Фермы: за кредиты и собственные средства

З мэтай укаранення сучасных тэхналогій у малочнай галіне, забеспячэння вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 480 ад 14 верасня 2010 года пачалі выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва новых малочнатаварных фермаў. Акрамя гэтага, кіраўнік краіны даручыў аграрыям за кошт уласных сродкаў праводзіць рэканструкцыю існуючых фермаў. На якім этапе гэтая работа ў раёне? Да вашай увагі – гутарка з галоўным спецыялістам па будаўніцтве ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Паўлам Фіголем.
– Павел Уладзіміравіч, калі і дзе ў раёне пачалі ўзводзіць новыя малочнатаварныя фермы?
– Будаўніцтва іх распачата ў мінулым годзе. Раёну было выдзелена 24 мільярды рублёў крэдытных сродкаў пад паўтара працэнта гадавых. Усе грошы асвоены на ўзвядзенні фермаў у «Каленкавічах», «Агра-Турне», «Александрыі-Агра» і «Хадасах». Работы яшчэ не завершаны, таму фінансаванне будаўніцтва працягваецца і сёлета. Атрымалі 56, 8 мільярда рублёў крэдыту пад сем з паловай працэнта гадавых.
– Якія тэрміны ўводу ў эксплуатацыю новых жывёлагадоўчых аб’ектаў?
– Гатоўнасць двух з іх, у Хадасах і Турне, аднолькавая – 45%, асвоена капітальных укладанняў 11,5 мільярда і 12,6 мільярда рублёў адпаведна. На будаўніцтве фермы ў Пясках выканана 60 % аб’ёму работ, выкарыстана 7,7 мільярда рублёў. У Каленкавічах работы выкананы на 80%, асвоена 14 мільярдаў рублёў. Запланаваныя тэрміны ўводу ў эксплуатацыю новых малочнатаварных фермаў прыпадаюць на канец бягучага года: у «Каленкавічах» і «Александрыі-Агра» – у кастрычніку, у «Агра-Турне» – у лістападзе і ў «Хадасах» – у снежні.
– Як будзе весціся ўкамплектаванне фермаў пагалоўем?
– Дзве фермы – у Турне і Хадасах – разлічаны на 765 галоў жывёлы, у Каленкавічах – на 700 і ў Пясках – на 620 галоў. Для ўкамплектавання матачным пагалоўем гэтых аб’ектаў увогуле плануецца перавесці з іншых фермаў 1166 кароў, а таксама ўвесці – 1164 цялушкі ўласнай гадоўлі. А на ферму ў Турне неабходна яшчэ будзе купіць 80 цялушак з іншых гаспадарак.
– А як выконваецца ў нашым раёне даручэнне Прэзідэнта па рэканструкцыі малочнатаварных фермаў за кошт уласных сродкаў гаспадарак?
– Гэтую работу вядуць усе сельгасарганізацыі раёна, акрамя «Каленкавічаў». У «Александрыі-Агра», «Белавежскім», «Відамлянскім» і «Стаўскім» выраблена праектна-каштарысная дакументацыя і праводзіцца рэканструкцыя фермаў з будаўніцтвам малочных блокаў, цэхаў сухастою, радзільных аддзяленняў. У астатніх гаспадарках вядзецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй малочнатаварных фермаў. Як падмога выдзелены льготны крэдыт, які ў цяперашні час асвоены на 92%. Прыемна адзначыць, што бязвыплатную дапамогу на рамонтныя работы сваім гаспадаркам-пастаўшчыкам – «Макараву-Агра», «Агра-Зарэччу» і «Стаўскаму» – аказала сумеснае адкрытае акцыянернае таварыства «Белавежскія сыры». У цэлым па раёне рэканструкцыя малочнатаварных фермаў вядзецца ў адпаведнасці з графікам, што дасць магчымасць ажыццявіць увод ўсіх аб’ектаў у вызначаныя тэрміны.

Гутарыла
Валянціна Бачай

Добавить комментарий