Чалавек прыйшоў у выканкам, або Як не заблукаць у службовых калідорах

Прыём наведвальніPC103719каў – бадай, адна з самых неад’емных частак работы прадстаўніка ўлады любога рангу. Пытанняў у насельніцтва, асабліва ў наш час, узнікае нямала. Кожны імкнецца вырашаць іх па-свойму. Але найчасцей людзі стукаюцца ў дзверы райвыканкама, раённага або мясцовага Савета дэпутатаў. Якія ж праблемы больш за ўсё хвалююць сёння? Ці ва ўсіх выпадках знаходзіцца станоўчае рашэнне? Пра гэта і іншае – гутарка з загадчыцай сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Вікторыяй Пацяйчук.

– Вікторыя Анатольеўна, пачнем, з таго, як увогуле наладжаны прыём наведвальнікаў у райвыканкаме?

– Зварот грамадзян па асабістых пытаннях асабліва важны, бо звярнуцца да ўлады прымушаюць праблемы, з якімі грамадзяне самі не могуць справіцца. Кіраўнікі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і ўпаўнаважаныя імі службовыя асобы праводзяць асабісты прыём. Старшыня райвыканкама вядзе прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у другую і чацвёртую сераду месяца з 8.00 да 14.00. Папярэдні запіс на прыём ажыццяўляецца ў рабочыя дні па тэлефоне 2-12-43.

У будынку райвыканкама размешчана інфармацыя аб часе і месцы асабістага прыёму кіраўніцтвам райвыканкама, старшынёй раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў райвыканкама. Азнаёміцца з такой інфармацыяй можна і на інтэрнэт-старонцы Камянецкага райвыканкама афіцыйнага сайта Брэсцкага аблвыканкама ў раздзеле “Звароты грамадзян”. Устаноўлены графікі работы службовых асоб, якія забяспечваюць прыём грамадзян. Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароне спецыялісты вядуць прыём штодзённа з 8.00 да 17.00 – для зручнасці грамадзян. У суботнія дні арганізаваны прыёмы ў землеўпарадкавальнай службе, аддзелах жыллёва-камунальнай гаспадаркі і запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГСе).

Па пытаннях наконт адміністрацыйных працэдур у райвыканкаме прымае спецыяліст службы “Адно акно”. Гэтая служба – у холе будынка райвыканкама, тут можна атрымаць кансультацыю, падаць заяву і дакументы па зацверджаным пераліку адміністрацыйных працэдур.

– А Вам, прыкладна, колькі чалавек за дзень даводзіцца прымаць?

– Штодзённа ў наш сектар паступаюць 3-4 вусныя звароты. Кожнаму грамадзяніну даецца кансультацыя па хвалюючаму пытанню з тлумачэннем, у якую службу для вырашэння праблемы яму неабходна звярнуцца. Імкнуся кожнаму наведвальніку ўдзяліць як мага больш увагі.

– Што ж найбольш хвалюе цяпер жыхароў раёна? З якімі праблемамі звяртаюцца яны найчасцей да старшыні райвыканкама, яго намеснікаў?

– Пытанні самыя розныя. Аднак выдзеліла бы надзённыя. Аналіз тэматыкі зваротаў, якія паступілі на асабістым прыёме да кіраўніцтва райвыканкама, паказаў, што жыхароў раёна ў асноўным хвалююць пытанні камунальнай гаспадаркі. Найбольш характэрныя ў ЖКГ – рамонт дахаў жылых дамоў, ацяпленне, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, рамонт дарог, якія знаходзяцца на абслугоўванні Камянецкай ЖКГ.

У сувязі з тым, што ў раёне актыўна вядзецца будаўніцтва індывідуальнага жылля, значную частку зваротаў склалі пытанні будаўніцтва і землекарыстання. Тэматыка пытанняў сацыяльнага забеспячэння – аказанне матэрыяльнай дапамогі, налічэнне пенсій і дапамог. Заўважу, што колькасць і тэматыка зваротаў залежаць таксама і ад сезона года: у зімовы перыяд найбольш іх паступае па ачыстцы дарог, асвятленні, а ўлетку – па рамонце жылля, будаўніцтве, рэканструкцыі дарог.

– Ці не бывае такіх выпадкаў, калі, напрыклад, прыходзіць чалавек, расказвае пра сваю бяду, Вы выслухоўваеце яго – і крыўдна становіцца? За сваіх калег, што працуюць у сельскіх выканаўчых камітэтах. Праблема, аказваецца, магла б быць вырашана на месцы…

– Сапраўды, ёсць факты зваротаў грамадзян у райвыканкам, пытанні якіх маглі б быць вырашаны на месцы. У такіх выпадках на пасяджэннях райвыканкама пры аналізе работы са зваротамі фізічных асоб агучваюцца выяўленыя недапрацоўкі на месцах, даюцца даручэнні і прымаюцца адпаведныя рашэнні. Але, паверце, работа ў сельскіх выканаўчых камітэтах ніколі не была спакойнай. Кожны дзень мясцоваму кіраўніку даводзіцца вырашаць шмат пытанняў. Работнікі мясцовых органаў улады бліжэй да людзей, ведаюць іх надзённыя праблемы. Не ўсе, вядома, можна рашыць самастойна, неабходна цеснае ўзаемадзеянне з кіраўніцтвам сельгасарганізацый, са службамі камунальнай гаспадаркі, з дарожнікамі. А калі вырашаюцца праблемныя пытанні на мясцовым узроўні, тады і скарачаецца паток зваротаў па дапамогу з прычыны і без яе ў больш высокія інстанцыі.

– І ўсё ж да любой заявы, да кожнага звароту даводзіцца адносіцца з усёй адказнасцю, што патрабуе нямала і фізічных, і душэўных сіл…

– Безумоўна. І на кожнага работніка выканкама, раённага Савета ўскладаецца асаблівая адказнасць. У адпаведнасці з патрабаваннем артыкула 9 Закона РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, да заяўнікаў патрабуецца забяспечыць ўважлівыя, добразычлівыя адносіны, не дапускаць фармалізму, бюракратызму, валакіты, нетактычных паводзін. Уменне выслухаць і своечасова разгледзець кожную заяву або скаргу, вызначыць сутнасць пытання, прыняць канкрэтныя меры па абароне законных інтарэсаў грамадзян – вось асноўныя складаемыя пры рабоце са зваротамі.

– У якія яшчэ праблемы даводзіцца ўнікаць?

– Усе і назваць цяжка. Разглядам зваротаў у райвыканкаме займаюцца спецыялісты структурных падраздзяленняў па накірунках дзейнасці. Пры падрыхтоўцы грамадзянам праектаў адказаў разам з выканаўцамі ўнікаем у дэталі. Кожны адказ, перш чым накіраваць яго на подпіс кіраўніцтву райвыканкама, уважліва вывучаецца і пры неабходнасці карэкціруецца.

– Раскажыце, як правільна трэба звярнуцца да прадстаўніка органа ўлады, каб, напрыклад, аформіць свой зварот? Калі зварот можа быць не разгледжаны?

– Звароты падаюцца заяўнікамі ў пісьмовай або электроннай форме, а таксама тлумачацца вусна. Пісьмовы зварот павінен утрымліваць: назву, адрас арганізацыі або пасаду асобы, каму накіроўваецца, уласныя прозвішча, ініцыялы грамадзяніна, адрас месца жыхарства або работы, сутнасць звароту і асабісты подпіс грамадзяніна або грамадзян. Павінен быць напісаны на рускай або беларускай мовах, добра чытацца, не дапускаецца ўжыванне нецэнзурных або зневажальных выразаў. Важна, каб у зваротах утрымлівалася інфармацыя пра вынікі іх папярэдняга разгляду з прыкладаннем (пры наяўнасці) дакументаў, што пацвярджаюць гэтую інфармацыю. Падача заяў і прапаноў тэрмінам не абмяжоўваецца. А вось скаргі могуць быць пададзены заяўнікам на працягу трох гадоў з дня, калі ён даведаўся або павінен быў даведацца пра парушэнні сваіх правоў і законных інтарэсаў.

Пісьмовыя звароты могуць быць пакінуты без разгляду па сутнасці, калі яны не адпавядаюць пералічаным вышэй патрабаванням, утрымліваюць пытанні, вырашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі арганізацыі, прапушчаны без уважлівай прычыны тэрмін падачы скаргі і г.д. Рашэнне пакінуць зварот без разгляду па сутнасці прымае кіраўнік арганізацыі або ўпаўнаважаная ім службовая асоба.

– Ці прадугледжаны ў рабоце райвыканкама электронныя звароты грамадзян? Калі ёсць, дык як на іх адказваюць?

– Так, райвыканкам працуе з такой формай зваротаў, і грамадзянін можа напісаць электроннае пісьмо ў любы дзяржаўны орган з пытаннем, якое яго цікавіць. На інтэрнэт-старонцы райвыканкама па адрасе: http://kamenec.brest-region.by створаны раздзел “Электронны зварот”, у якім прапаноўваецца запоўніць пэўную форму і накіраваць зварот. Калі заяўнік выканаў указанае патрабаванне, – зварот належыць разгляду. Адказ рыхтуецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца, рэгіструецца і сканіруецца, затым накіроўваецца на электронны адрас заяўніка. Калі апошні просіць даць адказ у пісьмовай форме на ўказаны ім паштовы адрас, просьба задавальняецца.

– Вашы пажаданні для тых, хто ідзе на прыём.

– Захоўваць прынцып першачарговага звароту: спачатку звяртацца ў тую арганізацыю, якая адказная за разгляд зваротаў па сутнасці ў канкрэтных сферах жыццядзейнасці. Напрыклад, трэба адрамантаваць дах жылога дома, які абслугоўвае ЖКГ, – звяртайцеся ў жылкамунгас. На асабісты прыём да кіраўніцтва райвыканкама трэба папярэдне запісвацца, сабраць неабходныя дакументы, вельмі важна перадаць сутнасць сваёй праблемы, быць арганізаваным. Варта помніць, што ў Законе РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” замацаваны не толькі абавязкі дзяржаўных устаноў, але і абавязкі асоб, якія накіроўваюць звароты ў гэтыя ўстановы.

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

 

З пачатку 2012 года ў райвыканкаме разгледжана 328 зваротаў грамадзян, з іх 40 – знаходзяцца на кантролі. Гэта такія пытанні, як выкананне плана мерапрыемстваў па зніжэнні неспрыяльнага ўздзеяння фактараў вытворчага асяроддзя ТАА “Рыёна. бу” на жылую забудову, рамонт будынка Высокаўскай сярэдняй школы (замена аконных блокаў), капітальны рамонт памяшканняў для размяшчэння фельчарска-акушэрскага пункта ў Каленкавічах, падвядзенне транспартных і інжынерных камунікацый да раёнаў індывідуальных жылых забудоў, газіфікацыя Камянюкаў, а таксама шэрах іншых пытанняў.

Сёлета былі завершаны работы па ўзвядзенні будынкаў Вярховіцкай амбулаторыі, пабудаваны новы 16-кватэрны жылы дом для перасялення жыльцоў дома № 33 па вул.Савецкай у Вярховічах, выкананы работы па капітальным рамонце будынкаў дзіцячага сада №1 і сярэдняй школы №2 г.Каменец.

Усяго станоўча вырашана 14,8 % зваротаў.

Добавить комментарий