Паслядоўніцай традыцый ткацтва падвойных дываноў на Камянеччыне з’яўляецца Марыя Іванаўна Краўчынская. Таленавітая жанчына нарадзілася ў вёсцы Ляхаўцы Маларыцкага раёна. Маладой дзяўчынай выйшла замуж за працавітага хлопца з Падбелы, дзе жыве і сёння.
Марыя Іванаўна адной з першых на Камянеччыне пачала працаваць у напрамку адраджэння традыцыйнай культуры. Першы ў раёне і вобласці гурток падвойнага ткацтва адкрыўся ў 2000 годзе ў СДК в.Падбела, і кіравала ім Надзея Анатольеўна Грыцук з Пашукоў (цяпер народны майстар Рэспублікі Беларусь). Марыя Іванаўна ніяк не магла абмінуць увагай гэта аб’яднанне для аматараў ткацтва, бо даўно, яшчэ з дзіцячых гадоў, цікавілася ім, пераняла ад маці ўменне ткаць палатно, “перабіранкі” і “закладанкі”. У гуртку Марыя Іванаўна хутка навучылася ткаць падвойныя (двухасноўныя) дываны.
Ужо ў 2006 годзе падвойныя дываны, сатканыя рукамі Марыі Краўчынскай, побач з дыванамі яе настаўніцы, экспаніраваліся на II Нацыянальнай выставе народнага мастацтва “Жывыя крыніцы”. І атрымалі заслужаны Дыплом I ступені.
У Беларусі выраб традыцыйных двухасноўных (падвойных) дываноў, на жаль, ужо амаль знік, але на Камянеччыне гэта традыцыя захавалася дзякуючы такім майстрам, як Марыя Краўчынская, што пільна сочыць за захаваннем і развіццём гэтага лакальнага ўнікальнага беларускага рамяства, сапраўднага брэнда Камянецкага раёна.
Пастановай Савета Міністраў РБ ад 12.09.2011 г. №1214 традыцыйная тэхналогія двухасноўнага (падвойнага) ткацтва ў вёсцы Падбела Камянецкага раёна набыла статус і катэгорыю гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Тройчы калектыў Падбельскага СДК, які ўзначальвала Марыя Іванаўна, атрымліваў ганаровыя граматы аддзела культуры райвыканкама: у 2009-м – за актыўны ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх выставах народнай творчасці і распаўсюджванне двухасноўнага (падвойнага) ткацтва, у 2010-м – за захаванне і папулярызацыю традыцыйнай культуры і актыўную выставачную дзейнасць, у 2013-м – за правядзенне майстар-класаў.
Неад’емнай часткай работы калектыву сельскага Дома культуры былі экспедыцыі і даследаванні, пошук майстроў і ўмельцаў народнай творчасці, папаўненне этнаграфічнага пакоя.
Марыя Іванаўна – удзельніца шматлікіх выстаў, семінараў, майстар-класаў па ткацтве, фэстаў і святаў рознага ўзроўню: раённага агляду-конкурсу “Парад падвойных дываноў”; раённай выставы народнай творчасці “Цуды сваімі рукамі”; абласных фестываляў народнага мастацтва “Беларусь – мая песня” і рэгіянальнага фальклору “Галасы Палесся”, выставы работ майстроў народнай творчасці, прафесійных і самадзейных мастакоў “Край Берасцейскі – наша натхненне, гонар, любоў і краса” ў Мінску; абласнога і рэспубліканскага святаў “Дзень беларускага пісьменства” і “Дажынкі”…
Марыя Краўчынская – пераможца і прызёр абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У 2007-м узнагароджана Дыпломам I ступені абласнога свята-конкурсу ткацтва, вышыўкі і народнага касцюма “Узор дзівосны на палатне і кроснах”, у рэспубліканскім конкурсе “Лепшы беларускі сувенір”, які праходзіў у 2010 годзе пры падтрымцы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта РБ, заняла 1 месца.
Неаднаразова наш таленавіты майстар вярталася з узнагародамі з конкурсаў, што праходзілі ў суседняй Польшчы. У яе скарбонцы, напрыклад, шматлікія лісты падзякі: за ўклад у выставу “Вандроўкі па Палессі” (Студзіводы, 2009), за ўдзел у Ягілонскім кірмашы нацыянальных рамёстваў (Люблін, 2011) і IV конкурсе ткацкага мастацтва “Ткацтва ў даліне Буга і Кшны” (Бяла-Падляска, 2013).
Марыя Іванаўна – надзвычай творчы чалавек, што заўсёды знаходзіцца ў пошуку. Так, акрамя падвойных дываноў, яна тчэ рушнікі і сурвэткі, стварае абрадавыя лялькі, пляце з бісеру.
Сёння Марыя Краўчынская ўзначальвае Падбельскі сельскі клуб, кіруе гурткамі ткацтва і бісерапляцення. Займаецца стварэннем сувенірнай прадукцыі, вырабляе падвойныя дываны, камплекты сурвэтак, ручнікі. Работы майстрыхі адрозніваюцца самабытнай тэхнікай. У сваім рамястве жанчына абапіраецца на мясцовыя традыцыі, творча іх развівае, многія ўзоры стварае сама.
Традыцыя ткацтва на Камянеччыне бытуе і развіваецца дзякуючы вось такім натхнёным і ўлюбёным у сваю справу майстрам, якія лічаць за прафесійны гонар выткаць дыван, посцілку ці рушнік, каб людзі захапляліся, а традыцыя захоўвалася і развівалася, як каштоўны пласт нацыянальнай культуры.
Таццяна ТУРКОВА,
метадыст па народнай творчасці і фальклоры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Это может быть интересно:
-
В Каменецком районе продолжается череда субботников по благоустройству
-
Новый сезон Первой лиги «Нива» начнет домашним матчем с «Днепром»
-
ОГАИ КАМЕНЕЦКОГО РОВД ПРИВЕЛИ СТАТИСТИКУ ДТП В РАЙОНЕ
-
СПЕЦИАЛЬНОЕ ПРОФИЛАКТИЧЕСКОЕ МЕРОПРИЯТИЕ «ДОМ БЕЗ ПОЖАРА»: КАК ЭТО БЫЛО
-
Иваново готовится к национальному отбору «Славянского базара»