Хто пад крылом у спецыяліста па кадрах?

IMG_6747Работа з людзьмі цікавая і складаная адначасова. Займаючыся ёй, спецыяліст мае справу з самай супярэчлівай і таямнічай “сістэмай” – чалавекам. Як мы, захварэўшы, без ваганняў аддаём сваё здароўе ў рукі медперсаналу Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы, так і яе супрацоўнікі давяраюць свае трывогі старшаму спецыялісту па кадрах установы аховы здароўя Таццяне Абламскай.

Летась яна адзначала 30-годдзе работы на гэтай пасадзе і сёння працягвае з цеплынёй успамінаць, як шчыра віншавалі калегі, як поўнілася радасцю сэрцы. Таццяна Сяргееўна нарадзілася ў Любашках, скончыла Столінскія сельскагаспадарчы тэхнікум і дзяржаўны аграрнаэканамічны каледж, атрымаўшы дзве спецыяльнасці: бухгалтар і юрыст. Да 1984 года працавала па першай з іх у саўгасе “Белавежскі”.

– Якой работай заняты Ваш дзень?

– У мяне перад вачамі праходзіць лёс кожнага супрацоўніка нашай бальніцы. Як на далоні. Спярша прымаю яго на працу. Калі гаварыць больш дакладна, мне даручана адбіраць сярэдні медперсанал, што і робім разам з галоўнай медсястрой, а ўрачамі займаецца непасрэдна галоўны ўрач.

– Потым сочыце за імі на працягу ўсяго часу работы?

– Не сачу, а назіраю, падтрымліваю, дапамагаю. На кожнага ў нас заведзена асабістая справа, ёсць асобныя карткі для кожнага, у мяне захоўваюцца працоўныя кніжкі. Акрамя таго, займаюся пераводамі, падрыхтоўкай да атэстацыі. Даводзіцца і звальняць…

– Увогуле, як з медыцынскімі кадрамі ў нашым раёне?

– Штат слесараў, бухгалтараў, іншых работнікаў, не звязаных напрамую з медыцынай, укамплектаваны на ўсе сто працэнтаў. Дастаткова санітарак, а вось медсясцёр мала.

– Пад Вашым крылом таксама і маладыя спецыялісты?

– Гэта праўда. Радуюць паказчыкі па іх замацоўванні ў раёне. Прычына тут, безумоўна, у тым, што ўсіх, хто застаецца, забяспечваем жыллём. Дапамагае ў гэтым райвыканкам, за кошт фонду камерцыйнага жылля. Добра, што замацоўваюцца сямейныя пары.

– Калі Вы – старшы інспектар, павінны быць і малодшыя…

– Са мной працуюць яшчэ двое спецыялістаў. Адзін інспектар – у Высокаўскай гарадской бальніцы, другі “вядзе” раённыя ўстановы аховы здароўя.

– Любіце сваю работу?

– Вельмі!

– Бярэце ўдзел і ў грамадскім жыцці бальніцы?

– Узначальваю тут пярвічку Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, з’яўляюся казначэем пярвічнай арганізацыі прафсаюза “Камянецкай ЦРБ” Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя.

– Удзельнічаеце ў мастацкай самадзейнасці?

– Спяваю. У нас у бальніцы ёсць нават свій міні-гурток па вакале. Цяпер, напрыклад, рыхтуем канцэрт да свайго прафесійнага свята, які пакажам са сцэны мясцовага Дома культуры.

– Як бавіце вольны час?

– З любімымі сынамі. Іх у мяне два: старэйшы працуе ў галіне будаўніцтва, другі – інжынер-энергетык. Люблю гатаваць для іх нешта смачненькае. Увогуле, прымаць гасцей – любімы мой занятак. Працую ў агародзе, ахвотна вырошчваю кветкі, асабліва – ружы.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий