У апошнія гады клімат у нашых шыротах вельмі змяніўся. Смерчы, ліўні, ураганы, навальніцы сталі больш падобнымі на трапічныя. Штогод статыстыка ўсё часцей прыводзіць лічбы аб пажарах, выкліканых ударам маланкі, аб загінулых ці пацярпелых, хоць яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад гібель падчас навальніцы ў нашых краях была рэдкасцю.
Часцей за ўсё маланка паражае чалавека на адкрытых месцах, крыху радзей – у памяшканні і яшчэ радзей – у лесе пад дрэвамі. Як жа засцерагчыся падчас навальніцы ад небяспекі?
Навука ўсё ніяк не можа да канца разабрацца з прыродай маланкі. Нават маланкаадвод не гарантуе поўную абарону будынка ад непрыемнасцей. Ад прамых пападанняў маланкі ён абараняе, але ад так званых другасных праяў – не. Справа ў тым, што пры пападанні маланкі ў зямлю ці які-небудзь аб’ект у радыусе да 1500 метраў ад будынка існуе магчымасць перамяшчэння да яго электрычных разрадаў па розных камунікацыях, якія могуць праводзіць ток. Гэта выклікае рэзкае ўзрастанне напружання ў электрычных сетках, што прыводзіць да аварыйных сітуацый – ад выгарання мікрасхем у бытавых прыборах да поўнага выхаду са строю электраабсталявання.
Спецыялісты МНС рэкамендуюць падчас навальніцы адключаць у доме ўсе электрапрыборы і не карыстацца тэлефонам, не стаяць каля вокнаў і дзвярэй, не датыкацца да водаправодных кранаў. Прасачыце, каб у памяшканні не было скразняку, які можа прыцягнуць шаравую маланку. Печ ці камін лепш не паліць у гэты час, бо дым валодае высокай электраправоднасцю. Знаходзячыся на вуліцы, у паркавай зоне ці лесе, нельга хавацца пад высакарослымі дрэвамі. Лепш адысці ад іх метраў на 30-40. Асабліва прыцягваюць маланку таполі, дубы, сосны, елкі. Бярозы, клёны, арэшнік практычна не падвяргаюцца ўдарам маланкі. Небяспека ўзрастае, калі паблізу ёсць дрэвы, ў якія раней ужо трапляла маланка.
У горадзе пастарайцеся як мага хутчэй схавацца ў магазіне ці жылым доме. Яны маюць надзейную маланкаабарону. Калі такіх варыянтаў няма, трэба перачакаць навальніцу, прысеўшы на кукішкі пад невысокімі насаджэннямі. Сотавы тэлефон пры знаходжанні на вуліцы лепш адключыць.
Асобна трэба сказаць аб шаравой маланцы. Пры сустрэчы з ёй трэба захоўваць спакой і спыніць рух, бо паток паветра пацягне яе за вамі, а пры сутыкненні з чым-небудзь – выбухне.
Будзьце асцярожнымі, як толькі пачуеце першыя раскаты навальніцы.
* * *
Пажар у пушчы
У нядзелю, 9 чэрвеня, на пульт дзяжурнага райаддзела МНС паступіла паведамленне ад дыспетчара Пружанскага РАНС аб пажары ў Падбельскіх Агародніках. Па прыбыцці было ўстаноўлена, што адбываецца адкрытае гарэнне дома. У выніку пажару агнём пашкоджаны дах, сцены і маёмасць пакояў. Мяркуецца, што прычынай пажару стаў навальнічны разрад.
Генадзь КОХНЕНКА,
інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Это может быть интересно:
-
Прямые телефонные линии. Март
-
Каменецкий районный отдел внутренних дел стал лучшим в Брестской области
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
Подводим итоги года с Оксаной Высогроцкой
-
Директор Каменецкой детской школы искусств Николай Кравчинский о своей общественной деятельности