Цукровая тэма

Мабыць, тэма цукровых буракоў зараз самая распаўсюджаная: хутка зіма, а з палеткаў яшчэ не ўсе караняплоды ўбраны і вывезены на заводы. Пужае тое, што сіноптыкі не абяцаюць добрага надвор’я на бліжэйшы час. Уяўна адчуваецца набліжэнне халадоў. Дажджы, якія ідуць кожны дзень, таксама не паляпшаюць сітуацыю. Яны не даюць працаваць на поўную магутнасць ні камбайнам, ні аўтамабілям. Але, як гаворыцца, “у природы нет плохой погоды”. Як ідуць справы на цукровых палетках у СВК “Агра-Ніва”?

Тут салодкія караняплоды былі пасеяны на 400 гектарах (з 350-і ўжо выкапалі), убіраць іх пачалі 1 верасня. У гэтым годзе ў “Агра-Ніве” буракі вырошчвалі з насення нямецкай селекцыі, усяго 10 гібрыдаў. Самым добрым аказаўся гатунак “Ала”. Штодзень на поле выязджаюць каля 13 адзінак сельгастэхнікі, 10 з якіх – аўтамабілі, што адвозяць сёлетні ўраджай на Жабінкаўскі цукровы завод і на буракапрыёмны пункт у Высока-Літоўск. Чатыры гады назад гаспадарка набыла нямецкі камбайн “Kleinе”, які зараз убірае буракі.

Сёлетняя ўраджайнасць складае 520 ц/га, і гэта на 16 вышэй, чым у мінулым годзе. Але ўсё можа змяніцца, прычым ў станоўчы бок, бо невядома, які ўраджай на наступным участку. Напрыклад, было сёлета і такое, што на двух участках ураджайнасць дасягала 707 ц/га і 714 ц/га, а гэта вельмі высокія паказчыкі. Думаю, многія са мной згодзяцца, бо не ўсе могуць пахваліцца такімі лічбамі. Цукрыстасць буракоў сёння – 16,3% (базісная – 16%).

Кожны дзень, у залежнасці ад надвор’я, прыёму на заводах і наяўнасці тэхнікі, з бураковых палёў аўтамабілі вывозяць каля 300 тон караняплодаў. Усяго ўжо вывезена больш за 17 тысяч. Яшчэ плануецца, што каля трох тысяч таксама трапяць на перапрацоўку.

Як зазначыў галоўны аграном гаспадаркі Віталій Гарчук, работы ў полі яшчэ нямала, але плануецца ўбраць салодкія караняплоды ўжо ў бліжэйшыя дні.

У гаспадарцы добра наладжана харчаванне тых, хто, нягледзячы на надвор’е, шчыруе ў полі. У “Агра-Ніве” да гэтага пытання адносяцца з адказнасцю, бо ад повараў напрамую залежыць, як будуць працаваць работнікі з самага ранку да позняга вечара. Таму гарачыя абеды тут заўсёды даспадобы ўсім.

Хоць тэхніка і вязне ў гразі, але ж кожны, хто сёння шчыруе на цукровым полі, стараецца з усіх сіл, каб як мага хутчэй скончыць уборку.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий