“Хачу ў сям’ю, хоць на лета…”

kgbХтосьці з мудрых сказаў: любіць усё чалавецтва агулам намнога больш проста, чым даць цеплыню і ўвагу канкрэтнаму чалавеку. Гэта ж датычыць і дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзяржаўных установах. Магчыма, ёсць жадаючыя ўзяць у сваю сям’ю на лета з казённага дома дзіця, якое апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Аб тым, як адбываецца перадача дзіцяці на выхоўванне ў сям’ю, – у гутарцы з загадчыцай сектара па ахове правоў дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Вольгай ПАРАФЯНЮК.

– Сапраўды, дзеля фарміравання станоўчага вопыту жыцця ў сям’і, падтрымкі сваяцкіх сувязяў, стварэння ўмоў для самастойнага жыцця і сацыяльнай адаптацыі дзеці перадаюцца на патранатнае выхоўванне.

І адбываецца гэта на падставе дагавора, які заключаецца кіраўніком установы з патранатным выхавальнікам, калі ёсць заключэнне ўпраўлення (аддзела) адукацыі раённага, гарадскога выканкама аб наяўнасці ўмоў, неабходных для выхавання дзяцей. Па такое заключэнне кандыдат у патранатныя выхавальнікі павінен звярнуцца ва ўпраўленне (аддзел) адукацыі і асабіста прад’явіць дакумент, што пацвярджае асобу.

– А якія абавязкі спецыялістаў аддзела адукацыі?

– На працягу пяці дзён з часу падачы заявы яны робяць запыты ў адпаведныя органы: аб адсутнасці судзімасці ў кандыдата ў патранатныя выхавальнікі і сумесна з ім пражываючых грамадзян, аб тым, ці не былі яны пазбаўлены бацькоўскіх правоў, ці не былі прызнаны недзеяздольнымі або абмежавана здольнымі, і іншыя. Акрамя таго, на працягу 15-і дзён пасля звароту кандыдата ў патранатныя выхавальнікі праводзіцца ацэнка яго жыллёва-бытавых умоў, яго гатоўнасці да ўдзелу ў выхаванні дзіцяці.

– Такім чынам, усе гэтыя справы зоймуць 15 дзён?

– Так, не пазней за гэты тэрмін заключэнне павінна быць зацверджана кіраўніком аддзела адукацыі і выдадзена кандыдату ў патранатныя выхавальнікі. Копіі заключэння, даведак і дакументаў захоўваюцца ў аддзеле адукацыі.

– Як можа быць улічана жаданне ці нежаданне дзіцяці перайсці ў патранатную сям’ю?

– Перадача яго на патранатнае выхоўванне адбываецца з улікам жадання дзіцяці, выказанага даступным для яго спосабам. А дзіця, якому 10 год і больш, можа быць перададзена ў патранатную сям’ю толькі з яго згоды.

– А калі некалькі асоб жадаюць прыняць на выхаванне адно і тое ж дзіця?

– Перавага аддаецца яго сваякам пры ўмове абавязковага ўліку інтарэсаў дзіцяці. Калі ж кандыдаты ў патранатныя выхавальнікі не знаходзяцца ў сваяцкіх адносінах з дзіцем, перавагу маюць тыя, хто жыве ў раёне (горадзе), на тэрыторыі якога знаходзіцца ўстанова. Як выключэнне – выпадкі, калі перадача дзіцяці на патранатнае выхаванне за межы раёна (горада) адпавядае яго інтарэсам.

– Куды трэба звярнуцца жадаючым узяць непаўналетняе дзіця на выхаванне?

– У аддзел адукацыі райвыканкама, сектар па ахове правоў дзяцінства, па адрасе: Каменец, вуліца Брэсцкая, 28, кабінет 4; тэлефон 2-36-14. Дадам, што дагавор патранатнага выхавання паміж кіраўніком установы і патранатным выхавальнікам заключаецца на тэрмін да 1 года на падставе заявы кандыдата ў патранатныя выхавальнікі.

Падрыхтавала

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий