Ці гатовы да сяўбы?

jhfdfsАгульныя планы

У 2013 годзе перад сельгасарганізацыямі раёна пастаўлена задача атрымаць 153 тыс. тон зерня, 129 тыс. тон цукровых буракоў, 24,4 тыс. тон бульбы, 11,8 тыс. тон алейнага зерня рапсу, 1,7 тыс. тон агародніны і нарыхтаваць 107,9 тыс. тон кармавых адзінак травяных кармоў.

Хто што зрабіў…

З восені мінулага года ўжо выкананы некаторы комплекс работ. Пад ураджай 2013 года азімыя зерневыя пасеяны на плошчы 22,2 тыс. гектараў, у т. л. на зерне – 20 тыс. гектараў, што на 800 гектараў больш узроўню мінулага года.

Пад азімыя ўнесена 121 тыс. тон арганічных угнаенняў, ці 120% да плана (142% да ўзроўню мінулага года) і 4,7 тыс. тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, ці 93% да запатрабаванасці (140% да 2012-га).

На кожны гектар азімай сяўбы ўнесена па 4,6 тоны арганікі.

… а хто – не?

Аднак некаторыя гаспадаркі не забяспечылі ўнясенне мінеральных і арганічных угнаенняў у патрэбных аб’ёмах. У ААТ “Усход-Каменец” пад азімую сяўбу 2013 года знізілі аб’ёмы мінеральных угнаенняў да ўзроўню мінулага года на 20%. У “Агра-Зарэччы” іх унесена толькі 64% да запатрабаванага, “Новым шляху” і “Агра-Турне” – па 74%, “Агра-Пелішчы” – 75%, “Макараве-Агра” – 76%, “Каленкавічах” – 78%.

У “Стаўскім”, “Усходзе-Каменец” і “Макараве-Агра” не ўнесена ніводнай тоны арганічных угнаенняў пад зябліва.

Праведзена асенняя хімпраполка азімых зерневых культур на зерне на плошчы 14,7 тыс. гектараў, ці 74% ад пасеянага. Дрэнна правялі гэту работу ў “Каленкавічах”, дзе з восені не праполата 60% пасеваў, “Агра-Пелішчы” і “Усходзе-Каменцы” – па 30.

Што пасеялі?

Сяўба азімага рапсу праведзена на плошчы 4,5 тыс. гектараў, у т. л. на алейнае насенне – 4,4 тыс. гектараў, што адпавядае ўзроўню мінулага года. Хімічная праполка яго праведзена з восені на ўсёй плошчы.

Згодна з асеннімі даследаваннямі, пасевы азімых культур пайшлі ў зімоўку ў добрым стане. Гэта паказвае і лютаўскі адбор маналітаў. У летне-асенні перыяд мінулага года гербіцыды, якія ўтрымліваюць гліфасат, унесены на плошчы 13 тыс. гектараў, ці 108% да плана.

У раёне сфарміравана аптымальная структура палявых культур з мэтай выканання дзяржаўных праграм, паставак прадукцыі ў кошт дзяржаўных патрэб і забеспячэння жывёлагадоўлі кармамі. У выніку сяўбу яравых давядзецца правесці на плошчы 30,1 тыс. гектараў, у т. л. зерневых і зернебабовых – на 14,1 тыс. гектараў.

Што плануецца пасеяць?

Для выканання задання Дзяржаўнай праграмы па пасадцы бульбы ў раёне будуць задзейнічаны фермерскія гаспадаркі, якія штогод апрацоўваюць да 300 гектараў бульбяных палеткаў. Самымі буйнатаварнымі з іх з’яўляюцца “Млыноўскае”, дзе сёлета плануецца пад бульбу 70 гектараў плошчаў, “РОМагра” – 60, “Ляшчук” – 50, “АграПрадАльянс”, “Піліпчук А.М.”, “Грыбны альянс” – па 20.

Для выканання валавага збору зерневых апрацоўваць кукурузу на зерне плануецца на 4,2 тыс. гектараў. Зернебабовыя культуры ў зерневай групе зоймуць 2,1 тыс. гектараў, ці 7%.

Ужо нарыхтавана 608 тыс. тон арганічных угнаенняў, ці 91% да плана (100% да 2012-га). Вывезена арганікі на палі 537 тыс. тон, ці 88% да нарыхтаванай. Каля 250-і тыс. тон арганікі ўжо ўнесена пад яравую сяўбу гэтага года.

Нездавальняюча вядзецца вывазка арганічных угнаенняў у ААТ “Агра-Пелішча”, “Каленка­вічы”, “Макарава-Агра”. У пералічаных гаспадарках вывезена менш за 60% арганікі ад нарыхтаванай.

Мінеральныя ўгнаенні

Пад вясеннюю сяўбу і раннія падкормкі (з улікам астаткаў на 1 студзеня) трэба накапіць і ўнесці 18,5 тыс. тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, у т. л. азотных – 8 тыс. тон, фосфарных – 2,8 тыс. тон, калійных – 7,7 тыс. тон. Мінеральных угнаенняў ужо нарыхтавана 7,4 тыс. тон дзеючага рэчыва, або 40% да запатрабаванага, у т. л. азотнага – 2,9 тыс. тон (36%), фосфарнага – 1 тыс. тон (35%), калійнага – 3,5 тыс. тон (46%). Агульная запатрабаванасць мінеральных угнаенняў – на суму 77,4 млрд. рублёў, у т. л. азотных – 44,3 млрд., фосфарных – 26,8 млрд., калійных – 6,3 млрд.

Чакаемае накапленне мінеральных угнаенняў за кошт астаткаў і квотаў пад яравую сяўбу і раннія падкормкі з айчынных хімічных заводаў – 16,6 тыс. тон дзеючага рэчыва (89% да запатрабаванага), у т. л. азотных – 5,5 тыс. тон (69%), фосфарных – 1,8 тыс. тон (62%), калійных – 9,2 тыс. тон (121%).

Для поўнай забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі неабходна дадаткова “знайсці” 37,2 млрд. рублёў, з іх 21,6 млрд. рублёў – на азотныя ўгнаенні і 15,6 млрд. – на фосфарныя. Закупка мінеральных угнаенняў, якіх не хапае, чакаецца праз “Брэстаблаграсэрвіс” за кошт крэдытаў банкаў і ўласных сродкаў гаспадарак.

Колькі насення?

Для вясенняй сяўбы сельгасарганізацыі раёна забяспечаны насеннем зерневых і зернебабовых у поўным аб’ёме (2,5 тыс. тон). Зараз вядзецца сортаабнаўленне і сортазмена, для чаго заключаны дагаворы з элітгаспадаркамі вобласці на закупку 250-і тон элітнага насення, у насенняводчых гаспадарках раёна – 200 тон насення 1-й рэпрадукцыі (ужо рэалізавана 94 тоны). Сяўбу яравых зерневых і зернебабовых чакаецца правесці насеннем не ніжэй як 2-й рэпрадукцыі.

Засыпана 2,6 тыс. тон насенкі бульбы (100% да запатрабаванага). Акрамя таго, плануецца купіць у элітгаспадарках вобласці 100 тон эліты. Пастаянна вядзецца кантроль за захаваннем бульбы.

У гаспадарках раёна ёсць 50 тон насення шматгадовых траў (100%), у т. л. бабовых – 20 тон. Ужо даведзена да пасяўных кандыцый 38 тон насення траў (76%). Дрэнна вядзецца падрыхтоўка насення шматгадовых траў у “Макараве-Агра”, “Каленкавічах”, “Новым шляху”, “Хадасах”.

Насенне цукровых буракоў бу­дзе пастаўляцца ў гаспадаркі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, кукурузы паступова завозіцца праз ТАА “Брэст-травы” з Івацэвіцкага кукурузакалібравальнага завода. Набыццё сродкаў аховы раслін – праз “Брэстаблаграсэрвіс”. Ужо заключаны дагаворы.

Сяргей МУРЫН,

начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Добавить комментарий