Птушыная калекцыя ў двары Галіны і Васіля Качаноўскіх у Воўчыне прырастала паступова: індыкі, цацаркі, індакачкі, усё яшчэ нязвыклыя для нас перапёлкі, помесныя брамы, куры-галашэі…
Усё пра ўсіх гадаванцаў ведае і 12-гадовая дачка гаспадароў Даша. Юная гаспадыня з задавальненнем даглядае іх, знае рацыёны і звычкі птушак. Абыходзіцца з інкубатарамі, калі бацькоў няма дома, таксама ўмее. Маюць ужо некалькі “квактух”, што выводзяць птушанят з дапамогай электрычнасці. І перавагу Качаноўскія аддаюць інкубатарам з ручным паваротам яек – прыйшлі да высновы, што так больш надзейна.
Даша з задавальненнем расказвае пра цацарак, якія бываюць розных расфарбовак, ды падкупляюць не толькі прыгажосцю, але і тым, што яйкі больш карысныя, чым ад звычайных курэй. Ды і мяса лічыцца каштоўным дыетычным прадуктам. Да таго ж цацаркі не маюць звычкі разграбаць глебу, любяць сілкавацца травою і насеннем траў, могуць дапамагчы ў знішчэнні каларадскіх жукоў на бульбяным участку. Яны вельмі прывязаны да свайго падворка – заўсёды вернуцца дадому. А вось пры з’яўленні чужога чалавека пачынаюць выдаваць гукі, падобныя на трашчотку…
Клеткі вышынёй 20 см, з паддонам, – больш чым кампактныя, гэта і ёсць жытло адамашненых перапёлак, патомкаў палявых пералётных птушак сямейства фазанавых. У складзеных у батарэі клетках на плошчы 0,5 метра можна ўтрымліваць да 100 перапёлак. Яны небезгалосыя, гэтыя невялічкія птушкі з завостранымі крыламі і кароткім хвастом. Перапёлчын крык (крычаць самцы) не зблытаеш ні з якім іншым птушыным голасам. У год нясуць больш за 300 яек, якія лічацца асабліва карыснымі. Многія, пэўна, хацелі б паспытаць сябе ў справе перапелаводства, аднак, як удакладняе Васіль Качаноўскі, ёсць стрымліваючая акалічнасць: зімой ім патрабуецца ў памяшканні тэмпература 18 – 20 градусаў плюс дадатковае асвятленне. Што датычыць кармлення, дык у рацыёне – любое зерне, добра ядуць вараную бульбу, адходы са стала. Пры добрым доглядзе, падзялілася назіраннямі Дар’я, перапёлка можа знесці ў дзень і два яйкі, нездарма яе адносяць да самых яйцаноскіх птушак. Гаспадары не прамінуць згадаць і пра тое, што перапёлчын памёт – выдатнае ўгнаенне без паразітаў.
Нядаўна ў Качаноўскіх вывеліся першыя папугаі, прычым без удзелу інкубатара. Галіна марыць развесці курэй-араўканаў, якія нясуць зялёныя яйкі і якімі падзяліўся ўжо з ёю такі ж птушкавод-аматар; з часам з’явяцца тут надзвычай прыгожыя кітайскія пуховыя; а таксама куры з цяжказапамінальнай назвай – дамінант-сусекс, якія лічацца самымі яйцаноскімі; і карлікавыя бентамкі, што маюць рэпутацыю адмысловых наседак…
А летась упрыгажэннем птушынага “кветніка” Качаноўскіх сталі паўліны. Яны і сустрэлі нас нязвыклым гартанным вітаннем, ледзь толькі ступілі ў двор. Сярод ягадных кустоў не так проста заўважыць гэтую птушку, і толькі яркі раскошны хвост-веер дыяметрам да 1 метра выдае яе. Калі больш дакладна, – яго, бо доўгія веерападобныя хвасты толькі ў самцоў (як даведаліся, хвост у паўліна вырастае на трэці год). Любавацца імі можна бясконца, усё яшчэ не верачы вачам, што гэтая паўднёваазіяцкая птушка добра пачуваецца і ў нашых шыротах. Мяне, вядома, цікавіла: а дзе ж такая прыгажосць зімуе? Адказам было: “Яны баяцца толькі скразняку і сырасці, у нас зімуюць у неабаграваемай цяпліцы, выходзяць на прагулкі. Калі ж ім стварыць цяплічныя ўмовы, не будзе нарастаць сезонны падпушак, і паўліны, наадварот, будуць пакутаваць ад холаду.”
Гэтых гордых грацыёзных птушак, што жывуць да 20-і гадоў, набываюць у дэкаратыўных мэтах. Часам пасяляюць у прыгожым вальеры, але часцей яны свабодна разгульваюць па ўчастку, як і ў Воўчыне, у Качаноўскіх. На волі ловяць насякомых і жаб, а ўвогуле іх рацыён сходны з кармленнем курэй, індыкаў, праўда, патрабуюць больш бялковага корму, ядуць цёртыя караняплоды, любяць гарбузы. А інкубацыйны перыяд яек, якіх бывае 5 – 15 штук ад адной самкі, – 28 дзён. У дзікай прыродзе паўліны на ноч уладкоўваюцца на высокіх дрэвах, і “тутэйшыя” здольныя лёгка пераадолець плот. Таму вельмі важна – паразуменне з суседзямі. Але своеасаблівай платай за суседства з “паўлінавай” сядзібай з’яўляецца магчымасць любавацца птушкай, якая штодня – сама ўрачыстасць. Суцэльны пазітыў, як свята. Зразумець бы яшчэ, чаму багата прыбраны паўлін час ад часу так дзіўна крычыць у нейкай салодкай стоме…
На птушыным падвор’і, як у калейдаскопе. Амаль круглы год ёсць магчымасць з дапамогай інкубатараў амалоджваць і разнастаіць “калекцыю”. Ёю любуюцца і госці-турысты, якія прыязджаюць у Воўчын і не абмінаюць аграсядзібу Качаноўскіх “Воўчынскі ключ”.
Галіна НОВІК.
Фота Наталлі ГРЫЦУК.
Это может быть интересно:
-
Фоторепортаж. В Каменце прошло мероприятие «Наш животновод»
-
В Каменецком районе продолжается череда субботников по благоустройству
-
ОГАИ КАМЕНЕЦКОГО РОВД ПРИВЕЛИ СТАТИСТИКУ ДТП В РАЙОНЕ
-
Пенсионерке из Каменецкого района в телеграм посредством видеосвязи позвонил”сотрудник ДФР”
-
Акция «Поздравь боевую подругу» проходит на Каменетчине