Чароўная казка Яршовых

IMG_40199 мая Ірына Яршова з Войскай святкавала свой дзень нараджэння. І побач з ёю былі самыя любімыя людзі – муж Юрый і пяцёра дзяцей. Гісторыя ўзнікнення гэтай вялікай сям’і ўражвае сваёй незвычайнасцю.

Упершыню 14-гадовая Іра і яе будучы муж, старэйшы на 8 гадоў, пазнаёміліся на ферме, дзе працавітая дзяўчынка падмяняла маці. Знаёмства тое не мела працягу, але Юру і Іры суджана было канчаткова “зрыфмавацца” пазней. У 2000 годзе яны пабраліся шлюбам, прычым для Юрыя ён быў другім. Першую яго жонку пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах да дачок Юлі (ад яе першага шлюбу) і Машы (агульнай з Юрыем Пятровічам). Машу пакінулі з бацькам, а Юля апынулася ў прытулку ў Пелішчы, адкуль пасля сямейнага савета Яршовы вырашылі забраць яе ў сям’ю.

Сёння старэйшыя дочкі жывуць асобна: Юля з мужам і двума дзецьмі – у Караліне, Маша – у Брэсце (вучыцца ў медыцынскім каледжы, пасля якога збіраецца паступаць у ВНУ). Але ўтульны  дом Яршовых, куды перабраліся з кватэры, гудзе, нібыта вулей. Сямікласніца Валя, пяцікласнік Ілья і другакласніца Поля не даюць засумаваць сваім бацькам. Ды і самім дзецям часу на гэта няма. Акрамя школы, яны захапляюцца мастацтвам і спортам.

Валя займаецца каратэ з трэнерам, што ездзіць у Войскую з Каменца, вучыцца іграць на фартэпіяна (яму ў зале Яршовых адведзена ганаровае месца) у дзіцячай школе мастацтваў у райцэнтры. “Валянціна ў нас дзяўчынка бойкая, – расказвае Юрый Пятровіч. – Сапраўдны военачальнік! Малодшых брата і сястру выхоўвае, у школе верхаводзіць.” Маці навучыла дачку свайму любімаму рукадзеллю – вышыўцы крыжыкам. Гэты занятак развівае цярплівасць, без якой ніяк не абысціся.

Заняткі каратэ ахвотна наведвае і адзіны сын Яршовых – Ілья. Ён разважлівы хлопчык з мяккім характарам, трымаецца часцей пры бацьку, дапамагае, пераймае вопыт IMG_4039(Юрый Пятровіч працуе механізатарам у ААТ “Агра-Зарэчча”, Ірына Сяргееўна – вартаўніком у садзе). Хлопчык іграе на гітары, якую ўбачыла пры ўваходзе ў гасцінны дом Яршовых. “З малых гадоў марыць стаць архітэктарам, – характарызуе сына матуля. – Васьмігадовым, памятаю, змайстраваў выдатную кармушку для куранят… Даўно просіць узяць з прытулку браціка. Магчыма, так і зробім калісьці…”

Малодшая дачушка – Паліна – татава улюбёнка. У 2004-м ён сам удзельнічаў у яе з’яўленні на свет, якое адбылося ў машыне па дарозе ў бальніцу, недалёка ад Мікалаева. Поля, як і Валя, асвойвае фартэпіяна, займаецца спевамі, танцуе, любіць рашаць задачкі на логіку, а ў школе сябруе з матэматыкай. “Яна ў нас на дзіва камунікабельная, куды б ні пайшла, паўсюль свая, – не без гонару зазначае Юрый Пятровіч. – Зусім не баіцца сцэны і марыць удзельнічаць у праекце “Я спяваю!” Паратунку няма ад яе бясконцых: “Адвязіце мяне туды!” Мы з жонкаю параіліся і вырашылі даць малой год на падрыхтоўку, а там паспытаем шчасця.”

Яршовы трымаюцца думкі, што дзеці павінны быць пастаянна нечым заняты. Ірына Сяргееўна ахвотна возіць дзяўчынак на заняткі ў райцэнтр – абы толькі хацелі яны развіваць свае таленты.

Разам з тым, работы хапае і па гаспадарцы. Ёсць агарод, цялушка, парасяты, куры, два каты і два сабакі. “У вялікай сям’і трэба шмат працаваць,” – зазначае маці і дзяцей да гэтай думкі прывучвае. Дома Валя, Поля і Ілья таксама першыя памочнікі. На халадзільніку ў кухні прымацаваны графік “дзяжурстваў”, а па суботах ладзіцца сумесная генеральная ўборка.

Зімовымі вечарамі ў сям’і чытаюць уголас кнігі, гуляюць у шахматы і нарды. На Новы год дзеці традыцыйна рыхтуюць для бацькоў святочны канцэрт з самаробнымі касцюмамі. Улетку, калі жніво ў гаспадарцы завяршаецца, Яршовы выбіраюцца ў Брэст, на атракцыёны. Дні нараджэння сямейнікаў таксама адзначаюць цікава і весела, дзеці рыхтуюць сюрпрызы. Аднойчы яны падарылі тату самаробную насценгазету. Не абыходзіцца за святочным сталом і без пачастункаў. Больш за ўсё Яршовы любяць стравы казахскай кухні (Юрый Пятровіч пераехаў у Беларусь з Казахстана ў 1993 годзе, а яго жонка з Украіны – у 1986-м). Па спадчыне ад свекрыві Ірыне Сяргееўне перайшлі казан і мантніца. Без іх не прыгатуеш сапраўдныя манты, лагман і штрулі…

IMG_4040Дружна жыве вялікая сям’я. Гэта зазначае і сястра Ірыны Сяргееўны:

– Іра дзяцей дабрынёй выхоўвае. Калі ні зойдзеш, тут заўсёды весела, шумна, усе шчабечуць, нібыта і няма ніякіх праблем.

Праблемы ў вялікай сям’і, як і ў любой іншай, безумоўна, з’яўляюцца. Але рашаць іх лягчэй, бо дапамагае падтрымка родных.

– Вельмі люблю сваіх дзяцей! – усміхаецца Ірына Сяргееўна. – Шчыра ўдзячна мужу, бо ён – сапраўдны мужчына, і працавіты, і добры, і шкодных звычак не мае, і заўсёды на дапамогу прыйдзе.

Усім бы такія лад і згода ў сям’і! Нібыта ў казцы… Прозвішча, відаць, абавязвае.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий