Хорошая погода в доме Шатоловичей

Дзень сям’і. Усе людзі па-рознаму адносяцца да гэтага тэрміна. Для адных сям’я – гэта знаходжанне заўсёды побач, незалежна ад штампа ў пашпарце, для другіх абавязковым з’яўляецца вянчанне ў царкве ці касцёле. А я, напрыклад, лічу, што сям’я – гэта штамп у пашпарце, вянчанне ў храме і, галоўнае і першачарговае, сапраўднае каханне паміж мужам і жонкай і шчаслівы смех дваіх-траіх дзяцей. Менавіта ў такую сям’ю і адправілася напярэдадні свята.
Жывуць Шаталовічы ў вёсцы Доўбізна ўжо не адзін год. Галава сямейства – Уладзімір Паўлавіч – працуе ў мясцовым СВК “Агра-Ніва” шафёрам, а гаспадыня – Надзея Мікалаеўна – бухгалтарам (праўда, зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем да трох гадоў). А гісторыя іх сям’і пачыналася так…
У 1990 годзе маладая дзяўчына Надзея прыехала ў калгас імя Дзяржынскага пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі (нархоза). Як сама зазначыла, выбар Камянецкага раёна быў самастойным, бо ён знаходзіцца бліжэй за ўсё да роднага Жабінкаўскага. На жаль, а можа, і на шчасце, у ім, ды і ў суседнім, Кобрынскім, спецыялісты такога профілю не патрабаваліся. Такім чынам камянецкая зямля стала лёсам…
У той час, пакуль маладая дзяўчына ўладкоўвалася на новым рабочым, а, галоўнае, першым, месцы, яе будучы муж служыў у арміі. Сам Уладзімір Паўлавіч з вёскі Дварэц, таму, калі праз год вярнуўся з тэрміновай службы, то быў нярэдкім госцем у Доўбізне, тым больш, што і на працу прыйшоў у мясцовы калгас. Тут і запрыкмеціў зграбную маладую і прыгожую дзяўчыну. Два гады яны пільна прыглядаліся адзін да аднаго, а потым вырашылі, што падыходзяць ужо і да сямейнага жыцця. Першы час пасля вяселля жылі ў свекрыві, а калі захацелася крыху самастойнасці, перайшлі ў асобны дом у Хлевішчах. А далей быў зноў Дварэц, дзе і нарадзілася ў 1995 годзе дачушка Анюта. У 1997-м сям’я нарэшце атрымала калгасны дом у Доўбізне, дзе жыве і цяпер. Ужо ў ім у 1999 годзе нарадзілася другая дачка – Наташа. А ў 2009-м на свет з’явіўся сыночак Павел, які прынёс з сабой новае шчасце для ўжо шматдзетнай сям’і… Цяпер Аня – вучаніца адзінаццатага класа Брэсцкага дзяржаўнага абласнога агульнаадукацыйнага ліцэя імя П.Машэрава, куды трапіла пасля 9-і гадоў выдатнай вучобы ў Вярховіцкай сярэдняй школе. У гэтай школе у 6-м класе вучыцца і малодшая Наташа, якая таксама радуе бацькоў толькі добрымі адзнакамі па вучэбных прадметах. А Паўлуша рыхтуецца ў ліпені пайсці ў мясцовы дзіцячы садок, пакуль жа “дапамагае” любімай матулі па гаспадарцы, а яна ў іх не такая ўжо і малая: свінні, куры, кот…
Вось такая сям’я жыве ў Доўбізне, дзе і бацькі – працавітыя людзі, і старэйшыя дзеці – добрыя вучаніцы, ды яшчэ і актыўныя ўдзельніцы мясцовай самадзейнасці. Няхай жа ў гэтай сям’і заўсёды пануе лад і добрае надвор’е ў доме.

Наталля ГРЫЦУК.
На здымку: дзеткі – бацькоўскія
кветкі ў сям’і Шаталовічаў

Добавить комментарий