Хочу быть с тобой

Доўгімі зімовымі вечарамі тата вучыў Соню іграць на гітары. За акном сыпаўся бясконцы снег, а яны сядзелі побач, аб’яднаныя адной непадробнай любоўю да музыкі. Скончыўшы чарговы ўрок, тата асцярожна браў у дачкі інструмент і пачынаў расказваць – успамінаць сваё юнацтва. Соня, затаіўшы дыханне, назірала за тым, як лёгка татавы пальцы перабіраюць струны, і голас яго здаваўся ёй песняй, словы якой мякка клаліся на незнаёмую мелодыю, відаць, прыдуманую татам на хаду.
“Я навучыўся іграць недзе ў 16, дзякуючы ўрокам старэйшага брата. Пасля мы з хлопцамі, Віктарам і Алегам з нашай вёскі, стварылі свой ансамбль, які назвалі “Імпульс”. Выступалі звычайна на танцах, а песні бралі з рэпертуара “Машыны часу”. Памятаю, збіраліся ў Віктара, які адзіны з нас меў бабінны магнітафон, садзіліся ля яго з блакнотам, слухалі і запісвалі патрэбны тэкст, націскаючы “паўзу” пасля кожнага радка. Добры голас з нас траіх меў толькі Алег, а на нашы з Віцькам вушы наступіў, відаць, адзін і той жа дужа старанны мядзведзь. Аднак, нягледзячы на гэта, з усяго нашага ансамбля тваёй будучай маме спадабаўся чамусьці я.”
Кожны раз, згадваючы пра гэта, бацька і дачка заўсёды змаўкалі і сінхронна пераводзілі позіркі на фатаграфію прыгожай жанчыны ў рамцы за шклом. Соня ніколі не бачыла сваю маму… У таты адразу ж рабіліся вільготнымі вочы, і дзяўчынка хутка пыталася: “А праўду бабуля кажа, што ты мне калыханкі пад гітару спяваў?” Бацька рэзка ўзнімаў галаву, і вясёлыя чарцяняты імгненна праганялі слёзы з сініх, як мора, вачэй. У Соні адразу адлягала ад сэрца.
Пастаянныя заняткі далі свой плён, і аднойчы вясною тата прапанаваў дачцэ паўдзельнічаць у конкурсе гітарыстаў. Вялікая зала гарадскога Дома культуры ледзь-ледзь змяшчала ўсіх аматараў музыкі. Соні было страшна… Яна пракручвала ў галаве словы песні, якую выбрала разам з татам, і некалькі разоў падумала нават аб тым, што яшчэ можна збегчы. Рабіць гэтага было нельга, яна ведала, бо тата пакрыўдзіцца. А потым адбылося тое, што прымусіла Соню забыць пра свой страх. Са сцэны загучаў праніклівы, глыбокі, як вір, голас. Яна падняла вочы на спевака, сустрэла яго позірк і зразумела, што ўсё скончана. «Я хочу быть с тобой, и я буду с тобой,» – спяваў незнаёмец. «Ты ўкраў мае думкі,» – «сказала» яна вачамі. «Гэта мае думкі,» – вачамі «адказаў» ён. Соня не памятала, хто перамог у тым конкурсе, бо для яе адзіным пераможцам быў ён – Косця (яго нават клікалі, як тату!).
З таго дня яны не разлучаліся ні на імгненне. Тата адразу прыняў свайго цёзку, і адразу пасля вяселля яны пачалі жыць утраіх. Цяпер вечарамі ў доме гучалі ўжо дзве гітары, але яны не спрачаліся, не сапернічалі, а сябравалі. Калі Сонечцы-малодшай споўнілася 5 гадоў, здарылася нечаканае. У той дзень на абедзвюх гітарах лопнула па струне, а пад вечар пазванілі з бальніцы. «Тата, – Соня выпусціла з рук халодную трубку, – тата, Косцік трапіў у аварыю.»
Пакінуўшы малую ў бабулі, яны паехалі ў бальніцу. Суткі ў калідоры з белымі сценамі, медсёстры, якія паўтараюць бясконцае «чакайце», першая істэрыка і незадаволены голас: «Доўга, кажаце? А чаго вы хацелі? Яго ж з частак збіраюць», першая страта прытомнасці… Надзея з’явілася апоўначы. Стомлены доктар ласкава ўсміхнуўся.
Пацягнуліся тыдні рэабілітацыі. Косцік пачаў гаварыць і першыя яго словы спужалі Соню: «Помніш, якую песню я спяваў тады на конкурсе? Гэта, відаць, пра нас…» Яна спярша не зразумела, а пасля ўсплыў на паверхню памяці жорсткі радок «старый врач мне сказал, что тебя больше нет..» Няма…
Соня выбегла з палаты.
Ён слабеў дзень ад дня, а потым папрасіў прынесці свечку з царквы. Яна скаланулася, купіла дэкаратыўную, блакітную з бліскаўкамі, і запаліла яе на тумбачцы. Косцік глядзеў колькі хвілін на трапяткі агеньчык, а потым сказаў: “Я памру, калі яна дагарыць. Ты пабудзеш са мной?”– “Так…”
Яна заплакала толькі тады, калі ён заснуў. Свечкі засталося зусім мала. Соня кінула нервовы позірк на гадзіннік: 17.45. Яшчэ ёсць час да таго, як зачыніцца крама, дзе прадаюцца такія свечкі. Ціха, як цень, яна выслізнула з палаты, на хаду апранаючы паліто, выскачыла ў халодны студзеньскі вечар і па прыцемках кінулася бегчы. Сэрца бразнулася вобзем, калі Соня ўбачыла прадаўшчыцу, што зачыняла дзверы. “Прашу вас! Прашу! – яна абедзвюма рукамі ўчапілася ў рукаў жанчыны. – Мне патрэбна свечка!”
Прадаўшчыца яшчэ доўга глядзела ўслед заплаканай жанчыне, што бегла ў бок бальніцы, трымаючы блакітную свечку ў руках так, нібыта ад яе залежала нечае жыццё. Прадаўшчыца не ведала, што так і было…
Ціхенька Соня праслізнула ў палату і ледзь не заплакала ад палёгкі, калі ўбачыла, што Косцік усё яшчэ спіць. Свечку, якая ўжо згасла, яна замяніла новай. У імгненне, калі знік агеньчык запальнічкі, Косця прачнуўся. І першы яго позірк упаў на свечку, а другі, шчаслівы, слізнуў на жонку. “Яна не згарэла!” – “Не.” Слёзы напружання хлынулі з яе вачэй…
Праз два месяцы яны вярнуліся дадому разам. Дзядулю і ўнучку знайшлі ў зале: ён найграваў на гітары з новай струной да болю знаёмую мелодыю, а яна ціха спявала: «Я хочу быть с тобой…» Соня і Косцік адначасова паглядзелі на сваю дачку, а яна сустрэла іх позірк сур’ёзнымі, сінімі, як мора, вачыма, і працягнула: «…и я буду с тобой».

Настасся НАРЭЙКА

Добавить комментарий