаўчы надпіс аб прымусовым спагнанні доўгу, а затым справа перадаецца судовым выканаўцам.

За дзевяць месяцаў бягучага года ў раёне выдадзена 1571 папярэджанне, ад камунальных паслуг адключана сем абанентаў. Перададзены натарыусу на спагнанне запазычанасці справы 138-і даўжнікоў. Па 62-х выканаўчых надпісах спагнана больш за 18 млн. рублёў.

– Сёлета звярталіся ў суд і з хадайніцтвам аб абмежаванні права выезду за граніцу “нашых” даўжнікоў. Ведаем: сярод іх ёсць людзі дастаткова забяспечаныя, што выклікае не толькі недаўменне. Звяртаем увагу такіх грамадзян: загадзя паклапаціцеся аб пагашэнні пратэрмінаванай запазычанасці, каб не мець праблем на мытні. Тое ж датычыць і запланаванага даўжнікамі адпачынку ў цёплых краінах, ён можа завяршыцца не пачаўшыся. Мяркуем, што дзейснай мерай уздзеяння на “забыўлівых” спажыўцоў камунальных паслуг стане часовае, да пагашэння доўгу, абмежаванне права на кіраванне транспартнымі сродкамі на падставе рашэння суда.

Калі свечка – не прымета рамантыкі

Намеснік начальніка раёна электрасетак Васіль Раманюк не па чутках ведае, што нават самыя “рамантычныя” з даўжнікоў праз тыдзень-другі жыцця са свечкай разлічваюцца за электрычнасць. Плацяць па частках, з растэрміноўкай, ім ідуць насустрач у гэтай справе, бо розныя бываюць жыццёвыя сітуацыі. Хоць у любым выпадку значна прасцей не накопліваць запазычанасць, якая з кожным месяцам становіцца ўсё больш цяжкай ношай.

Як пра зубны боль гаворыць Васіль Раманюк аб 21-кватэрным высокаўскім жыллёва-будаўнічым кааператыве, створаным пры ДРБУ-137. Тут накопленая запазычанасць – 13 млн. рублёў.

Справа ў тым, што асаблівасцю аплаты электрычнасці ў кааператыўных дамах з’яўляецца яе двухэтапнасць: жыльцы дома, згодна з індывідуальным улікам расходу электраэнергіі, уносяць плату на рахунак свайго ЖБК, а адтуль агульная сума пералічваецца энергазабяспечваючай арганізацыі. Так бы мовіць, кааператыў – адна сям’я. Але ў згаданым высокаўскім кааператыве, які ўзначальвае Уладзімір Коц, у той сям’і жыльцы некалькіх кватэр вырашылі, што сямейнікі абыдуцца і без іх унёскаў на агульны дамавы рахунак.

– У нас дзве “праблемныя” кватэры, жыльцы якіх накопліваюць даўгі, і ніякія выхаваўчыя гутаркі не дапамагаюць. У адной з гэтых кватэр ужо тры гады жывуць са свечкай, электрычнасць адключана (доўг не гасяць, хоць часовую работу “пры неабходнасці” жыльцы кватэры знаходзяць). Значная сума доўгу ў кааператыве накоплена таксама амаль за тры гады гаспадыняй другой кватэры, якая мае пастаянную работу ў Высокім; спадарыня нават дробнымі часткамі доўг не вяртае, яшчэ і пеня расце. Давядзецца звяртацца ў суд, – тлумачыць сітуацыю Уладзімір Коц.

Наколькі зразумела, члены кааператыву не збіраюцца ўскладчыну гасіць чужую запазычанасць. Гэта ўсё роўна прыйдзецца зрабіць гаспадарам самім. А пакуль што іх суседзям, якія акуратна плацяць за электрычнасць, пагражае значная нязручнасць: адключэнне святла ў месцах агульнага карыстання, пэўна, каб больш дзейсна маральна ўплывалі на даўжнікоў. Наўрад ці будзе мець матэрыяльны вынік такая вымушаная мера, да таго ж яна і рызыкоўная, бо, мабыць, мяжуе з парушэннем канстытуцыйных правоў…

Карыстацца чужымі грашамі не будзем

У “Белтэлекама” няма прэтэнзій да арганізацый. Але, на жаль, абанентаў з ліку фізічных асоб, якія не разлічваюцца за стацыянарны тэлефон па стане на 25 чысло, штомесяц у раёне бывае больш за 1 тысячу. Да 30 чысла дзве трэція даўжнікоў адсейваюцца. У адносінах астатніх фарміруюцца спісы на адключэнне. Праз нейкі час – падключэнне, а з 25-га зноў усё паўтараецца… Дарэчы, ужо даўно стала правілам ветліва і рэгулярна нагадваць абаненту аб пагашэнні запазычанасці перад адключэннем. І гаворка звычайна аб 50-100 тыс. рублёў. Іншая справа – даўжнікі, якія “названілі” сваім замежным субяседнікам, найчасцей у Расію, на значныя сумы, і цяпер тыя даўгі цягнуцца шлейфам ужо з паўгода. Такая вось спакуса пагаварыць…

А з 1 лістапада даўжнікоў з ліку фізічных асоб чакаюць новыя непрыемнасці: за несвоечасовую аплату паслуг электрасувязі будуць налічвацца працэнты за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанка ад сумы рахунку (сёння яна складае 20% гадавых). Адпаведнае папярэджанне размешчана на сайце кампаніі. А “карыстанне чужымі грашовымі сродкамі” – гэта маюцца на ўвазе паслугі IMS-тэлефаніі (нумар пачынаецца з 9-і), якія атрымліваем у крэдыт, – за іх разлічваемся на месяц пазней. Выходзіць, калі маем даўгі, дык карыстаемся гэтай паслугай за чужыя грошы. Штрафаваць даўжнікоў такім чынам дазваляе Грамадзянскі кодэкс – адказнасць за невыкананне грашовага абавязацельства прапісана ў арт. 366…

Як ні дзіўна, самымі дысцыплінаванымі плацельшчыкамі за спажытыя паслугі з’яўляюцца пенсіянеры. І справа, мабыць, не толькі ў тым, што сумы ў іх плацёжках звычайна сціплыя, – адказныя і мудрыя, яны добра ведаюць, што плаціць па рахунках, раней ці пазней, незалежна ад памеру пенсіі ці заробку, усё роўна прыйдзецца. І найлепш рабіць гэта своечасова.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий