Цяпло для маленькага сэрца

20 снежня ў госці да выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў межах Рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” завіталі госці з самымі цёплымі пажаданнямі і падарункамі.

Першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук, старшыня Камянецкага райвыканкама Віталій Кулак, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Жанна Аўдзей, дырэктар КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ”, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Павел Заграй, ваенны камісар Камянецкага раёна, падпалкоўнік Дзмітрый Змееў, часова выконваючы абавязкі начальніка Камянецкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Валерый Тарасевіч і спецыяліст па кадрах Вольга Парафянюк сталі гледачамі і ўдзельнікамі казачнага ранішніка, арганізаванага для дзяцей.
Яго героі – Заяц, Воўк, Ліса, Мядзведзь, Снегавік, Дзед Мароз і Снягурка – разыгралі для хлопчыкаў і дзяўчынак цэлы спектакль, у ходзе якога былі і танцы, і конкурсы, і многа-многа добрага настрою. А карагод вакол навагодняй ёлачкі, што загарэлася ў вызначаны ёй час рознакаляровымі агнямі, быў вялікі і вясёлы. Дзеці, іх выхавальнікі і бацькі ахвотна кружыліся ў танцы, бо кожны з нас у пераднавагодні час вяртаецца да веры ў цуды.

Дарэчы, за ёлку-прыгажуню супрацоўнікі цэнтра шчыра ўдзячны Камянецкаму лясніцтву, а асабіста – майстру Аляксандру Шахоўскаму. І калючая прыгажуня стала, вядома ж, не адзіным падарункам у той дзень. Госці павіншавалі дзяцей з надыходзячымі чароўнымі зімовымі святамі, перадалі ім салодкія падарункі і фрукты, а самому цэнтру – два сертыфікаты (на набыццё ламінатара і кухоннага стала).

Свята было інклюзіўным, у ім прымалі ўдзел дзеці з СШ №1.
Ранішнік пакінуў пасля сябе толькі станоўчыя эмоцыі, а галоўнае ў чарговы раз паказаў, як важна дарыць цяпло тым, хто побач. Асабліва – дзецям.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.