У пісьме было: “Ой, мама, як цяжка ваяваць!”

Воіна-інтэнацыяналіста Васіля Ігнацюка, безумоўна, добра ведаюць на Камянеччыне: і ў маленькай вёсачцы Шышова, дзе ён нарадзіўся ў 1961-м; і ў Навіцкавічах, дзе скончыў 8 класаў школы; і ў Высокім, дзе атрымаў прафесію механізатара ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы №21 (сёння – аграрны каледж); і ў Каменцы, дзе штогод 15 лютага ладзяцца памятныя мерапрыемствы…

А яшчэ імя Васіля Рыгоравіча запісана – побач з яшчэ 770-ю – на сцяне капліцы на Востраве Слёз у Мінску. Гэты мемарыял, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, маці нашага земляка Лідзія Канстанцінаўна Ігнацюк бачыла на свае вочы, знайшла сына ў доўгім спісе тых, хто загінуў, і з упэўненасцю гаворыць: “Калі мяне сёння завезці туды, я адразу пакажу…”

У сакавіку сёлета маёй суразмоўніцы споўніцца 87. “Не думала, што яшчэ столькі буду жыць, – гаворыць яна. – 42 гады пасля смерці сына. Цяжка хаваць дзяцей… Вось і муж мой, інвалід 2 групы, памёр праз кароткі час пасля Васі. Сэрца не вытрымала. Застаўся Барыс. Ён наш малодшы”.

Вяртаемся ва ўспамінах у далёкі 1980-ы…

Тады Васіль Ігнацюк працаваў механізатарам калгаса “Бальшавік” (сёння – ААТ “Відамлянскае”) і, атрымаўшы павестку ў армію, праходзіў службу ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе, а ў верасні 1981-га накіраваны ў Афганістан… Як вадзіцель у складзе калоны неаднаразова дастаўляў боепрыпасы, ваенную маёмасць і прадукты харчавання.

28 снежня 1981 года наш зямляк нёс патрульную службу ля савецкага пасольства ў Кабуле. На яго машыну тады напалі душманы, і гэты бой стаў для Васіля апошнім…

– Такі вясёлы быў хлопец, чарнявы, харошы, спраўненькі! – са слязамі ў голасе характарызуе сына Лідзія Канстанцінаўна. – Многа таварышаў меў. Пісаў мне з арміі: “Ой, мама, як цяжка ваяваць!” Я тыя лісты потым папаліла ўсе. Нашто, каб яны каля мяне былі? Я ж чытала іх і плакала! Не хочу, не хочу, ныц не хочу!

“Хуткая дапамога” доўга дзяжурыла ля хаты

Страшная вестка аб смерці сына падзяліла жыццё сям’і Ігнацюкоў на час ДА і час ПАСЛЯ. У той дзень мая суразмоўніца прыйшла, як звычайна, з работы на ферме, прылегла адпачыць і праз акно ўбачыла, як скіраваліся да яе хаты людзі з канторы, а з імі – фельчар з ФАПа.

– Спужалася я: што такое? Здаецца ж, нічога не крала… А яны зайшлі, ходзяць, ходзяць па хаце і маўчаць. Потым спыталі, як жывём, пацікавіліся здароўем маім ды мужа. Ён тады ў суседнім пакоі ляжаў. Адчуваю: здарылася нешта. Спытала прама – яны і сказалі: забілі вашага сына ў Афганістане, сёння прывязуць. Заплакала я, закрычала… Іх 60 чалавек тады забілі, сабралі і везлі самалётам. Помню, маразы стаялі. Назбіралася людзей у хату. А я ўсё думала: можа, то няпраўда, можа, памылка? Спадзявалася, ды дарма. Прывезлі ў цынкавай труне. Не давядзі Божа, такое ўбачыць! Да паловы ў ёй было шкло, і я ўбачыла сына. Харошы такі, у ваеннай форме. І лоб ніткамі зашыты – у галаву яго паранілі. “Хуткая дапамога” доўга тады ля хаты дзяжурыла. І ахова з ваенных стаяла. Маці мая хацела труну адкрыць, ды салдаты не дазволілі…

Яны таксама “мае сыночкі”

Лідзія Канстанцінаўна паказвае фатаграфіі Васіля на сценах. Захоўваюцца ў яе і 7 яго медалёў.

– Калі хацелі малодшага нашага сына Барыса, яму 56-ы год цяпер ідзе, забраць у армію, я не дазволіла. Хадзіла ў ваенкамат, плакала, прасіла. У мяне ж муж хворы, а соткі садзіць трэба. Хто ж дапаможа? Так і не забралі.

Сёння Барыс Ігнацюк жыве ў Навіцкавічах, працуе на ферме ў “Відамлянскім” і часта наведвае маці разам з жонкай-настаўніцай. Лідзія Канстанцінаўна заўсёды можа патэлефанаваць ім, калі што-небудзь патрэбна.

– А я ж сама і ў печы сама прапалю, і есці звару: картоплі ці супу якога. Аўталаўка пад самую хату прыязджае. Што яшчэ трэба? Прапаноўвалі мне сацыяльнага работніка, ды сама абыходжуся. З гаспадаркі ў мяне адзін кот, а некалі і каровы былі. Вясной невялікі агародчык зраблю.

Не забываюць пра бабулю і дарослыя ўнукі – іх трое. Падрастаюць праўнучкі Юлечка і Алеська. Як святкавала Лідзія Ігнацюк сваё 85-годдзе, уся вялікая сям’я сабралася за адным сталом.

А з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў завітваюць да маёй суразмоўніцы госці і з райвыканкама, і з сельсавета, са школы, ад цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прыязджаюць і іншыя афганцы…

– Я іх “мае сыночкі” называю, Вася ж мой з імі быў, разам ваявалі. Пазабіралі тады, паклалі столькі людзей! – бядуе Лідзія Канстанцінаўна.

Дарэчы, кожныя выхадныя мая суразмоўніца стараецца хадзіць у мясцовую царкву. Некалькі гадоў таму, як рабілі ў ёй рамонт, яна дапамагала прыбіраць разам з іншымі жанчынамі і атрымала за тое падзяку ад архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана. Яна акуратна прымацаваная да сцяны, недалёка ад фатаграфіі, з якой глядзіць Васіль. Такі малады…

Настасся НАРЭЙКА.