Чаго не хапае “Высокаму”?

1346463305_06У мінулую нядзелю былі згуляны першыя матчы трэцяга тура чэмпіянату раёна па футболе.

Найбольш цікавы вынік зафіксаваны паміж “Высокім” і “Без праблем”. Вядома, большасць аматараў скуранога мяча, якія яшчэ не ведаюць, з якім лікам скончыўся матч паміж гэтымі камандамі, скажа, што па-любому перамаглі высакаўчане. А вось тут якраз і крыецца няўвязачка. “Высокае” добра пачало сустрэчу і к перапынку, дзякуючы двум трапным ударам Андрэя Каралюка, дабілася, здавалася б, камфортнай перавагі. Але ўсё перавярнулася ў другім тайме. Андрэй Кучко і Віталій Беларусаў спачатку робяць лік нічыйным. А стрэл Уладзіміра Супрунюка з дальняй дыстанцыі прыносіць “безпраблемаўцам” першыя ачкі ў чэмпіянаце. “Высокае” ж, на дзіва, размясцілася на дне турнірнай табліцы: тры матчы – тры паражэнні. І чаго ім не хапае?

У Белавежскім мясцовая каманда прымала чэмпіёна мінулых трох сезонаў “Ніву” (Доўбізна) і саступіла. Лік у матчы адкрылі гаспадары: Віктар Герасімік скарыстаўся памылкай абаронцы. Мог Віктар забіваць і яшчэ двойчы, але рэалізаваць свае моманты не змог. “Ніваўцы” ж аднавілі статус-кво яшчэ да перапынку: вызначыўся Сяргей Васілюк. А ў самай канцоўцы матча перамогу даўбізнянцам прынёс Павел Шаўчук. Вікторыя магла быць і больш упэўненай, але добра на апошнім рубяжы дзейнічаў кіпер белавежцаў Аляксандр Пушко, які не раз ратаваў каманду. Нагадаю, што ў мінулым чэмпіянаце “Ніва” так і не змагла перайграць белавежцаў: у абодвух матчах была зафіксавана нічыя (1:1 – дома і 2:2 – у гасцях).

“Ставы”, пасля перамогі ў першым туры над “Высокім”, другі тур прапускалі. І вось 23 чэрвеня да іх у госці завітаў лідар чэмпіянату, “Камянецкая Пушча” з Дзмітровічаў, якая на старце ўпэўнена разабралася з тым жа “Высокім” і “Аграпрадуктам”. Разлічвалі “пушчанцы” атрымаць тры ачкі і ў Ставах. Не атрымалася. І калі ў гульні мінулага тура пры татальным нешанцаванні каманду ўсё ж выратаваў Андрэй Асташэня, то ў Ставах нічога не атрымалася і ў яго. Лік у сустрэчы напрыканцы першага тайма адкрылі гаспадары. Наканечнікам атакі выступіў Станіслаў Ляўко. Пачатак другога і – 2:0. І зноў бамбардырскі рахунак папаўняе Станіслаў Ляўко. А ўжо ў дабаўлены час Максім Жыгала ўстанаўлівае канчатковы лік. І цяпер з’яўленне “Ставаў” у шасцёрцы лепшых не з’яўляецца такой ужо і прывіднай падзеяй. Пытанне толькі адно. Каго, калі прагнозы ўсё ж апраўдаюцца, выціснуць з абоймы другога круга футбалісты “Ставаў”? Пакуль прэтэндэнтам нумар адзін бачыцца “Высокае”…

У апошнім матчы тура, які прайшоў 26 чэрвеня, “Аграпрадукт” на сваім полі перайграў “Доўбізна”. У другім тайме перамогу “алейнікам” прынеслі Ілья Сыч і Андрэй Пархуціч.

ВЫНІКІ: “Белавежскі” – “Ніва” – 1:2, “Аграпрадукт” – “Доўбізна” – 2:0, “Высокае” – “Без праблем” – 2:3, “Ставы” – “Камянецкая Пушча” – 3:0.

 

* * *

У межах чэмпіянату Брэсцкай вобласці прайшлі чарговыя матчы. 22 чэрвеня “Ніва” ў гасцях гуляла з “Маларытай”. Нічыя – 1:1. На другой дабаўленай хвіліне трапны ўдар Аляксея Кубіка выратаваў “ніваўцаў” ад паражэння. У гэты ж дзень “Усход” сустракаўся з “Юнацтвам” (Драгічанскі раён) і змог атрымаць перамогу 2:1. А 23 чэрвеня “Аграпрадукт” буйна саступіў “Пружанам” – 1:5.

4 thoughts on “Чаго не хапае “Высокаму”?

Добавить комментарий